Пасля нараджэння дзіця трапляе ў зусім новае асяроддзе, адаптавацца да якога яму дапамагаюць розныя прыродныя механізмы. Напрыклад, тэрмарэгуляцыя кантралюе тэмпературу цела, прадухіляе пераахаладжэнне і пераграванне. А вось ухутванне малога прыводзіць да парушэння работы гэтых сістэм.
Трываласць арганізма і яго ўстойлівасць да ўздзеянняў знешніх фактараў дадаткова можна павысіць з дапамогай гартавання — паветрам, вадой, рассеяным сонечным святлом. Такія няхітрыя падыходы трэніруюць імунную сістэму дзіцяці і механізм тэрмарэгуляцыі.
Што такое загартоўванне насамрэч?
Гартаванне — не проста шпацыры з малышом пад дэвізам «Сонца, паветра і вада — нашы лепшыя сябры!». Гэта сістэматычнае дазіраванае ўздзеянне фактараў навакольнага асяроддзя: павышаная / паніжаная тэмпература паветра і вады, павышаная вільготнасць і хуткасць паветра, ультрафіялетавае апрамяненне, паніжаны атмасферны ціск. А вынік — здаровае, шчаслівае дзіця, якое бегае па лужынах, заразліва смяецца, а не душыцца кашлем.
Заснавана загартоўванне на трэніроўцы нервовай сістэмы: фактар гартавання ўздзейнічае на нервовыя канчаткі скуры і запускае каскад рэакцый. Памылка думаць, што гэта — перажытак савецкага мінулага. Безумоўна, савецкая школа педыятрыі ставіла на гэты напрамак у прафілактыцы, але не яна яго прыдумала. Яшчэ ў 8-9 стагоддзях знакаміты Абу Алі ібн-Сіна (Авіцэна) у кнізе «Канон урачэбнай навукі» рэкамендаваў купанне ў халоднай вадзе і трэніроўку для тых, хто плануе падарожжа ў пустыню ці ва ўмовы зімовай непагадзі. У папірусах Старажытнага Егіпта ёсць парады сістэматычна выкарыстоўваць ахаладжальныя водныя і паветраныя працэдуры для захавання здароўя і маладосці.
Як тут не ўзгадаць Спарту, дзе галоўным у выхаванні маладых людзей былі гартаванне і фізічная падрыхтоўка. Практычна круглы год спартанцы хадзілі басанож, у лёгкай вопратцы, з непакрытай галавой, спалі на сене без подсцілу і пакрывала.
Славяне таксама лічылі дабрадзейнасцю прывучэнне цела да холаду і любой непагадзі з малога ўзросту. У летапісе Нестара (а гэта 10 стагоддзе) апісана, што адразу пасля нараджэння немаўлят парылі ў лазні і купалі ў халоднай вадзе. Герадот і Тацыт у сваіх назіраннях адзначалі, што і скіфы купалі нованароджаных дзяцей у халоднай вадзе.
Гісторыкі сцвярджаюць, што Аляксандр Васільевіч Сувораў быў кволым хваравітым дзіцёнкам, але доўгія гады загартоўвання падарылі яму неўтаймоўную энергію да сталага ўзросту. І хто ведае, можа, гэта і дазволіла яму адважыцца на пераход праз Альпы....
Калі можна пачынаць загартоўваць дзіця?
- Пачынаць загартоўваць можна ў любым узросце — чым раней, тым мацнейшым будзе арганізм дзіцяці. Але папярэдне трэба абавязкова параіцца з педыятрам:
па-першае, дзіця павінна быць здаровым;
па-другое, урач парэкамендуе форму гартавання і падкажа, калі трэба прыйсці паўторна для ацэнкі эфектыўнасці гэтых мерапрыемстваў.
Усе мерапрыемствы загартоўвання дзеляцца на:
агульныя (рэжым дня, харчаванне, адзенне, жыллёвыя ўмовы, шпацыры);
спецыяльныя (водныя працэдуры, паветраныя ванны, гартаванне святлом, гімнастыка, масаж).
Усе мерапрыемствы загартоўвання дзеляцца на:
- агульныя (рэжым дня, харчаванне, адзенне, жыллёвыя ўмовы, шпацыры);
- спецыяльныя (водныя працэдуры, паветраныя ванны, гартаванне святлом, гімнастыка, масаж).
Эфектыўнасць загартоўвання істотна ўзрастае, калі яго спалучаць з фізічнымі практыкаваннямі.
Крытэрыі правільнага загартоўвання:
- Моцны роўны сон,
- Добры апетыт,
- Паляпшэнне самаадчування,
- Павышэнне актыўнасці і працаздольнасці.
Калі дзіця дрэнна засынае, часта прачынаецца, раздражнёнае, млявае, апетыт зніжаны, тады гэта нагода параіцца з урачом. Магчыма, патрэбныя іншыя формы ці дазіроўкі загартоўвання.
Асноўныя правілы і прынцыпы загартоўвання
1. Пачынаць гартаваць дзіця можна толькі ў тым выпадку, калі яно цалкам здаровае. Калі малыш захварэў, то загартоўванне перапыняецца і ўзнаўляецца толькі пасля выздараўлення. Але пры гэтым працягласць працэдуры кантраснага гартавання скарачаецца ў 2 разы пры захаванні ранейшай тэмпературы.
2. Улічвайце, што арганізм прыстасоўваецца да таго, з чым ужо сутыкаўся. Калі былі паўторныя ўздзеянні холаду, павысілася ўстойлівасць да холаду, калі цяпла — толькі да цяпла.
3. Каб выгадаваць сапраўднага супергероя, патрэбна шматфактарнасць — разнастайнасць сродкаў і форм загартоўвання.
4. Правільна выбірайце зону ўздзеяння — тыя ўчасткі скуры, якія звычайна схаваныя адзеннем. Яшчэ лепш чаргаваць агульнае (на ўсё цела) і мясцовае (на асобныя ўчасткі) ўздзеянне.
5. Паступова павялічвайце сілу раздражняльнага фактару — зніжэнне тэмпературы, працягласць занятку.
6. Заняткі праводзяцца сістэматычна на працягу ўсяго года — эфект дасягаецца праз некалькі месяцаў, але губляецца пры спыненні заняткаў за пару тыдняў у школьнікаў і дзён за пяць у дашкольнікаў.
7. Гартаванне павінна прыносіць дзіцяці пазітыўныя эмоцыі. Плёну ад аблівання халоднай вадой пад крык і слёзы будзе мала.
8. Улічвайце тэмпературу ў памяшканні — пачынаць працэдуру можна, калі ручкі-ножкі-носік малыша цёплыя.
9. Пачынаць гартавацца можна ў любую пару года, але лепш за ўсё падыходзяць лета і восень, калі можна хадзіць басанож, шмат шпацыраваць, плаваць у адкрытых вадаёмах.
Так што цяпер самы час!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by