19.10.2023
19.10.2023

Тэлепорт у дзяцінства. Чым чапляе новы арт-праект Наталлі Шапавалавай?

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паглыбленне ў свет дзяцінства, пошук вызначальнай сілы, эмацыянальнае станаўленне. Усе гэта вы можаце знайсці ў сэнсах выстаўкі «Гульні ў часе і па-за ім» беларускай мастачкі Наталлі Шапавалавай, што ў кастрычніку адкрылася ў мастацкай прасторы «Арт-фабрыка».

Арт-фабрыка

Новы праект аўтара — цэлы сусвет эмоцый, узятых з розных перыядаў жыцця. Наталля — мастачка вельмі кранальная, пяшчотная. Але ў яе работах хаваецца вялікі моц яе асабістага жыццёвага шляху. Яркія колеры, статныя коні, сумныя вочы — пра што гэта ўсё? Хутчэй пра нешта асабістае, што калісьці зачапіла і праз многія гады прайшло побач, а пасля вылілася ў жывапіс.

Наталля Шапавалава

Пошук натхнення ў свеце дзіцячых мрояў і летуценняў, увасабленне вобразаў праз прызму ўспамінаў і пачуццяў пачатку жыцця, фантастычны свет казак і міфаў з'яўляецца неад'емнай часткай творчасці Наталлі Шапавалавай.

Уладзімір Канцэдайлаў

Глыбіня і моц пачуццяў падчас стварэнняў непаўторнага свету, у якім звычайныя рэчы ператвараюцца ў чарадзейныя, дзе нежывое ажывае, а прыродныя з'явы і істоты набываюць неўласцівыя якасці — найболей ярка бывае толькі ў дзяцінстве. Гэты працэс нібы незгладжальны адбітак на мастацкім самавыяўленні творцы.

Наталля Шапавалава

— Па творах, прадстаўленых у экспазіцыі, можна адначасова пазнаць і не пазнаць Наталлю. — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Гэта мастачка заўсёды непрадказальная. Яна ўмее вылучаць галоўнае і ў той жа час надаваць значнасць дэталям. Яе стыль, манера жывапісу — усё кажа пра эстэтычнасць, вытанчанасць. Варта толькі зірнуць на саму Наташу, і ужо разумееш, што яе жаноцкае абаяннне запаўняе таксама і яе творчыя работы.

Выстаўка Наталлі Шапавалавай

Жаданне знайсці сябе маленькага ў цяперашнім дарослым жыцці з'яўляецца адным з найцікавейшых момантаў пазнання, менавіта гэта спрабуе зрабіць мастачка ў шэрагу сваіх работ, прысвечаных тэме дзяцінства і асобна гульні, як адной з найважнейшых формаў дзейнасці, якая фарміруе свядомасць і асобу чалавека.

Выстаўка Наталлі Шапавалавай

Абарона асабістага «Я» ў серыі «Рыцарскія гульні» выразна дэманструе неабходнасць творцы захаваць свой унутраны свет і адначасова праяўляе яе лёгкую самаіронію.

Жывапісныя дзіцячыя вочы ў межах выстаўкі вы сустрэнеце не адзін раз. Яны чапляюць па-асабліваму. У іх адчуваецца такая пяшчотная цеплыня, любоў, надзея.

І тут ты сам нібы становішся маленькім і пачынаеш успамінаць сябе, сваё дзяцінства, сям’ю, кранальныя падзеі. Выстаўка нібы тэлепорт у мінулае, дзе ёсць магчымасць не толькі ўспомніць знаёмае, але ж і даўно забытае.

Работы Наталлі Шапавалавай

Наталля Шапавалава нарадзілася ў Крычаве. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі (мастацтвазнаўства). З 2000 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных праектах і пленэрах. Працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўнага роспісу, мастацкім тэкстылі (габелен), займаецца дэкарыраваннем інтэр'ераў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама