Пачынаюць гуляць для пацехі, працягваюць ад скупасці, а заканчваюць тым, што гульня становіцца гарачым захапленнем.
Франсуа Поль дэ Бруэс
Як вам назва клуба па інтарэсах «Наркаманія»? Ці забаўляльнага выдання «Алкагалізм», арыентаванага, безумоўна, на мэтавую аўдыторыю? Абсурдна? Недарэчна? Гэта так. А, між іншым, назва яшчэ адной балючай залежнасці – гульняманіі – напоўніцу выкарыстоўваецца ў якасці маркетынгавага ходу, каб прыцягнуць і аб'яднаць аднадумцаў. Ёю называюць дзіцячыя забаўляльныя цэнтры, спецыялізаваныя перыядычныя выданні, інтэрнэт-кавярні і суполкі ў сацыяльных сетках... У адрозненне ад любой іншай, залежнасць ад гульні дагэтуль не здаецца такой ужо небяспечнай. А дарма.
Добрую справу лудаманіяй не назавуць
Лудаманія, яна ж гульняманія, яна ж гэмблінг-залежнасць – паталогія з мноствам абліччаў. Па складанасці цячэння і наступствах, да якіх прыводзіць залежнасць ад гульні, псіхіятры ставяць яе ў адзін шэраг з наркаманіяй і алкагалізмам.
Але ў адрозненне ад алкагольнай і нарказалежнасці, дзе апантанасць збольшага абумоўлена ўздзеяннем хімічных рэчываў, у лудаманіі адзін пускавы рухавік – азарт. Гэтая магутная чалавечая эмоцыя аднолькава здольная ўзводзіць чалавека на п'едэстал і разбураць яго жыццё да шчэнту. У гэтым сэнсе алімпійскія чэмпіёны і паталагічныя гульняманы – аднаго поля ягада. Толькі першыя, дзякуючы рызыцы, пакараюць вяршыню за вяршыняй, другія – гінуць.
Калі пусціць азарт не ў тое рэчышча, любая форма гульні, якая прадугледжвае хаця б ілюзорны шанец буйнога выйгрышу (латарэя, букмекерскія стаўкі, таталізатар, рулетка, картачныя гульні), можа зрабіць чалавека паднявольным. Часам, каб здабыць хваравітую залежнасць, досыць усяго пары гадзін гульні!
Гульнявая залежнасць прызнаная Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя псіхічным захворваннем і ўключана ў Міжнародную класіфікацыю хвароб як Pathological gambling.
Яшчэ забаўка ці ўжо хвароба?
Калі гульня, што падавалася бяскрыўднай, пачынае «красці» час, становіцца прычынай канфліктаў у сям'і і праблем на працы, правакуе рабіць пазыкі, якія ўсё складаней вяртаць, а ідэя адыграцца перасьледуе неадступна і дакучліва, вялікая верагоднасць, што вы выцягнулі не той джокер. Імя яму лудаманія.
Каб не мучыцца сумненнямі, можна прайсці тэст на гульнявую залежнасць (https://mentalhealth.by/kanadskij-pokazatel-problemnogo-gemblinga-srgi).
Але, як і ў выпадку з іншымі паталагічнымі прыхільнасцямі, ахвярам лудаманіі ўласцівыя сіндром адмаўлення. Нават калі хвароба глыбока пусціла карані, яны будуць стаяць на сваім: я здаровы, магу спыніцца ў любы момант, калі захачу. Так што ў першую чаргу напагатове трэба быць сваякам і сябрам патэнцыйнага гульнямана.
Каб своечасова звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў, варта запомніць прыкметы гульнявой залежнасці:
- відавочнае жаданне гуляць у любым выпадку, нават калі гэта шкодзіць сям'і, працы, зносінам з сябрамі;
- няма кантролю над часам: сеў згуляць на 5 хвілін, а «зацягнула» на шматлікія гадзіны. Пры гэтым чалавек выразна грэбуе раней звыклымі абавязкамі;
- гулец не ў стане самастойна кантраляваць дарэчнасць як грашовых, так і часавых выдаткаў на гульню;
- залежны літаральна жыве гульнёй: усе тэмы для размоў так ці інакш зводзяцца да абмеркавання гульняў, прапрацоўвання гульнявых сітуацый, камбінацый, хадоў, разваг аб магчымым выйгрышы. Астатнія тэмы практычна не выклікаюць цікавасці;
- няма жадання і сіл самастойна скончыць гульню, як пры вялікіх выйгрышах, так і пасля шэрагу няўдач;
- чалавек захоплены гульнёй настолькі, што можа «забыцца» паесці і паспаць;
- калі па нейкіх прычынах немагчыма працягнуць гульню, відавочны неспакой, раздражняльнасць, нават агрэсія альбо наадварот разгубленасць і прыгнечанасць;
- залежны шукае любыя магчымасці для таго, каб гуляць зноў і зноў, пры гэтым не грэбуе ніякімі метадамі: пачынае хлусіць, выкручвацца, бярэ вялізарныя пазыкі, закладае каштоўныя рэчы, гатовы ісці на крадзеж...
