29.03.2020
29.03.2020

Мы ўсе падсвядома чакаем благога?!

logo
Думкі ўслых
0 83
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Паглядзела на колькасць праглядаў майго папярэдняга допісу – і задумалася. Штосьці тут не так. Альбо ўсё настолькі відавочна – і цёплае сонейка, і нагоды для радасці, што людзі і без мяне ведаюць, што для іх зараз добра. 🙂 Альбо, занятыя штодзённымі справамі, а можа насамрэч прагулкамі па цудоўным наваколлі, большасць не сядзіць у сеціве?! І ў першым, і ў другім выпадку – гэта ж выдатна! Ухваляю! Але калі мы проста падсвядома чакаем благога і таму не чытаем пра добрае…
Каранавірус. У чаканні благога.

Які з варыянтаў правільны?! Падкажыце, калі ласка! Альбо існуе яшчэ чацвёрты? І пяты?

А благога (у сэнсе – дрэннага) сапраўды хапае. І тэма каранавіруса нас па-ранейшаму хвалюе вельмі моцна. Прынамсі, у інфармацыйным плане. Што ж датычыцца таго, ці змянілася што пасля вось гэтага допісу па маіх адчуваннях у нашым гарадку… Па шчырасці, даволі разгублена я зараз пачуваюся. Бо ніякіх зменаў падчас кароткага шпацыру па крамах ды аптэках не ўбачыла. А вы?!

… У прыватнай аптэцы ў чаканні задавальнення патрэбаў чарговай пакупніцы, якой, фігуральна кажучы, трэба было ў рэшце рэшт сказаць: «Венік – вам загарнуць ці самі паляціце?!», зноўку сацыяльную дыстанцыю захоўвала я адна. Заадно і паслухала, якімі пытаннямі дама даймала супрацоўніка. Адно з іх актуальнае: у чым замачваць марлевыя маскі???

Пакуль ішоў паток пытанняў, у мяне за спіной выстраіліся чалавек пяць. Шчыльненька так – упэўнілася я, азірнуўшыся ўжо ад вакенца. Ну-ну…

Каранавірус. Чэргі ў аптэках.

… Усё тая ж крама, што і мінулы раз. Уся тая ж стужка з прадуктамі. Грамадзянін дыхае цыбульным водарам мне акурат у патыліцу. Не вытрымліваю, паварочваюся і зусім няветліва пытаюся, ці чуў ён пра сацыяльную дыстанцыю. Заадно чытаю кароткую лекцыю па сутнасці справы. Людзі за мной і ім шарахаюцца! 🙂

На шчасце, дыялог атрымаўся кароткім. Да рукапашнай не дайшло. Пакуль… 🙂 Мяне падтрымала супрацоўніца крамы, якая сядзела за касай. Сумна аглядаючы шчыльныя рады чэргаў, сыходжу…

Прайшла тэст на адным з сайтаў. Мэта – высветліць, наколькі чалавек самаізаляваўся. А паколькі асаблівых магчымасцяў у мяне для гэтага няма, аказалася – на 70%. Што было ацэнена сістэмай як «няблага». І што мне ёсць да чаго імкнуцца.

Каранавірус. Самаізаляцыя.

Ды я і сама ведаю, якія пункты валяць усю справу! Адзін з іх – якраз-такі наведванне крамаў і аптэк. Ды я разумею, што заказы і дастаўка да дзвярэй – самае тое! Але пакуль у нашай правінцыі да такога не дайшлі яшчэ. Я зараз не пра маштабную ад вядомых брэндаў… Хаця для адзінокіх састарэлых і інвалідаў сваю дапамогу прапаноўваюць і валанцёры, і Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А маім бацькам, колішнім настаўнікам, нават тэлефанавалі са школы, у якой яны працавалі, і прасілі запісаць карысныя тэлефоны і па патрэбе звяртацца па дапамогу ў дастаўцы лекаў і прадуктаў.

