Site icon Слушна

Медытацыя па-мастацку. Выстаўку Валерыя Талкачова адкрылі ў Мінску

Валерый Талкачоў

«Акварэль — асаблівая тэхніка, яна сама выбірае аўтара, які будзе з ёй працаваць». Гэта словы мастака Валерыя Талкачова, які захапляецца не толькі мастацтвам, але і рознымі працэсамі жыцця, што адбываюцца вакол. У кастрычніку ў арт-гасцёўні «Высокае места» прайшло адкрыццё выстаўкі творцы «Акварэльныя разважанні».

Валерый Талкачоў

Да выстаўкі Валерый Талкачоў рыхтаваўся год. Творы, выкананыя ў тэхніцы акварэлі, здзіўляюць тонкасцю і вытанчанасцю, паглыбляючы гледача ў чароўны свет лёгкага і паветранага, амаль бязважкага мастацтва. Менавіта пры дапамозе акварэльных фарбаў аўтар стварае свае работы.

На выстаўцы «Акварэльныя разважанні» прадстаўлена больш за 60 работ мастака. Менавіта «разважанні» ставіць у аснову канцэпцыі сваёй выстаўкі творца.

Акварэльныя мазкі, якія перацякаюць адзін у адно — гэта своеасаблівы працэс медытацыі, які натхняе творцу  на філасофскія разважанні.

— Я жыву ў самым звычайным месцы, дзе няма рэльефу. У асноўным у маіх работах адлюстравана стаўленне  да вялікай зямлі і неба, — тлумачыць Валерый Талкачоў. —  Неба настолькі вечна і зачароўвае сваёй зменлівасцю. І паспрабаваць адлюстраваць рухомую стыхію непаслухмянай акварэллю — гэта выклік сабе. Мне даводзілася чуць, як людзі кажуць нібы акварэль асацыюецца з дзіцячым маляваннем. Але зараз з'яўляцца неверагодныя новыя пігменты, розныя віды паперы. І ў пэўных момантах акварэль больш даўгавечная.

Экспазіцыя ўключае гарадскія і сельскія пейзажы, аб'яднаныя гармоніяй кампазіцыі і каларыту. У сваіх работах Валерый Талкачоў імкнецца раскрыць навакольны свет ва ўсёй разнастайнасці адценняў акварэльнай палітры, расстаўляючы свае сэнсавыя акцэнты. Яго карціны — пра вечнае жаданне адлюстраваць прыгажосць прыроды, раскрыўшы яе з дапамогай тонкіх лірычных вобразаў. Праз прызму акварэльнага бачання мастак па-майстэрску зменьвае навакольны свет, ствараючы свой уласны, аб'яднаны ў дзіўныя формулы колеру і святла. Валерый Талкачоў фіксуе сваё ўражанне ад навакольнай прыроды, ствараючы каларытны малюнак.

Акварэльныя кампазіцыі Валерыя Талкачова закрануць пачуцці кожнага аматара мастацтва. У сваіх работах аўтар імкнецца ўлавіць і зафіксаваць кранальны момант жыцця, абрамляючы яго акварэльнай агранкай, увасобіць у малюнак і перадаць гледачу.

Валерый Талкачоў — тонкі і лірычны чалавек. І гэта адлюстроўваецца ў яго работах. Філасофскія разважанні, перажыванні, прыгажосць прыроды, змена сезонаў, надвор'е. Ва ўсім ён бачыць гэтую тонкасць, лірычнасць і прапускае праз сябе.

Тэлепорт у дзяцінства. Чым чапляе новы арт-праект Наталлі Шапавалавай?

Exit mobile version