Як ёсць пачатак, будзе і канчатак
Спецыялісты Нацыянальнай асацыяцыі ЗША па праблемах азартных гульняў сцвярджаюць, што практычна ў кожным другім насельніку планеты «спіць» лудаман. Па іх звестках, верагоднасць стаць залежнымі ад азартных гульняў ёсць у 48% людзей (параўнайце: рызыка захварэць на алкагалізм – у 34%). Фактычна, кожны другі з нас азартны ад прыроды. Але, каб выпусціць «джына з бутэлькі», павінны быць сур’ёзныя прычыны альбо як мінімум нагода.
Эксперты вылучаюць некалькі ключавых прычын, што вядуць да лудаманіі:
- праблемы сацыяльнай адаптацыі (адчуванне непатрэбнасці, адзіноты, нездаволенасць жыццём і сваім месцам у ім, хранічна няўдалыя адносіны з процілеглым полам);
- памылковае ўяўленне аб гульнях як аб спосабе самарэалізацыі, самасцвярджэння, кампенсацыі эмацыйнай спустошанасці;
- жаданне хуткага і лёгкага ўзбагачэння (што падаграе азарт, вера ў фартуну і пачуццё неплацежаздольнасці, ахвярамі лудаманіі часта становяцца зусім небагатыя людзі).
Гульня ператвараецца ў своеасаблівы эмацыйны наркотык. Паглыбленне ў яе і ўключэнне механізму «разбуральнага» азарту прыносіць вострыя і яркія адчуванні. У чалавека з'яўляецца ілюзія блізкага дасягнення мэты, вырашэння існуючых псіхалагічных і матэрыяльных праблем, паўнаты жыцця ў цэлым.
Правакаваць развіццё залежнасці могуць не толькі ўнутраныя фактары, але і ў значнай ступені знешнія:
- дакучлівасць рэкламы ігральных устаноў, што абяцаюць вялікія выйгрышы (асабліва ў інтэрнэце);
- розныя інтэрнэт-сервісы, арыентаваныя на азартных гульцоў, якія могуць рэалізаваць свой «патэнцыял», не выходзячы з дому;
- у гэтым кантэксце адмоўную ролю адыгрывае і высокая развітасць сучасных сістэм аплаты, што дазваляе атрымаць доступ да сваіх рахункаў, а часам таксама і да крэдытных рэсурсаў online.
Акрамя таго, фарміраванню залежнасці ад азартных гульняў могуць спрыяць наступныя фактары:
- генетычная схільнасць (даследаванні паказваюць, што бацькі лудаманаў таксама імкнуліся да азартных гульняў альбо былі залежныя ад іх);
- біялагічныя стрэс-фактары, напрыклад, няпросты перыяд цяжарнасці маці, ускладненні ў родах, мноства стрэсавых сітуацый у перыяд перынатальнага развіцця, абмежаваныя тактыльныя і / ці эмацыйныя зносіны ў раннім дзяцінстве;
- розныя пашкоджанні ЦНС з-за мазгавых траўмаў і іншых прычын асабліва ўплываюць на схільнасць да залежных паводзінаў у цэлым і гульнявой залежнасці ў прыватнасці;
- псіхалагічная схільнасць да лудаманіі ўласцівая людзям з «тонкай душэўнай арганізацыяй» – залішне адчувальным, якія хвалююцца, скрытным, сарамлівым, адасобленым, што маюць нізкі парог стрэсаўстойлівасці;
- сацыяльныя фактары – пераацэнка ролі грошай у жыцці чалавека, перакананне, што з іх дапамогай можна вырашыць усе праблемы; перавага матэрыяльных каштоўнасцей над духоўнымі; «перакосы» ў сямейным выхаванні: заахвочванне бацькамі нездаровай рызыкі, адсутнасць належнай увагі збоку бацькоў.
Канец гульні
Калі з лудаманіяй нічога не рабіць, можна ў прамым сэнсе слова «дагуляцца». Па даных розных даследаванняў, суіцыдальныя думкі ўзнікаюць у 32-70% гэмблінг-залежных, а непасрэдна спробы звесці рахункі з жыццём здзяйсняюць ад 13 да 40% паталагічных гульняманаў.
Гульня, што некалі прыносіла задавальненне, у рэшце заганяе людзей у пастку. Вельмі часта ў іх адбываецца пераацэнка каштоўнасцей, што прыводзіць да разрыву сямейных і сяброўскіх адносін. У тартарары ляцяць вучоба, кар'ера, пасады і статусы ... Па розных даных, да 60% гэмблераў рана ці позна ідуць на здзяйсненне злачынства.
Сам жа залежны пакутуе і фізічна, і псіхічна. Ужо на пачатковых стадыях захворвання магчымыя сур'ёзныя праблемы з фізічным здароўем:
- галаўныя болі;
- парушэнне зроку і слыху;
- праблемы стрававальнай сістэмы як вынік няправільнага харчавання;
- псіхалагічныя перагрузкі і напружанне прыводзяць да парушэння сардэчнага рытму, боляў у сэрцы, гіпертаніі і інш.
Акрамя таго, непазбежным наступствам лудаманіі з'яўляецца знясіленне псіхікі, што спрыяе развіццю неўрозаў, неўрастэніі, дакучлівасці, дэпрэсіі. У жанчын і падлеткаў лудаманія часта суправаджаецца іншымі псіхічнымі расстройствамі, у мужчын – яшчэ і алкагалізмам.
Але ўсе згубныя наступствы лудаманіі можна прадухіліць, калі як мага хутчэй звярнуцца да спецыяліста і пачаць лячэнне.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by