А што, калі мне трэба ўсяго батон і хлеб?! Заказваць дастаўку??? Не! Ногі ў рукі – і выбіраю сама ў краме тое, да чаго мы прывыклі. І гляджу вачыма, каб было свежае!  Так што крама і аптэка, як кажуць, гэта святое…

Другое. Самае важнае, з чым ніяк не магу пагадзіцца. Вось гэта той выпадак, калі меркаванне журналіста можа не супадаць з асноўнай палітыкай партала. Але я не магу не выказацца. Бо сапраўды вельмі востра рэагую… На што?! На заклікі пакінуць сталых сваякоў адных, не наведваць, прыносіць прадукты пад дзверы, раз’ехацца (!!!) і г.д.

Каранавірус. Раз'ехацца са сталымі бацькамі.

Гледзячы на сумную статыстыку маёй любімай Італіі… Так, усё правільна. І ролік на нашым партале зрабілі цудоўны! Брава! Толькі… Людзі, а вам не падаецца, што гэта ўсё – для ідэальнай сітуацыі?!

Калі бабуля і дзядуля (якія самі сябе такімі не лічаць, на свой узрост не выглядаюць, гэтак іх завуць толькі (!!!) унукі і г.д.) даволі маладога ўзросту, а не пад 80. Калі яны не хварэюць моцна, самі ў сіле. Спраўляюцца па хатняй гаспадарцы без дапамогі сацыяльнага работніка ці іншага памочніка, самі сабе гатуюць, самі сябе абслугоўваюць, вядуць актыўны лад жыцця… І дзеці жывуць не з імі, а асобнымі сем’ямі…

Так! Тады – усё правільна! Але мне вось вельмі карціць прама якое-небудзь сацыялагічнае апытанне правесці. Накшталт: колькі працэнтаў маюць вось такі ідэальны лад жыцця?!

Бо ёсць іншая сітуацыя. Больш рэальная. Так, як жыву я і многія-многія мае знаёмыя ў розных гарадах. Аб’ектыўна ўзроставыя бацькі са шматлікімі хваробамі. З імі я жыву ўсё жыццё. Асноўныя абавязкі па хатняй гаспадарцы адпаведна – мае. І калі сітуацыя са здароўем пагаршаецца…

Мне што – пакінуць іх без дапамогі?! Якая зараз займае практычна ўвесь мой дзень?! Без прыгатавання ежы і мыцця посуду, мыцця і прання бялізны, без элементарнага калямедыцынскага догляду?! Наняць кагосьці??? А хто мне дасць стопрацэнтную гарантыю, па-першае, што чалавек будзе сумленна выконваць свае абавязкі, па-другое, ставіцца да маіх бацькоў як да сваіх (гэта з якой такой радасці, скажуць многія)?!

А па-трэцяе… Хто мне дасць гарантыю, што і гэты чалавек, няхай сабе і з медыцынскай адукацыяй (яшчэ больш рызыкі), не падхопіць дзесьці каранавірусную інфекцыю?!

Таксама толькі па дыяганалі прачытала наступныя парады. Маўляў, калі няма магчымасці раз’ехацца (а яе няма!!!), «раз’едзьцеся» па розных пакоях. Да ўсяго дакранайцеся толькі кавалкам паперы, пастаянна насіце маску…

Людзі!!! Тыя, хто дае такія парады! Вы спрабавалі быць у масцы пастаянна??? Я ўвогуле не ўмею ў ёй дыхаць!!! А калі давялося, і не раз, у медыцынскай установе… Пот цурком (бо там, да ўсяго, горача), пульс – 122. Нармалёва, праўда?! І ў такім стане знаходзіцца гадзін 16-18 у суткі?!

Каранавірус. Людзі ў масках.

Я, па шчырасці, не ведаю, дзе і ў чым тут выйсце. Як кажуць, «куды ні кінь, усюды клін». Затое цудоўна ведаю, як лёгка штосьці камусьці раіць. А пасля шчыра дзівіцца: як гэта чалавек не можа таго і таго?! Гэта ж так проста! Проста… Віртуальна толькі, так бы мовіць. А ў рэале…

А ў рэале – як будзе. Штодня думаю я, намыльваючы па 100 разоў рукі. Захоўваючы ў грамадскіх месцах сацыяльную адлегласць. Клапоцячыся пра сваіх бацькоў. І дай Бог нам усім уратавацца! Хаця я і атэіст-рэаліст…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 83

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".