Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна запрашае сваіх гасцей і чытачоў наведаць персанальную мастацкую выстаўку «Іншымі вачыма» беларускай мастачкі, дэкаратара, дызайнера і ілюстратара Ганны Сямілетавай.
Жывапіс, прадстаўлены на выстаўцы, апісваецца аўтарам як своеасаблівы партал у іншае вымярэнне — свет фантазіі, яркіх фарбаў і мудрагелістых вобразаў. У гэтым намаляваным свеце магчыма ўсё, што заўгодна, трактоўка кожнай карціны абмежавана толькі палётам фантазіі канкрэтнага гледача. Адначасова з гэтым, кожная карціна Ганны Сямілетавай нясе ў сабе адбітак асабістага, амаль інтымнага маналогу на адвечныя тэмы нашага жыцця — кахання, пошуку шчасця, узаемаадносіны людзей, сувязь з прыродай і многае іншае.
Жывапісу Ганна Сямілетава навучалася ў Мінскім каледжы мастацтваў, пазней скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. На працягу пятнаццаці гадоў мастачка піша карціны маслам на палатне, ладзіць майстар-класы і займаецца стварэннем мастацкіх работ пад індывідуальныя інтэр'еры заказчыка.
Персанальная выстаўка «Іншымі вачыма» дазваляе кожнаму яе гледачу на час адкласці імгненныя клопаты і справы і перанесціся ў вымярэнне фантазіі і ўяўленняў. Мудрагелістыя і нечаканыя выявы, напісаныя мастачкай, нясуць у сабе мноства сэнсаў і адсылак на культурныя і гістарычныя феномены, знаёмыя ўсім і кожнаму.
На карцінах Ганны Сямілетавай усё не тое, чым здаецца на першы погляд, але варта прыгледзецца больш уважліва, і можна заўважыць падабенства хатняга ката з старажытнаегіпецкай скульптурай Сфінкса, тое, як самотная фігура пад начным ліхтаром быццам узнімаецца ў неба, падхопленая «промнем» іншапланетнага кораба , а сярод звыклых панэльных высотак размясцілася «пернікавая хатка» наўпрост з казак братоў Грым. Кожная з работ, прадстаўленых на выстаўцы, мае мноства трактовак і тлумачэнняў – у залежнасці ад таго, наколькі вы гатовы даць волю сваёй фантазіі, даверыцца аўтару і паглядзець на навакольны свет вачыма мастака.
Творчасць мастачкі ў большасці сваёй заснавана на яркіх успамінах з дзяцінства, юнацкасці і ўжо дарослага жыцця.
На сваіх карцінах Ганна Сямілетава адлюстроўвае вобразы рэальных месцаў, падзей, людзей, ператвараючы іх у нечаканыя і арыгінальныя мастацкія метафары, якія з'яўляюцца адлюстраваннем унікальнага погляду мастачкі на ўсё, што яе акружае.
На адкрыццё выстаўкі ў Мінскай абласной бібліятэцы прыйшлі блізкія і сябры мастачкі, знаёмыя і былыя вучаніцы аўтара. Для сваіх гасцей гаспадыня вечара падрыхтавала аповед пра творчасць, у якой пазнаёміла з канцэпцыяй выстаўкі і сваім светаадчуванні як мастачкі. Поглядам з боку на творчасць Ганны падзяліўся і яе муж, беларускі жывапісец Іван Сямілетаў.
Госці праекта ўбачылі Ганну Сямілетаву як мастачку, якая нясе ў жыццё радасць і дабро. Яе кранальная ўсмешка, так як і яскравыя сонечныя работы, выклікаюць жаданне быць шмачлівымі і шчырымі. Яркія колеры і пазітыўнае мысленне — менавіта з гэтымі складнікамі асацыіруецца асоба аўтара.
Асабліва прыемна зайсці на выстаўку гэтымі шэрымі лістападаўскімі днямі, тут вы зможаце вынырнуць са сваёй штодзённай рэальнасці і паглыбіцца ў свет фантазій і яркіх падзей, атрымаеце неверагодны зарад добрага настрою.
Жыццё — яно зараз. Праект Кацярыны Жучэнка як магчымасць зразумець сябе
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by