Сказаць, што я ніколі ў жыцці не марыла ўзняцца на якую-небудзь гару, – гэта не сказаць нічога. Так, захаплялася песнямі Высоцкага. Падпявала яму пад запіс на магнітафоннай стужцы… Але гэта ўсё было настолькі ад мяне далёка!
А сёння, у Міжнародны дзень гор, які адзначаецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН 11 снежня, пачынаючы з 2003 года, самы час распавесці, як гэта было.
… Паглядзеўшы на мае фотаздымкі, дзе я змораная, але абсалютна шчаслівая стаю на вяршыні Гаверлы, адна са знаёмых напісала мне: «Ну, цікава, канешне… Вас жа туды на аўтобусе завезлі…»
Ага! Пакажыце мне той аўтобус, тую машыну ці іншы транспарт, які ўмее ездзіць па звілістых зарослых, утравянелых альбо скамянелых, пясочных сцежках, якія ідуць уверх ледзь не вертыкальна!!!
Нее-е-е-е-е, усё было сумленна. Сваімі ножкамі ад пачатку і да самай вяршыні, без усялякіх там палак для скандынаўскай хады ў дапамогу ці іншых прыстасаванняў. А нічога ж, як кажуць, такіх цяжкасцяў не прадракала.
Пачалося ж усё з таго, што ў праграме вандроўкі ў перадапошні дзень прапаноўвалася альбо здзейсніць узыход на гару Гаверла ў суправаджэнні інструктара, альбо паехаць на транспарце павышанай праходнасці на гару Драгабрат. Калі хтосьці не хоча ні туды, ні сюды, можна было самастойна з’ездзіць у Букавель альбо проста адпачыць, прагуляцца ў суседні населены пункт, дзе ёсць крамы.
Я «мітусілася» паміж дзвюма гарамі. З аднаго боку – заманліва, вельмі заманліва сваімі ножкамі ўзняцца. Але дзесьці ў галаве засела думка, што з уласнай абсалютнай (асабліва апошнім часам) нетрэніраванасцю я дзе-небудзь там і застануся. 🙂 З другога – паездка ў транспарце, няхай сабе і высокай праходнасці, таксама не выклікала ў мяне асаблівага даверу. Бо твая бяспека будзе залежаць выключна ад майстэрства кіроўцы.
Мая спадарожніца Аксана, якая, аказваецца, вандравала па гэтым маршруце не ўпершыню, даходліва патлумачыла мне штокольвечы пра тыя пад’ёмы і іх асаблівасці. Заадно і сагітавала. На Драгабрат на УАЗіку…
Ну ОК! Мы запісаліся. А пасля аказалася, што толькі ўдзвюх з групы. І калі ўзнікла пытанне – штурмаваць Гаверлу ці шукаць забаўлянкі самастойна, у Букавелі ці суседнім сяленні, я вырашыла: пайду на гару!
Тым больш, што прадстаўнік турфірмы, дзяўчына даволі аб’ёмных формаў, разлівалася салаўём! Маўляў, яна ўздымалася сама, і не раз. І што паціху-паволі туды хадзілі нават людзі сталага ўзросту. Значыць жа, маршрут нескладаны?!
… Ну што сказаць пра першыя хвіліны (дзясяткі хвілін) пад’ёму амаль вертыкальна па сыпучай дарозе добрым тэмпам?! Толькі цытуючы (хаця і не зусім да месца) фразу з анекдота: «Лепей бы я памерла ўчора…». Дыхалкі няма, пульс скача дзесьці паперадзе мяне, пот залівае вочы…
Але для моладзі быццам бы і нічога! І ў хуткім часе яны ад нас адарваліся ды схаваліся з вачэй. А мы, «старычкі» (я з суседкай па пакоі Аленай ды дзве сямейныя пары), засталіся сваёй групай. Маладыя пайшлі па навігатары, а нам дастаўся праваднік Тарас. Сын вопытнага правадніка, хлопчык 16 гадоў. Па яго сцвярджэнню, да нас ён вадзіў на Гаверлу ўжо не адну групу.
Праз пакутліва доўгія дзясяткі хвілін, калі ўсё ўверх, уверх і ўверх, мы выйшлі на больш-менш раўнінную частку. Ненадоўга, але ўсё ж можна было прайсціся нармалёва. Тут ужо і пагаварылі, і пажартавалі, і бліжэй пазнаёміліся…
На трэцяй гадзіне, чаргуючы круцейшыя пад’ёмы з невялікімі пакатымі ўчасткамі, мы больш-менш злавілі свой тэмп. Але не кайф. Да кайфу было так далёка…
– Ву-у-у-унь туды нам трэба ўзысці, – раз-пораз паказваў хтосьці з групы на далё-ё-ё-ёкую вяршыню Гаверлы.
