20.09.2018
20.09.2018

Кулінарны майстар-клас для здароўя вачэй (+відэа)

logo
Навiны
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Незвычайны кулінарны майстар-клас прайшоў у Мінску ў падтрымку сацыяльнай інфармацыйнай кампаніі «Я бачу ўсё, таму што харчуюся правільна!». Урач-афтальмолаг, дыетолаг і прафесійны кулінар распавялі, як клапаціцца пра здароўе вачэй з дапамогай правільна падабранага рацыёну, падзяліліся сакрэтамі прыгатавання простых і пры гэтым карысных для зроку страў.

У кулінарнай студыі Le Gourmet удзельнікі майстар-класа надзелі фартухі і спрабавалі свае сілы ў прыгатаванні страў пад кіраўніцтвам шэф-повара Аляксея Радзько. Усе прадукты – даступныя і недарагія, іх можа набыць любая гаспадыня. Пры гэтым карысныя: скумбрыя, морква, спаржавая фасоля, гарбуз, тварог і інш. Вынікам сталі смачныя рыбныя рулецікі і тварожна-гарбузовая запяканка з ляснымі арэхамі. Усе прадукты былі выбраны не выпадкова. Кожны з іх уносіць сваю лепту ў падтрыманне здароўя вачэй. Пра гэта распавялі выкладчык школы здаровага харчавання і ўрач-тэрапеўт Анастасія Уласевіч і урач-афтальмолаг Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, вядучы афтальмолаг праекта «Я бачу!» Хрысціна Белянічава.

Кампанія па прафілактыцы парушэнняў зроку ў дзяцей праводзіцца пад эгідай дабрачыннага праекта «Я бачу». Сёлета ён рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй velcom пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя.

 
Юлія Капцэвіч
Каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду
«Я бачу!» – гэта значны медыцынскі праект нашай арганізацыі. Яго важны складнік – інфармацыйная праца па прафілактыцы парушэнняў зроку. Важна разумець і дарослым, і дзецям, што некаторыя захворванні органаў зроку можна папярэдзіць, выконваючы нескладаныя правілы харчавання і робячы рэгулярна зарадку для вачэй. Мы спадзяемся, што праект «Я бачу!» яшчэ раз зверне ўвагу дарослых на клопат пра здароўе дзяцей у цэлым.
 
Мікалай Брэдзелеў
Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom
Ужо трэці год запар праект «Я бачу!» арганізуе працу мабільных афтальмалагічных брыгад у сельскіх школах розных рэгіёнаў Беларусі - Магілёўскай, Гомельскай, а зараз і Брэсцкай. За гэты час больш за 30 тысяч дзяцей атрымалі неабходную, але не заўсёды даступную ім дапамогу кваліфікаваных урачоў-афтальмолагаў, а да канца гэтага года іх стане яшчэ больш. Новая сацыяльная інфармацыйная кампанія дазваляе пашырыць праект на жыхароў гарадоў і засяроджвае ўвагу на прадухіленні парушэнняў зроку - з дапамогай як гульнявой зарадкі, так і правільна арганізаванага харчавання.
 
Хрысціна Белянічава
Урач-афтальмолаг Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, вядучы афтальмолаг праекта «Я бачу!»
У пытанні захавання добрага зроку харчаванне іграе далёка не апошнюю ролю. Незбалансаваны рацыён, недастатковае спажыванне гародніны, зеляніны, садавіны, любоў да нездаровых перакусаў здольныя прывесці да многіх праблем – ад паніжанага тонусу вочнай мышцы і сіндрому сухога вока да парушэнняў у абменных працэсах сятчаткі і іншых не менш сур'ёзных наступстваў. Меню, якое мы распрацавалі для гэтага майстар-класа, складаецца з карысных для зроку прадуктаў. Прычым прыгатаваць іх дзеці могуць разам з бацькамі або нават самастойна – і праз такія нескладаныя дзеянні выхаваць усвядомленае стаўленне да клопату пра зрок і правільнае харчаванне ў цэлым.

З 2016 года праект «Я бачу!» ахапіў тры рэгіёны Беларусі – Магілёўскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці. Амаль 31 тысяча дзяцей атрымалі дыягнастычную дапамогу. За 2,5 гады рэалізацыі праекту ў 32,73% школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку. Больш чым палову гэтых выпадкаў – 54,38% – парушэнні, якія атрымалася дыягнаставаць упершыню менавіта дзякуючы абследаванню афтальмолагамі мабільных брыгад.

У 2018 годзе на першым этапе праекта «Я бачу!» выязныя брыгады афтальмолагаў абследавалі 5 835 навучэнцаў 66 сярэдніх школ Брэсцкай вобласці – у Маларыцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах. У 2373 дзяцей былі выяўлены паталогіі зроку, 665 дзецям патрабавалася карэкцыя акулярамі, 16 школьнікаў былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

Відэа – Генадзь Сукач.

З верасня мабільныя афтальмалагічныя брыгады пачалі сваю працу ў Жабінкаўскім раёне пасля летняга перапынку. Далей эстафету прыняў Пружанскі раён – у ім агляды пройдуць па 28 верасня. А з 1 кастрычніка брыгады ўрачоў-афтальмолагаў працягнуць выезды у сельскія школы Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.