13.02.2020
13.02.2020

Лепшы сродак пазбаўлення ад поту. Розніца паміж дэзадарантам і антыперспірантам

logo
Прыгажосць і догляд
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нішто так не падрывае ўпэўненасць у сабе, як мокрыя падпахі. Яшчэ больш крыўдна, калі дзеянне разрэкламаваных дэзадарантаў-антыперспірантаў насамрэч ніяк сябе не апраўдвае і ад цёмных кругоў на вопратцы не ратуе.

Антыперспірант. Ратаванне ад залішняй патлівасці.

Што рабіць, калі павышанае потавыдзяленне псуе настрой і перашкаджае жыць, а на аперацыю не хапае рашучасці і/або грошай? Ці існуе добры дэзадарант, які дапаможа пазбавіцца ад поту? Што значыць «антыперспірант» і як вызначыць яго эфектыўнасць? Ці праўда, што сродкі, якія блакуюць потавыдзяленне, павялічваюць рызыку анкалагічных захворванняў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні журналіст партала Здаровыя людзі даведалася ад дэрматавенеролага Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска Святланы Якубоўскай.

Пацець не шкодна. А моцна пацець?

Для пачатку давайце вызначымся, якое потавыдзяленне можна лічыць залішнім (і значыць, ад яго трэба пазбаўляцца), а якое – нармальным і натуральным.

Калі цёмныя плямы на вопратцы – вынік стараннасці падчас трэніроўкі або пабочны эфект моцнага хвалявання перад адказнай падзеяй, ці следства невыноснай спёкі, гэта нармальна. У такой сітуацыі не пацець было б горш. Кругі пад рукамі хаця і выглядаюць малапрывабна, але ў іх няма нічога ганебнага.

Антыперспірант. Праблема павышанага потавыдзялення.

Іншая справа, калі «пот прабівае» нават у стане душэўнага супакою, незалежна ад ступені фізічнай актыўнасці, тэмпературы на тэрмометры, натуральнасці тканінаў, з якіх вырабленае адзенне... І наогул, па жыцці даводзіцца ісці з дэвізам: светлае і яркае не насіць, аблягальнае не апранаць. Тут ужо гаворка ідзе пра павышанае потавыдзяленне, або гіпергідроз.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
У гіпергідрозу мноства прычынаў. Ад адносна бяскрыўдных: напрыклад, узроставыя гарманальныя змены (падлеткавы ўзрост, перыяд клімактерыю ў жанчынаў), залішняя маса цела, незбалансаваны рацыён з перавагай тлустай, вострай, смажанай ежы, вопратка з сінтэтыкі... Да цалкам сур'ёзных захворванняў: паталогіі шчытападобнай залозы, паражэнні нервовай сістэмы, сухоты і шэраг іншых. Таму перш чым вырашаць праблему павышанага потавыдзялення, мае сэнс прайсці хаця б мінімальныя абследаванні, каб выключыць унутраную паталогію.

Пры адсутнасці захворванняў, якія могуць правакаваць залішнюю патлівасць, пазбавіцца ад гіпергідрозу можна нават банальным змяненнем звыклага ладу жыцця: пераглядам харчовых звычак і пазбаўленнем ад лішніх кілаграмаў, адэкватнай фізічнай актыўнасцю, зменай «штучнага» гардэроба на «натуральны», бездакорным выкананнем правілаў асабістай гігіены. Але калі вы патрапілі ў лік тых нешчаслівых, каму гэтыя простыя, але эфектыўныя спосабы не дапамагаюць, мае сэнс падабраць сабе добры антыперспірант.

Дэзадарант або антыперспірант?

Запомніце аднойчы і назаўсёды: з моцнай патлівасцю справіцца могуць толькі моцныя сродкі. Дэзадаранты і нават дэзадаранты-антыперспіранты да іх не адносяцца. Калі ў вашым выпадку яны працуюць на «ўра», значыць, ёсць яшчэ як мінімум адна нагода для радасці – пацееце вы ў межах нормы. Пры гіпергідрозе максімум на што здольныя дэзадаранты-антыперспіранты – маскіраваць пах поту. Ад плямаў пад пахамі, як бы ні пераконвала нас рэклама, яны не выратуюць. Гэта праца антыперспірантаў. Без усялякіх дадатковых «дэза».

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Антыперспірант ад дэзадаранта адрозніваецца складам. Па сутнасці, дэзадарант – гэта вада, аддушка, спірт (і ў гэтым няма нічога страшнага, ён падсушвае). Антыперспірант у адрозненне ад дэзадаранта ўтрымлівае солі алюмінію. Ёсць таксама дэзадаранты-антыперспіранты. Для радавога спажыўца гэта можа казаць пра тое, што ў склад сродку ўваходзяць солі алюмінію, што, зрэшты, ніяк не гарантуе яго эфектыўнасць. Бо акрамя наяўнасці важная яшчэ ўдзельная доля рэчыва.

Антыперспірант. Карысць. Дзеянне.