Што??? Ды вы жартуеце??? Мы туды дойдзем??? Няхай сабе і праз чатыры з паловай гадзіны?! Ды абсалютна нерэальна!!!
Адзін участак шляху прывёў мяне ў поўнае захапленне! Ён нагадаў чамусьці… Батанічны сад. Прыгожыя хвойныя, сцежка – штосьці падобнае да земляных прыступак.
Што мне яшчэ вельмі спадабалася падчас нашага ўзыходжання, дык гэта ўважлівае стаўленне спадарожнікаў адзін да аднаго. Мужчыны з сямейных параў маглі б проста бачыць адных толькі сваіх жонак. Але яны дапамагалі і нам. І тут таксама прыгадвалася ўсё вядомае пра ўзаемавыручку ў гарах, моцную руку і г.д. І вось гэта было рэальна крута!
А другое дыханне сапраўды адкрылася! Абсалютна незаўважна, ужо бліжэй да апошняга, вельмі камяністага ўчастка. Пра яго папярэдзіў наш праваднік Тарас. Зрэшты, ужо дзесьці з паловы дарогі наверх мы пачалі яму надакучаць пытаннямі, на якія ён цярпліва адказваў. Накшталт: колькі нам ісці ды якія яшчэ будуць цяжкасці.
На якой мове размаўлялі?! Асабіста я – на беларускай, а ён на ўкраінскай. Выдатна паразумеліся! Ні разу ні пра што не перапыталі адно ў аднаго.
Надвор’е, дзякуй Богу, асаблівых сюрпрызаў не паднесла. Бо казалі, што ў гарах часта можа раптоўна пайсці дождж, ад якога парасон не выратуе. У нас жа было пякучае сонца, пад якім твар, як аказалася ўвечары, падсмажыўся да чырвані, асабліва нос… І вельмі ледзяны пранізлівы вецер, ад якога не ратавала кофта. Таксама месцамі.
… І вось ужо зусім няшмат засталося да ўласна вяршыні Гаверлы. Усё часцей і часцей нам трапляліся вандроўнікі, якія спускаліся ўніз. І кожны абавязкова падбадзёрваў. Маўляў, зусім крыху засталося. І тут на схіле гары мы ўбачылі… нявесту! Самую сапраўдную нявесту ў пышнай вясельнай сукенцы! Затым да яе спусціўся жаніх, фатограф…
А на вяршыні было шмат гасцей, у тым ліку і дзеці. Атрымліваецца, што дзесьці насамрэч ёсць больш кароткі і зручны пад’ём?! Бо наўрад ці яны ішлі па нашым.
Усё-ё-ё-ё-ё-ё-ё-ё!!!! Мы на Гаверле!!! Дайшлі!!!! 2061 метр абсалютнай вышыні!!! Мы зрабілі гэта!!! 🙂
Пасля працяглай эйфарыі ладзім фотасесіі. Тарас вельмі добра фатаграфуе па маёй просьбе. Таму і на гары, і на зваротным шляху я яго даволі часта эксплуатую… 🙂 Набываем там жа памятныя медалі (вісіць зараз дома на сценцы, на пачэсным месцы), каву ці гарбату…
Так, там зарабляюць грошы людзі з вялі-і-і-і-ізнымі заплечнікамі, у якіх знаходзяцца бутэлькі з вадой. Яны вельмі хутка і спраўна награваюць яе да кіпення, выкарыстоўваючы для гэтага невялікія балоны з газам і штосьці накшталт пліткі (па шчырасці не было калі разглядаць).
Закусваючы багетамі, сядзім на схіле і ляніва перакідваемся словамі. Перад намі такая прастора, што нават размаўляць не хочацца. А хочацца толькі разглядаць наваколле і раз-пораз шчыпаць сябе за руку. Маўляў, тая далёкая вяршыня, што бачылася нам гадзін пяць таму знізу, – вось яна, пад намі!
Самае цікавае, што пры маёй фенаменальнай проста боязі вышыні на ўзроўні ўжо другога паверха… Тут ні разу не ўзнікла пачуццё страху. Ні тады, калі ішлі па схілах, дзе толькі аступішся – і можна пакуляцца ўніз… Ні на самой вяршыні з яе даволі абрывістымі дзе-нідзе схіламі. Ні калі ішлі назад, а камяні сыпаліся з-пад ног… Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Бывай, Гаверла! Мы ніколі больш з табой не сустрэнемся, але ты назаўсёды засталася ў маім сэрцы. Першай, адзінай і непаўторнай ГАРОЙ, якую я скарыла!
Фота аўтара і забяспечанае аўтарам.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by