Сёння роўна тры месяцы, як у Мінску быў уведзены абавязковы масачны рэжым. На астатняй тэрыторыі Беларусі гэты тэрмін склаў плюс-мінус некалькі дзён. За гэты час мы прызвычаіліся да масак альбо, наадварот, пранікліся да іх вялікай нелюбоўю. Па розных прычынах. І хтосьці так і не здолеў тую нелюбоў пераадолець. І па-ранейшаму дэманстратыўна знаходзіцца без маскі ў метро, аўтобусе, краме…
Праўда, не ў любой краме гэта ўвогуле-то і магчыма. Дзесьці прынцыпова не будуць абслугоўваць такіх пакупнікоў. Шкада, што такіх прынцыповых няшмат. Бо калі ўсё вакол абклеенае папярэджаннямі пра масачны рэжым – ад інфармацыйных да досыць катэгарычных… Ну як, як можна зрабіць выгляд, што ўсё гэта цябе не датычыцца?!
І хто б што б там ні казаў пра матэрыяльны бок справы… Маўляў, варта, як дзесьці там за межамі, каб медыцынскія аднаразовыя маскі ў тых жа крамах былі на стойках бясплатна… Кошт пытання не такі ўжо і велічэзны. Калі набываць аднаразовыя маскі колькасцю 50 ці 100 штук, дык гэта нашмат танней за кошт прадуктоваага кошыка на дзень. Бо прадукты тыя даражэюць, здаецца, з кожным днём – ой-ёй! 🙁
А што тычыцца шматразовых масак з тканіны… Заплаціў адзін раз – і карыстайся некалькі месяцаў. Усяго і клопату, што памыць, высушыць ды папрасаваць. А можна і без апошняга абыходзіцца, каб лішні раз не расцягваць…
З дыханнем у масцы асабіста я таксама ўжо навучылася спраўляцца. Галоўная ўмова – каб у маршрутцы не было дужа горача. Бо тады сапраўды і дыхаць цяжка, і блага робіцца, і маска намакае ды прыліпае да твару. А значыць, робіцца бескарыснай і, наадварот, шкоднай.
Але пакуль у нашых маршрутках гарачыня мне не пагражае! 🙂 У адзін з аўторкаў, здаецца, печка не працавала зусім. Замерзлі не толькі ногі ў цёплым-цёплым абутку, але чамусьці і перадплеччы… Ці не першы раз у жыцці… У мінулы ж аўторак дзівосы пачаліся пры пасадцы на прыпынку, дзе нас замяло ўжо да стану снегавікоў. У салоне не было святла, гарэла толькі маленькая лямпачка непасрэдна над вадзіцелем…
З напружаннем узіраючыся ў абрысы на сядзеннях, каб выгледзець вольнае месца, папрасіла вадзіцеля ўключыць святло ў салоне. На што пачула ў адказ, што яно… замерзла. Адагрэецца – уключыцца. І гэта было, на хвілінку, пры мінус 12, а маршрутка ўжо 15 хвілін праехала па горадзе. А што ж замерзне пры мінус 22? Уся машына???
Дзіва яшчэ, што вадзіцель не ірвануў імгненна з месца, як гэта бывае, а даў магчымасць мне дабрацца да сярэдзіны салона, дзе я і плюхнулася побач з дзяўчынай у масцы. Фух… Яшчэ хоць хтосьці ў масцы… Бо звычайна і кашлюны без іх… А святло сапраўды ўключылася. Яшчэ праз 5 хвілін язды па горадзе. А на прыпынку ў пасёлку Сельгастэхніка зайшоў хлопец, які заўсёды ездзіць гэтым рэйсам і заўсёды (адзін з нямногіх, апрача мяне) – у масцы.
З дыханнем у масцы не так ужо і добра, як зусім без яе… Але цярпіма. Настолькі, што калі на вуліцы мінус15-20, дык я лепей да памяшкання ў масцы па вуліцы і дайду. Сапраўды, нашмат цяплей дыхаць, ледзяное паветра не трапляе адразу ж на гланды, ды і шчокі мароз не размалёўвае ў ярка-чырвоны колер.
Адзіная нязручнасць – на вейках збіраецца кандэнсат, і яго даводзіцца раз-пораз змахваць, бо тая мокрадзь даволі адчувальна туманіць позірк. Але ў параўнанні з тым, што прастудныя захворванні праходзяць міма, гэта дробязі жыцця!
