Беларусь і Татарстан доўгі час маюць сяброўскія адносіны ў розных напрамках дзяржаўнасці. Дзякуючы такому стаўленню, у краін існуе шмат агульных праектаў, якія карыстаюцца поспехам.
Так, 25 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося адкрыццё выстаўкі «Жывая нітка традыцый», прысвечаная Татарстану.
Экспазіцыя з'яўляецца сапраўдным культурным паглыбленнем у свет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Татарстана. Гэта выдатная магчымасць акунуцца ў атмасферу татарскай культуры і атрымаць асалоду ад унікальных твораў мастацтва.
Аснову праекта складаюць вырабы сучасных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх узоры скураной мазаікі, ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, мастацкай керамікі, а таксама ювелірныя вырабы. Цэнтральны ж экспанат выстаўкі — вышытая карта Татарстана, якая ўпершыню экспануецца за межамі Расіі. Над гэтай картай працавалі 200 майстрых з усіх раёнаў татарскай рэспублікі.
— Гэтая выстаўка дазваляе пазнаёміцца з татарскай культурай. Тут ёсць сюжэтныя і жанравыя фатаграфіі канца XIX-XX стагоддзяў і гістарычныя касцюмы народнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі нашай рэспублікі. Усяго іх 137, — падкрэсліла на адкрыцці праекта генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Татарстана Аліса Вяткіна. — Мы з'яўляемся прыкладам рэспублікі, дзе людзі розных народнасцей і канфесій захоўваюць свае традыцыі і пры гэтым паважаюць традыцыі іншых краін. Наведвальнікі нашай выстаўкі змогуць больш даведацца аб тэхналогіі вытворчасці вырабаў народных промыслаў.
Экспанаты выстаўкі расказваюць аб трох асноўных этнічных групах, якія пражываюць на тэрыторыі Татарстана: цюрках (татары, чувашы), славянах (рускія) і фіна-уграх (удмурты, марыйцы, мардва). Апроч вырабаў традыцыйных мастацкіх промыслаў, культурная своеасаблівасць і асаблівасці жыццёвага ўкладу кожнага народа знаходзяць адлюстраванне ў гістарычных касцюмах, узноўленых на аснове сапраўдных прадметаў з музейных фондаў.
Мастацкім рашэннем выстаўкі сталі ніткі чырвонага і зялёнага колераў. І гэта не выпадкова. Менавіта гэтыя колеры прысутнічаюць у сцягах абедзвюх рэспублік, сімвалізуючы сувязь паміж Беларуссю і Татарстанам.
Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой, летась у ліпені Нацыянальны гістарычны музей прадстаўляў этнаграфічную выстаўку ў Казані, а зараз беларусы могуць пазнаёміцца з татарскай культурай. «Мы ставілі ў тым ліку задачу паказаць пранікненне іншых культур і этнасаў у беларускі этнаграфічны касцюм і абрадавае жыццё грамадства і разнастайнасць нашых рэгіёнаў. Рэспубліка Татарстан на гэтай выстаўцы прадстаўлена па такім жа прынцыак, на ёй паказана нацыянальная разнастайнасць рэгіёна».
Выстаўка працягне працу ў Мінску да 25 жніўня. Партнёрам праекта выступае Рэсурсны цэнтр укаранення інавацый і захавання традыцый у сферы культуры Рэспублікі Татарстан.
Няўлоўнае зачараванне. Фотавыстаўку Анатоля Каляды прадставілі ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by