30.09.2021
30.09.2021

Курс на ўзаемаразуменне. Як бацькам правільна выбраць рэпетытара?

logo
Адукацыя і выхаванне
0 230
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Навучальны год распачаўся, гэта значыць – бацькі пачынаюць задумвацца аб неабходнасці пошука рэпетытара для сваіх дзяцей. Выбар настаўніка – важная і няпростая задача. Да яе варта паставіцца сур'ёзна.

Карэспандэнт «Слушна» падрыхтавала для вас карысную інструкцыю.

Як выбраць рэпетытара?

Заняткі с рэпетытарам для дзяцей

У чым розніца паміж рэпетытарам і школьным настаўнікам?

Школьны настаўнік

Рэпетытар

- Працуе з цэлым класам;

 

- Абавязкова мае педагагічную адукацыю;

 

- Працуе па вучэбным плане.

- Працуе індывідуальна або з малой групай;

 

- Можа не мець педагагічнай адукацыі;

 

- Сам падбірае сабе вучняў, працуе па ўласным графіку і ўлічвае здольнасці навучэнца.

 
Ганна Струкель
Дзіцячы псіхолаг, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, сябра Расійскай асацыяцыі пясочнай тэрапіі
Прынцыповых адрозненняў ва ўспрыманні дзіцем настаўніка і рэпетытара няма. У гэтым выпадку розніца хутчэй у падыходах: у школе ты прадстаўнік групы, і стаўленне да цябе як да ўсіх, а ў рэпетытара – індывідуальны падыход. Калі настаўнік у школе добры спецыяліст, ён можа быць і рэпетытарам. Дзеці будуць з цікавасцю ўспрымаць яго і ў той, і ў іншай ролі.

З чаго пачаць пошук рэпетытара?

  • Знаходзім мэту і матывацыю

Тут усё залежыць ад узросту і асабістых здольнасцяў вучня. Магчыма, у старшакласніка ўжо ёсць пэўнае ўяўленне пра будучыню. Тады асаблівых праблем на дадзеным этапе не будзе.

Але што рабіць, калі ўяўлення няма? У такім выпадку варта абмеркаваць гэтае пытанне з дзіцем. Важна разумець, што прымусіць падлетка нешта зрабіць проста таму што «так трэба», хутчэй за ўсё не атрымаецца.

Калі толькі вы не заматывуеце яго магчымай перспектывай. Школьнік мусіць сам усвядоміць, чым яму дапаможа рэпетытарства. Жаданне бацькоў і «добрыя» адзнакі – не з'яўляюцца матывацыяй.

 
Ганна Струкель
Дзіцячы псіхолаг, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, сябра Расійскай асацыяцыі пясочнай тэрапіі
Дзіця, безумоўна, усе адчувае. Яно не павінна добра вучыцца толькі таму, што мама з татам баяцца, што ён нікуды не паступіць ці адзнакі ў яго дрэнныя. Бацькам трэба заўважаць патэнцыял, жаданне свайго дзіця стаць прафесіяналам ў той ці іншай галіне. Важна, каб блізкія былі гатовыя яму дапамагчы. Падлетак мусіць бачыць вашу занепакоенасць яго будучыняй і гатоўнасць падтрымаць. Яшчэ варта памятаць, што ляноты ў прынцыпе няма – ёсць няправільная матывацыя, стомленасць, дэпрэсія, нежаданне штосьці рабіць праз крытыку. Задача бацькоў – заахвоціць дзіця. Для гэтага трэба не крытыкаваць, а хваліць.
  • Вызначаемся з фарматам

Існуе некалькі варыяцый рэпетытарства. Акрамя класічных індывідуальных заняткаў ёсць і групавыя.

Заняткі праводзяцца як вочна, так і анлайн.

Адназначнага адказу, што з гэтага лепш, быць не можа: усё індывідуальна.

Таму разам з дзіцем варта разгледзець адразу розныя варыянты, даведацца пра плюсы і мінусы кожнага.