Вы ж чыталі, што, мабыць, з-за нашэння масак і дбайнага мыцця рук з мылам, а таксама захоўвання сацыяльнай дыстанцыі, наяўнасці падаленай працы там, дзе гэта магчыма, у свеце практычна перасталі хварэць на грып?! Невядома, што будзе далей, але надзейную абарону ад ледзянога паветра я адчула на сабе…
Ну-у-у-у, і лыжка дзёгцю! Вялікая! Гэта ўсё тая ж праблема – памер масак. Калі адзін і той жа вытворца прапануе набыць «s». Але гэты памер мінулай вясной і цяперашняй зімой… Гэта, прабачце, два розныя памеры!
Удала набытыя яшчэ па вясне блакітна-сінія маскі з тканіны нашу і да гэтага часу. Стопрацэнтны памер «s»! Нідзе не цісне, на вочы не налазіць… Бо з аднаразовымі медыцынскімі маскамі ў мяне чамусьці сяброўства не складваецца. Даводзіцца іх пастаянна дзёргаць уніз з вачэй… А калі сядзіш на планёрцы і збіраешся штосьці занатаваць у блакнот… Апускаеш уніз вочы і бачыш… маску! А тут пашыў ну вельмі ўдалы!
І – усё на гэтым! Больш вытворца не здолеў ці не захацеў паўтарыць той памер і форму. Здавалася, форма змяняецца зусім крыху… Тканіна тая ж самая… А прыгожая чырвоная маска ў тон паліто… рэгулярна налазіць на вочы!
Для сэлфі ў бібліятэцы ў адпаведны дзень падшыла завязкі. А пасля заўважыла, што знізу вушы… у трубачку скручваюцца! 🙂 Хаця ў масцы прабыла нядоўга, таму не ведаю, ці забалелі б яны. Проста адчуванне няёмкасці.
І – так! Кампетэнтныя спецыялісты кажуць, што нават пры доўгім нашэнні маскі вушы форму не зменяць, бо там надзейны храсток! А то ў сеціве ўжо даўно жарт гуляе… Маўляў, калі закончыцца масачны рэжым, дык пэўны час маскі трэба будзе насіць… на патыліцы, каб вушы на месца сталі! 🙂 Жарт! Проста жарт…
Ну а я, збіраючыся ехаць у чырвонай масцы ў офіс, вырашыла падшыць яе крыху па-іншаму. Па баках, каб не налазіла на вочы, не чапаючы завязак. І што ў выніку?! А ў выніку за дзве гадзіны вушы забалелі натуральна, бо ў трубачку пачалі скручвацца не знізу, а зверху!
Больш за тое! На пераноссі пасля маскі засталося выразнае чырвонае паглыбленне, якое разгладзілася толькі дзесьці хвілін праз 40… Прыгажосць казачная, што тут сказаць… L
Ну вось як, як выбраць маску, калі яе нельга прымераць, а можна толькі кіравацца пазначэннямі вытворцы??? Я спецыяльна прыклала ўжо дома чырвоную «s-ку» да «s-кі» блакітна-сіняй. І – так! Розніца ў некалькі сантыметраў бачная. А ў выніку… Вялікая нязручнасць.
Зразумела, што яшчэ на самым пачатку пандэміі каранавіруса, мінулай вясной, прапаноўваліся-вынаходзіліся і розныя прыстасаванні – у першую чаргу для медыцынскіх работнікаў, якія вымушаныя тыя маскі насіць ледзьве не суткамі… Дзве рызінкі замест адной праз патыліцу, фіксатары, заколкі і падобныя да іх рэчы… Але ж не будзеш ты штодня з гэтым замарочвацца… Хаця, калі вушэй шкада…
І ўсё ж… Усё ж нікуды нам пакуль ад масак не падзецца. І няхай розніца ў афіцыйнай колькасці захварэлых у параўнанні з папярэднім днём можа быць адчувальнай… Але пасля яна ўсё роўна вяртаецца на адзнаку паміж 1600 і 1800. Бо залежыць, вядома ж, ад колькасці зробленых тэстаў. А значыць, усім нам трэба набрацца цярпення і паслухмянасці.
Здароўя ўсім – моцнага! І – беражыце свае вушы, сябры! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by