У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё выстаўкі «Viva Kola Art. Абранае». Тут госці могуць убачыць работы пераможцаў конкурсу «Viva Kola Art 2023», а таксама лепшае мастацтва з унікальнай калекцыі Веласіпеднага клуба «Мінск».
Viva Kola Art — гэта адначасова і выстаўка, і рэспубліканскі мастацкі конкурс. Праект быў запушчаны ў 2023 годзе і маментальна здабыў папулярнасць. Такога гарманічнага сінтэзу спорту і мастацтва ніхто яшчэ не бачыў.
— Першы сезон праекта атрымаўся, таму мы вырашылі яго прадставіць у такім выбраным варыянце, — падкрэсліў на адкрыцці генеральны дырэктар велаклуба «Мінск» Аляксей Іваноў. — Вялікі дзякуй аўтарам, якія падтрымалі нас, якія ў нас вераць.
Першапачаткова ўсе работы, прадстаўленыя на Viva Kola Art, былі прысвечаны толькі веласпорту, аднак конкурс стаў развівацца шырэй, далучыўшы да сябе і хакей, і біятлон, і гімнастыку, і лыжныя гонкі, і тэніс. Ініцыятыву падтрымаў і Нацыянальны алімпійскі камітэт, які станоўча паставіўся да ідэі адраджэння алімпійскага партрэта.
У межах галерэі размясцілі разнастайныя арт-аб'екты і прадметы мастацтва, так ці інакш звязаныя з коламі, роварамі і адпаведным відамі спорту.
Жанравая разнастайнасць, прызнацца, прыемна здзіўляе. Тут можна бачыць практычна ўсе класічныя віды мастацтва: пачынаючы ад жывапісу і заканчваючы мудрагелістымі скульптурамі. Не дзіва, што на адкрыццё выстаўкі сюды прыйшло даволі шмат людзей.
Сама выстаўка звязана з 10-гадовым юбілеем сталічнага велаклуба «Мінск».
Галоўнае злучнае звяно спорту і мастацтва — чалавек. Як шмат людзей хварэе за пэўную футбольную каманду? Колькі людзей глядзіць спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы? Як часта залы тэатраў запаўняюцца да апошняга месца? Як шмат людзей у дзень праходзіць міма адной і той жа карціны ў галерэі? Мастацтва і спорт развіваюцца з разлікам на гледача: у кінатэатрах паказваюць фільмы, каб іх глядзелі людзі, спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца дзеля таго, каб людзі ўбачылі, наколькі прыгожым можа быць спорт.
У спорце і мастацтве мы любім вачамі.
Мы часта злучаем прыгажосць з гармоніяй. Займаючыся любым відам спорту або проста фітнесам, мы ў выніку імкнемся дамагчыся гарманічнага цела, прыйсці да таго самага ідэалу, які мы сабе ўяўляем. Чытаючы літаратурны твор, мы часта гаворым аб гарманічным сюжэце, гледзячы на карціну думаем аб гарманічным спалучэнні фарбаў. Усё гэта мы лічым прыгожым, прыемным для нас. І зноў мы знаходзім яшчэ адну кропку скрыжавання пад назвай «гармонія».
Атрымліваецца, што спорт сапраўды мае шмат агульнага з мастацтвам. Нельга казаць аб тым, што спорт — гэта мастацтва ад пачатку і да канца. Лепш сказаць, што спорт — гэта адна з формаў мастацтва. Важна адзначыць той факт, што спорт і мастацтва ў агульным сэнсе часта перасякаюцца і дапаўняюць адзін адно, увасабляючы ў жыццё неверагодныя вобразы, якія вартыя нашай пастаяннай увагі. Менавіта пра гэта і кажа нам праект « Viva Kola Art», які гэтым разам прадстаўлены ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў выбраным, але не меньш цікавым ад гэтага фармаце.
Баланс паміж мастацтвам і спортам. Чым выстаўка «Viva Kola Art» уражвае гледачоў?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by