Нішто так не падрывае ўпэўненасць у сабе, як мокрыя падпахі. Яшчэ больш крыўдна, калі дзеянне разрэкламаваных дэзадарантаў-антыперспірантаў насамрэч ніяк сябе не апраўдвае і ад цёмных кругоў на вопратцы не ратуе.
Што рабіць, калі павышанае потавыдзяленне псуе настрой і перашкаджае жыць, а на аперацыю не хапае рашучасці і/або грошай? Ці існуе добры дэзадарант, які дапаможа пазбавіцца ад поту? Што значыць «антыперспірант» і як вызначыць яго эфектыўнасць? Ці праўда, што сродкі, якія блакуюць потавыдзяленне, павялічваюць рызыку анкалагічных захворванняў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні журналіст партала Здаровыя людзі даведалася ад дэрматавенеролага Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска Святланы Якубоўскай.
Пацець не шкодна. А моцна пацець?
Для пачатку давайце вызначымся, якое потавыдзяленне можна лічыць залішнім (і значыць, ад яго трэба пазбаўляцца), а якое – нармальным і натуральным.
Калі цёмныя плямы на вопратцы – вынік стараннасці падчас трэніроўкі або пабочны эфект моцнага хвалявання перад адказнай падзеяй, ці следства невыноснай спёкі, гэта нармальна. У такой сітуацыі не пацець было б горш. Кругі пад рукамі хаця і выглядаюць малапрывабна, але ў іх няма нічога ганебнага.
Іншая справа, калі «пот прабівае» нават у стане душэўнага супакою, незалежна ад ступені фізічнай актыўнасці, тэмпературы на тэрмометры, натуральнасці тканінаў, з якіх вырабленае адзенне... І наогул, па жыцці даводзіцца ісці з дэвізам: светлае і яркае не насіць, аблягальнае не апранаць. Тут ужо гаворка ідзе пра павышанае потавыдзяленне, або гіпергідроз.
Пры адсутнасці захворванняў, якія могуць правакаваць залішнюю патлівасць, пазбавіцца ад гіпергідрозу можна нават банальным змяненнем звыклага ладу жыцця: пераглядам харчовых звычак і пазбаўленнем ад лішніх кілаграмаў, адэкватнай фізічнай актыўнасцю, зменай «штучнага» гардэроба на «натуральны», бездакорным выкананнем правілаў асабістай гігіены. Але калі вы патрапілі ў лік тых нешчаслівых, каму гэтыя простыя, але эфектыўныя спосабы не дапамагаюць, мае сэнс падабраць сабе добры антыперспірант.
Дэзадарант або антыперспірант?
Запомніце аднойчы і назаўсёды: з моцнай патлівасцю справіцца могуць толькі моцныя сродкі. Дэзадаранты і нават дэзадаранты-антыперспіранты да іх не адносяцца. Калі ў вашым выпадку яны працуюць на «ўра», значыць, ёсць яшчэ як мінімум адна нагода для радасці – пацееце вы ў межах нормы. Пры гіпергідрозе максімум на што здольныя дэзадаранты-антыперспіранты – маскіраваць пах поту. Ад плямаў пад пахамі, як бы ні пераконвала нас рэклама, яны не выратуюць. Гэта праца антыперспірантаў. Без усялякіх дадатковых «дэза».
Доля ўтрымання соляў алюмінію ў эфектыўна працуючых антыперспірантах, тлумачыць эксперт, пачынаецца з 10%. Такія сродкі падыходзяць для людзей з адчувальнай скурай. Антыперспіранты з максімальнай канцэнтрацыяй соляў алюмінію (да 30-35%), як правіла, прызначаныя для пазбаўлення ад залішняй патлівасці далоняў і ступняў. У сярэднім жа антыперспіранты ўтрымліваюць 20-25% соляў алюмінію і падыходзяць для большасці людзей з праблемай гіпергідрозу.
Правілы выкарыстання антыперспірантаў
Трэба прызнаць, што вакол антыперспірантаў ходзіць шмат міфаў і страшылак. Дакладней, пра шкоднае ўздзеянне тых самых соляў алюмінію, якімі абумоўленая высокая эфектыўнасць прэпаратаў. Маўляў, яны ледзьве не правакуюць развіццё раку грудзей і іншых анкалагічных захворванняў. І ў цэлым негатыўна ўздзейнічаюць на арганізм, блакуючы потавыя залозы ў падпахавых упадзінах і перашкаджаючы выхаду поту.
Але выкарыстанне антыперспірантаў сапраўды можа прывесці да непажаданых наступстваў, напрыклад, да раздражняльнага кантактнага дэрматыту. Аднак гэтага не здарыцца, калі дакладна выконваць правілы па выкарыстанні антыперспірантаў.
- Антыперспіранты выкарыстоўваюць абавязкова на ноч (дэзадаранты наадварот – раніцай). Гэта неабходна, каб чалавек знаходзіўся ў стане супакою і банальна не пацеў. Акрамя таго, алюмінію неабходны час, каб трапіць у потавыя залозы, сфармаваць пробку, якая будзе перашкаджаць вылучэнню поту.
- Антыперспіранты наносяць на сухія чыстыя падпахі (далоні, ступні). Пры гэтым гігіена не павiнна быць агрэсіўнай. Дастаткова душа з мяккім мылам. Скуру пасля душа неабходна прамакнуць ручніком, а не церці. Але наносіць антыперспірант неабходна на абсалютна сухую скуру. Пры гэтым не спяшайцеся адразу ж нацягваць піжаму: счакайце некалькі хвілінаў, каб сродак мог увабрацца.
- Будзьце гатовыя да таго, што як толькі антыперспірант пачне працаваць, магчымае пашчыпванне ў вобласці нанясення, лёгкае смыленне, паколванне.
- Нельга наносіць антыперспіранты на свежапаголеныя падпахі або ў той жа дзень пасля працэдуры дэпіляцыі. Грэбаванне гэтым правілам шматкроць павялічвае рызыку раздражняльнага дэрматыту.
- Строга выконвайце ўказанні ў інструкцыі да прэпарата. Як правіла, там указаная і схема лячэння павышанай патлівасці. Спачатку антыперспірант, як правіла, выкарыстоўваюць штодня. Пасля дасягнення неабходнага эфекту (ліквідацыі або значнага зніжэння патлівасці) антыперспірант можна выкарыстоўваць 1 раз у 2 тыдні (часам да 1 месяца) для падтрымання выніку.
- Аптымальна пачынаць лячэнне гіпергідрозу ў зімовы час.
Антыперспірантамі можна карыстацца з падлеткавага ўзросту (пры ўмове, што залішняе потавыдзяленне выкліканае гарманальнай перабудовай арганізма ці абумоўленае спадчыннасцю, а не з'яўляецца праявай унутранай паталогіі). Прымяняць антыперспіранты па неабходнасці можна на працягу ўсяго жыцця.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!