Асновы рэпетытарства

 
Ганна Струкель
Дзіцячы псіхолаг, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, сябра Расійскай асацыяцыі пясочнай тэрапіі
Пры выбары паміж індывідуальнымі і групавымі заняткамі варта кіравацца жаданнем дзіцяці. Хтосьці хоча ўвагі, індывідуальнага падыходу, каб час надаваўся менавіта яму (так, дарэчы, дзіця можа кампенсаваць недахоп бацькоўскай увагі). Ёсць дзеці, якім больш падабаецца праца ў групе. У соцыуме наладжваюцца сувязі, вучні адчуваюць сябе цікавымі для групы, што для падлеткаў вельмі важна. Дапамогуць яшчэ досвед ды эксперымент. Некаторыя адразу паспрабуюць хадзіць на індывідуальныя заняткі, а потым у групу ці наадварот. Дзіця паспрабуе і самастайна прыме рашэнне, дзе яму лепш. Калі выбіраць – анлайн ці афлайн навучанне? Вядома, жывыя зносіны, эмацыйны кантакт – важныя складнікі навучальнага працэса, але бываюць абставіны, калі анлайн-адукацыя становіцца больш прыярытэтнай.
  • Выбіраем спецыяліста

Прафесійны выкладчык павінен быць гуманным, прытрымлівацца сучасных поглядаў, улічваць дзіцячую і падлеткавую псіхалогію. Таксама важна добра ставіцца да дзяцей з пазіцыі настаўніка, які паказвае і накіроўвае, цікава даносіць інфармацыю. Праявы злосці, запалохванне, крык – прыкметы непрафесіяналізму.

Не варта забывацца пра індывідуальнасць.

Станоўчыя водгукі пра выкладчыка – справа, вядома, добрая, але, як кажуць, адна шапка на ўсіх не налезе.

Нельга крытыкаваць дзіця, калі ў яго, у адрозненне ад дачкі вашай сяброўкі, стасункі з рэпетытарам або прадметам не заладзіліся.

 
Ганна Струкель
Дзіцячы псіхолаг, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, сябра Расійскай асацыяцыі пясочнай тэрапіі
Рэпетытар у першую чаргу павінен падабацца вучню, а пасля бацькам, а не наадварот. Калі пасля наведванняў рэпетытара дзіця паводзіць сябе незвычайна: не ідзе на кантакт, пазбяге вас, баіцца кантактаваць, варта звярнуць на гэта ўвагу. Памятайце, што рэпетытар не павінен быць больш аўтарытэтны за вас. Фразы тыпу: «я лепш ведаю, як трэба», «даверцеся мне», «вы не разумееце» – сур'ёзная падстава задумацца. Не варта ўскладаць на выкладчыка ўсю місію па навучанні і выхаванні вашага дзіцяці. Аўтарытэт бацькоў павінен быць непарушным.

Як зразумець, што ёсць праблема або канфлікт з рэпетытарам, і што з гэтым рабіць?

Асаблівасці рэпетытарства

Канфлікт з рэпетытарам нельга пускаць на самацёк, таму што гэта можа прывесці да зніжэння паспяховасці, страты матывацыі і нават псіхалагічнай траўмы вучня. У выпадку, калі вы штосьці заўважылі, трэба разабрацца ў сітуацыі.

Для гэтага неабходна пагаварыць як з рэпетытарам, так і з дзіцем, зразумеуць абодва бакі.

Трэба захоўваць добразычлівасць у размове, памятаць, што абраза і неканструктыўная крытыка выкладчыка канчаткова знішчаць яго аўтарытэт. Тыя самыя дзеянні ў адносінах да дзіцяці таксама не абяцаюць нічога добрага.

 
Ганна Струкель
Дзіцячы псіхолаг, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, сябра Расійскай асацыяцыі пясочнай тэрапіі
Каб зразумець, ці ёсць канфлікт з рэпетытарам, неабходна, каб паміж дзіцём і бацькамі былі поўныя даверу стасункі. Каб дзіця не баялася крытыкі, а смела расказвала пра праблемы. Вядома, падлеткі схільныя многае ўтойваць, але яны ўсё адно павінны ведаць, што бацькі гатовыя выслухаць і зразумець, гатовыя быць ім тылам і падтрымкай. Безумоўна бываюць розныя сітуацыі, калі дзеці робяць памылкі (і гэта нармальна). Таму паводзіны, якія не падабаюцца бацькам, варта абмеркаваць і дапамагчы выправіць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 230

Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"