Site icon Слушна

Культурны код. Выстаўку гомельскіх мастакоў адкрылі ў Палацы мастацтва

Беларусь незвычайна багатая на яркіх і асэнсаваных мастакоў. Тэмы, ідэі і вобразы, якія беларускія майстры ўкладаюць у свае творы, вечныя і дарогя народу. Кожны рэгіён па-свойму адлюстроўваецца ў культуры краіны, дзякуючы чаму можна бачыць душу народа. Так насычаюць фарбамі беларускую культуру і творы мастакоў Гомельскай вобласці.

Гомельшчына — утульны, цёплы беларускі край, які неаднойчы апавяўся ў песнях мсцовых жыхароў, часта гучыць у вершах сучасных беларускіх паэтаў, яго куточкі пераносілі і пераносяць на свае палотны мастакі. Аднам словам, гэты рэгіён багаты на таленты.

30 ліпеня ў Палацы мастацтва адбылося адкрыццё мастацкага праекта Гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, які называецца вельмі сімвалічна «Род Гомельскі».

Усё наша сучаснае жыццё практычна на кожным кроку да мяжы напоўнена разнастайнымі медыя. Сацсеткі, тэлебачанне, рэклама на вуліцы – мы ўвесь час падвяргаемся шквалу візуальных вобразаў, з якімі нам даводзіцца ўзаемадзейнічаць, хочам мы гэтага ці не. Мы ўбіраем ідэі і творчыя тэндэнцыі, якія з’яўляюцца ў розных кутках свету і імкліва распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Як сярод усёй гэтай разнастайнасці прымусіць сябе сфакусавацца на тым, што сапраўды блізка? Як выбіраць вартае ўвагі і захаваць аўтэнтычнасць свайго ўласнага творчага бачання? Вельмі тонкая, практычна эфемерная, але такая важная матэрыя – культурны код… І дадзеная выстаўка менавіта пра гэта, культурную адметнасць.

Праект «Род Гомельскі» – гэта разважанне аб жыцці з пункту гледжання агульнасці людзей, якія думаюць па-рознаму, але маюць у душы нешта агульнае. Што гэта? Генетычная памяць? Школа? Светапогляд, выхаваны лакальным соцыумам? Што для нас важна – цытаванне створанага раней, інтэрпрэтацыя гэтага ці наадварот – поўнае адмаўленне і пошук зусім новага? Вопыт уласных памылак ці сляпая ўпэўненасць у сваёй творчай правасці? Атрымаць адказы на гэтыя пытанні можна наведаўшы праект «Род Гомельскі».

— Беларускі саюз мастакоў заўсёды намагаецца далучаць да ўсіх вялікіх выставак і акцый мастакоў з рэгіёнаў, тым болей у структуры саюза ёсць абласныя арганізацыі. Сёння мы гаворым пра Гомельшчыну. Думаю, на далейшых прэс-канферэнцыях мы пагаворым і пра іншыя рэгіёны Беларусі, — адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч на прэс-канферэнцыі да выстаўкі. — Ініцыятарамі праекта «Род гомельскі» сталі нашы гомельскія мастакі, якія падрыхтавалі яе яшчэ ў мінулым годзе і нават паспелі паказаць у залах палаца Румянцавых-Паскевічаў. На выстаўцы прадстаўленыя і кераміка, і скульптура, і жывапіс, і графіка, і камп’ютарная графіка пяцідзесяці сямі мастакоў. Для плаката мы выбралі работу гомельскай мастачкі Святланы Наздрын-Платніцкай — яна ўбачыла Гомельшчыну яркай, сонечнай, дзе з’ядноўваюцца тры стыхіі: неба, зямля і вада. Разнастайнасць праекта — гэта і асаблівасць рэгіёна. Гомельшчына — і Палессе, і Ветка з яе ўнікальнай культурай. Там нарадзілася шмат творцаў, якія паўплывалі на фарміраванне мастацтва Беларусі.

Калі казаць пра культуру Гомельшчыны, нельга абысці адлюстраванне ў ёй тэмы чарнобыльскай трагедыі. «Маю маленькую радзіму закапалі ў зямны шар», — вымавіў на прэс-канферэнцыі вядомы мастак Уладзімір Васюк. Яго родны пасёлак, што ў Хойніцкім раёне, апынуўся ў зоне адсялення. Да 20-годдзя чарнобыльскай трагедыі мастак зрабіў памятны знак «Укрыжаваная вёска», на ім надпіс — «Маленькай радзіме ад удзячных жыхароў».

Згадаем народнага мастака Беларусі Гаўрылу Вашчанку, які адлюстраваў малую радзіму на сваіх палотнах; мастака, доктара мастацтвазнаўства Віктара Шматава, які з вялікім болем успрыняў чарнобыльскую трагедыю, што закранула яго малую радзіму, і лічыў сваёй місіяй сабраць прадметы мастацтва ў забруджаных раёнах. Мастакі — ураджэнцы Гомельшчыны, той жа Віктар Барабанцаў, паехалі туды пасля чарнобыльскай трагедыі, каб адлюстраваць, што адбываецца.

Знамянальна, што выстаўка адкрылася ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі. Нядаўна Гомельская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў арганізавала праект, прысвечаны трагедыі канцлагера Азарычы. У выстаўцы, якая называлася «Чорныя зоры», узялі ўдзел мастакі розных пакаленняў, у тым ліку і шмат маладых аўтараў.

«Род Гомельскі» — гэта больш за 50 мастакоў Гомельскага рэгіёну, якія працуюць у розных тэхніках і напрамках: ад рэалізму да абстрактнага жывапісу, ад наіўнага мастацтва да сур’ёзных даследаванняў надзённых праблем, ад этнічных матываў да падарожжа па касмічных светах... І ўсё гэта звязана тонкай, але такой моцнай ніткай Гомельскага роду...

Няўлоўнае зачараванне. Фотавыстаўку Анатоля Каляды прадставілі ў Мінску

Exit mobile version