Доля ўтрымання соляў алюмінію ў эфектыўна працуючых антыперспірантах, тлумачыць эксперт, пачынаецца з 10%. Такія сродкі падыходзяць для людзей з адчувальнай скурай. Антыперспіранты з максімальнай канцэнтрацыяй соляў алюмінію (да 30-35%), як правіла, прызначаныя для пазбаўлення ад залішняй патлівасці далоняў і ступняў. У сярэднім жа антыперспіранты ўтрымліваюць 20-25% соляў алюмінію і падыходзяць для большасці людзей з праблемай гіпергідрозу.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Антыперспіранты, якія рэальна дапамагаюць пры залішнім потавыдзяленні, – гэта не тавар мас-маркет. Яны прадаюцца толькі ў аптэцы! Зараз вельмі шмат прадуктаў, дзе на флаконе напісана «дэзадарант-антыперспірант». У склад сапраўды ўваходзяць солі алюмінію, але іх канцэнтрацыя не перавышае 1,5-3%. Такі сродак пры рэальна існуючай праблеме гіпергідрозу не дапаможа і не ўратуе. Максімум – пазбавіць ад паху поту. Інфармацыю аб працэнтным змесце соляў алюмінію вытворца, як правіла, паказвае або на ўпакоўцы сродку, або ў інструкцыі да яго. Або на сваім афіцыйным сайце.

Правілы выкарыстання антыперспірантаў

Антыперспірант. Правілы выкарыстання.

Трэба прызнаць, што вакол антыперспірантаў ходзіць шмат міфаў і страшылак. Дакладней, пра шкоднае ўздзеянне тых самых соляў алюмінію, якімі абумоўленая высокая эфектыўнасць прэпаратаў. Маўляў, яны ледзьве не правакуюць развіццё раку грудзей і іншых анкалагічных захворванняў. І ў цэлым негатыўна ўздзейнічаюць на арганізм, блакуючы потавыя залозы ў падпахавых упадзінах і перашкаджаючы выхаду поту.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Няма ніякіх падставаў баяцца за сваё здароўе. Ніводным навуковым даследаваннем не пацверджаная сувязь развіцця анкапаталогіі з выкарыстаннем антыперспірантаў пры гіпергідрозе. Што тычыцца натуральнай функцыі потавыдзялення, дык яна не перастае працаваць пры лакальным нанясенні сродкаў ад павышанага потавыдзялення. Потавыя залозы ў чалавека размешчаныя не толькі ў падпахах. Адпаведна, пот сабе заўсёды знойдзе выйсце вонкі.

Але выкарыстанне антыперспірантаў сапраўды можа прывесці да непажаданых наступстваў, напрыклад, да раздражняльнага кантактнага дэрматыту. Аднак гэтага не здарыцца, калі дакладна выконваць правілы па выкарыстанні антыперспірантаў.

  • Антыперспіранты выкарыстоўваюць абавязкова на ноч (дэзадаранты наадварот – раніцай). Гэта неабходна, каб чалавек знаходзіўся ў стане супакою і банальна не пацеў. Акрамя таго, алюмінію неабходны час, каб трапіць у потавыя залозы, сфармаваць пробку, якая будзе перашкаджаць вылучэнню поту.
  • Антыперспіранты наносяць на сухія чыстыя падпахі (далоні, ступні). Пры гэтым гігіена не павiнна быць агрэсіўнай. Дастаткова душа з мяккім мылам. Скуру пасля душа неабходна прамакнуць ручніком, а не церці. Але наносіць антыперспірант неабходна на абсалютна сухую скуру. Пры гэтым не спяшайцеся адразу ж нацягваць піжаму: счакайце некалькі хвілінаў, каб сродак мог увабрацца.

Антыперспірант. Наносім правільна.

  • Будзьце гатовыя да таго, што як толькі антыперспірант пачне працаваць, магчымае пашчыпванне ў вобласці нанясення, лёгкае смыленне, паколванне.
  • Нельга наносіць антыперспіранты на свежапаголеныя падпахі або ў той жа дзень пасля працэдуры дэпіляцыі. Грэбаванне гэтым правілам шматкроць павялічвае рызыку раздражняльнага дэрматыту.
  • Строга выконвайце ўказанні ў інструкцыі да прэпарата. Як правіла, там указаная і схема лячэння павышанай патлівасці. Спачатку антыперспірант, як правіла, выкарыстоўваюць штодня. Пасля дасягнення неабходнага эфекту (ліквідацыі або значнага зніжэння патлівасці) антыперспірант можна выкарыстоўваць 1 раз у 2 тыдні (часам да 1 месяца) для падтрымання выніку.

Антыперспірант. Вынікі.

  • Аптымальна пачынаць лячэнне гіпергідрозу ў зімовы час.

Антыперспірантамі можна карыстацца з падлеткавага ўзросту (пры ўмове, што залішняе потавыдзяленне выкліканае гарманальнай перабудовай арганізма ці абумоўленае спадчыннасцю, а не з'яўляецца праявай унутранай паталогіі). Прымяняць антыперспіранты па неабходнасці можна на працягу ўсяго жыцця.

Святлана Якубоўская
Дэрматавенеролаг Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска
Тэма антыперспірантаў будзе няпоўнай, калі не сказаць яшчэ пра алюмакаліевыя квасцы. Праціўнікі любой «хіміі» вельмі часта супрацьпастаўляюць іх антыперспірантам. На шчасце, алюмакаліевыя квасцы выдатна спраўляюцца з праблемай рэзкага паху поту. Але, на жаль, ніяк не ўплываюць на рэгуляцыю потавыдзялення. Таму яны ніў якім разе не могуць быць альтэрнатывай антыперспірантам. Ідэальна, калі яны будуць працаваць у тандэме: на ноч – антыперспіранты, раніцай – алюмакаліевыя квасцы. І адной праблемай у жыцці ў вас дакладна стане меней.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама