Мой даражэнькі чытач, упэўнены, што ты неаднойчы быў у лесе. Калі па ягады ці грыбы хадзіў, ці – па арэхі, альбо адпачыць ад гарадскога тлуму.
Вось і я, ваш казачнік, надоечы завітаў у свой сасновы бор. Менавіта ў свой, таму што ён ўжо стаў для мяне сваім. Тут я ведаю кожнае дрэўца, кожны кусцік ды купінку.
Але часам бывае... Аднак, усё па парадку.
Вось якая казачная гісторыя са мной здарылася. Крочу па верасе. Бачу грыб сядзіць. Толькі я, мае харошыя, нахіліўся каб зрэзаць прыгожы баравік, як нейкая знешная сіла прымушае мяне разагнуцца і крочыць прэч. Разумееце: хачу ўзяць зваблівы грыб, але не магу, цела не слухаецца.
Адчуваю, што нейкі жартаўнік перашкаджае. Устаў, а ён з тропу збівае, пачынае кружыць мяне на адным месцы. Але што я кепскага зрабіў? А-а-аа! Успомніў нядаўні свой паход за чарніцамі, калі ягады збіраў камбайнам. Так ужо карцела як мага болей прынесці дахаты.
Гаспадару лесу гэта не спадабалася, таму і рэхам звонкім між грыбнікоў на ўсё наваколле здзекліва казаў: «Не пойдуць на карысць тыя ягады, як і наступным разам сквапнаму чалавеку не пажадана наведванне лесу! Вывучы правілы паводзін, а тады – калі ласка, прыходзь!»
Я пра тое і забыўся ўжо. Але ён мяне не зачапіў. Хаця і сорамна стала. Зарокся шкодзіць прыродзе. Толькі з яе, прыроды, патрэбна браць прыклад, бо яна захавалася ўдалечыні ад нас, людзей.
Гэты, на першы погляд, дзівакаваты незнаёмец і ёсць Лесавічок – гаспадар лясоў і звяроў. Вось з таго часу я і запомніў яго. Высокі, у рост дрэва, з белым, як бяроста, тварам і вялікімі пранізлівымі ізумруднымі, як вада ў беларускіх азёрах, вачыма – дзядок крочыў далей. Ён сочыць, каб наведвальнікі хадзілі па сцяжынках, аберагалі расліны, нікога не крыўдзілі ў лесе: ні жукоў, ні мурашоў, ні птушак.
Яго доўгая нячэсаная зеленаватая барада і такія ж доўгія зблытаныя зеленавата-рыжыя валасы, што атачаюць маршчыністы твар і лунаюць за спінаю, надаюць загадкавасць і нават насцярожанасць кожнаму сустрэчнаму. Ён не толькі працаўнік, бо гатуе зайцам — зайчую капусту, а зісіцам — лусту, сее цэлыя паляны. Ешце дзеткі, ешце мамы! А пад елку, ля раўка, пасадзіць баравіка. Бывала калі вясёлкаю размалёўвае сыраежкі, каб грыбнік лягчэй убачыў свае сцежкі.
Лесавічок яшчэ і гарэзлівы весялун. Няхай сабе ліслівы, угодлівы, але і клапатлівы. І вельмі гасцінны, і мудры. Але больш літасцівы, любіць рабіць добрыя справы. Бывае калі і сам можа штосьці дзіўнае ўтварыць. Зла людзям не прычыняе, хутчэй шчыра жартуе над імі. Ён не толькі валадар дрэвамі, звярамі і птушкамі, але і жартаўнік, і чараўнік.
Ён велікадушна даруе дзецям дрэнныя ўчынкі. Дапамагае стаць на шлях выпраўлення. Як учора Васілька сарамаціў, які намерваўся зрэзаць сцізорыкам вершалінку маладой бярозкі. Раптам сцізорык знік, а хлопчыка як падмянілі, прыкладам стаў ва ўсім.
Вось і цяпер склікаў Лесавік на вялікі сход усіх звяроў, каб прагнаць з лесу Бабу Ягу, якая людзям многа шкоды нарабіла. Па дамове з лясным народам, зоркі з месяцам з неба паздымаў. А тое павадзілася старая карга крыўдзіць нявінных звяроў. Хай паспрабуе ў цемрадзі свае чорныя справы ўчыніць.
Ідзе Лясун прасекамі, ідзе і, каб не сумаваць, пачынае сабе загадкі загадваць.
– Што хутчэй за ўсё на свеце?
Загадаў і пачаў думаць-гадаць, як яе адгадаць. Зразумеў, і ад радасці ажно ўскрыкнуў: – Гэта ж…
А я пакуль прадоўжу свой аповед.
Весялей стала Лясуну, і ён зараз загадаў новую загадку:
– Хто на сабе хату носіць?
Пачаў думаць-гадаць. Ды тут пад нагамі трапілася штосьці цвёрдае, нібы камень, ледзь не паваліўся. Толькі месячык з торбы выпаў. Сам нават здзівіўся, што раптам пасвятлела.
– А-а-аа! Гэта ты пад нагамі! Паўзі! Усяго толькі і сказаў пра сваю адгадку. А вы здагадаліся? Гэта слімак на сабе хатку носіць! А ўсё ж: хто хутчэй за ўсё на свеце?
Раптам прачнуўся стары цецярук і кажа:
– Думка!
– Так. Малайчына!
Калі ўбачыце зблізку старога дзівака, не пужайцеся. Твар Лесавіка, нібы ад зубнога болю, зморшчаны ў пакутліва-незадаволенай грымасе. Гэта яго манера ўважліва ўглядацца, прыслухоўвацца да ўсяго, што творыцца наўкола аставіла свае сляды.
Паклаў Лесавічок месяц назад у торбу. Годзе! Пайду ў бярэзнічак. Пара ўзбірацца на самую высокую гару. І зоркі паразвешваць. Апошнім на самым краёчку месяц павесіў.
Скончыў добрую справу – сказаў на ўвесь лес: «Да раніцы свяціце!» І як захахоча, ажно вершаліны дрэў затрашчэлі.
Пра Лесавічка, як пра клапатлівага дарадцу ведаюць не толькі лясныя насельнікі, а і наведвальнікі. Вось учора ўбачыў, што адна дзяўчынка, якая з маці прыйшла па ягады, нацерла нагу. Лесавічок тут жа прынёс ёй «зялёны бінт». Ліст трыпутніку маці спаласнула ў чыстай вадзе, пацёрла лісток да з’яўлення соку і прыклала да ранкі дачушкі. І боль сцішыўся, а хутка і ранка зацягнулася.
Убачыўшы такое чараўніцтва нават я захваляваўся. І каб задобрыць Лесавічка падрыхтаваў гасцінца, які павесіў на суседнюю сасонку. Тую лустачку хлеба і скрылік сала, што браў для сябе падсілкавацца, ахвяраваў Лесавіку. І тым самым аддзячыў яго. А тое, чаго добрага, закружыць, ці наадварот, завядзе ў самыя ягадныя ды грыбныя мясціны. А мне ўжо дастаткова таго, што назбіраў па кашу. І цяпер ледзьве нясу. Памятаю пра сквапнасць. Але цягнуся, нібы апошні раз убачыў тыя грыбы і ягады.
З тае пары так і ходзіць Лясун-дабрахот па лесе, сочыць за парадкам.
Іду сабе паціху. А вось і рэальныя дэкарацыі! На гарызонце з’явілася група турыстаў. Персанажы спявалі, выкрыквалі. Не, думаю, патрэбна збочваць, бо такая вясёлая кампанія і стаптаць можа, і не заўважыць. Ажно насустрач ім выйшаў Лесавічок. Ён толькі галавою пахітаў, і ўсе сціхлі. Пакрочылі моўчкі.
Калі ўсё ў парадку радуецца. Вунь і зараз неба нібы ўсеяна зоркамі. Яны іскрацца мільёнамі срэбных сняжынак. А сярпок месячыка які! Так і просіцца ў кожную хату.
– Ну, мае харошыя, запамятайце: толькі з прыроды патрэбна браць прыклад, бо яна захавалася ўдалечыні ад чалавека, – азваўся Лесавічок.
На жаль, як не прыкра гэта чуць... Сочыць за парадкам у лесе Лесавічок з вершаліны старога купчастага дрэва ці парой з дупла векавога дуба, сам гэта бачыў. А вось так гэта ёсць насамрэч ці не, даведаешься, мой дружа, калі зноўку завітаешь у лес.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by