Размаўляць-не размаўляць, вучыць-не вучыць, любіць-не любіць… Ужо колькі дзесяцігоддзяў, калі толькі распачынаецца гаворка пра беларускую мову і яе распаўсюджванне, людзі задаюць сабе гэтыя пытанні.
І сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы ўпэўнена кажам: «Так!»
Размаўляць, вучыць, любіць! Як малыя дзеці, пачынаць з некалькіх слоўцаў, складваць іх у сказы, сказы – у аповеды…
Ужо амаль 30 гадоў я штодня размаўляю на роднай мове, пішу на ёй, стасуюся, радуюся і сумую, падтрымліваю і спачуваю... А як усцешна, што апошнім часам у сеціве сустракаю ўсё больш і больш аднадумцаў, якія жывуць не толькі ў Беларусі. Як прыемна даведвацца, што не забываюцца мовы сваёй у Расіі і Эстоніі, Літве і Германіі, Чэхіі і Японіі…
За час працы на Слушна пра гэтае цудоўнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы – распавядаю ўжо трэці раз (думкі ўслых папярэдніх гадоў можна прачытаць тут і тут).
Таму, не марудзячы, пераходзім да справы!
Тэст
Давайце праверым, як добра вы памятаеце вершы беларускіх паэтаў-класікаў і іх біяграфіі, а таксама што чулі пра сучасных аматараў беларускай паэзіі.
Проста адказваем на ўсе 10 пытанняў па парадку, а затым націскаем на «Даведацца больш».
- Хто назваў беларускую мову «ільняной, жытнёвай, сялянскай»?
а) Янка Купала
б) Максім Танк
в) Пімен Панчанка
- Маці слыннага беларускага паэта Максіма Багдановіча была родам з:
а) Койданава
б) Ігуменя
в) Прапойска
- Хто гэтак сумна распавядаў пра сваё чаканне вясны:
Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
а) Якуб Колас
б) Уладзімір Караткевіч
в) Янка Купала
- А хто так паэтычна напісаў пра дождж і каханне?
Сыпле з раніцы дождж,
Ды й даволі густы,
Па тэорыі подласці,
Добра вядомай.
Я чакаю цябе.
Я чакаю, а ты
З-за дажджу засталася, напэўнае, дома!
а) Ніл Гілевіч
б) Генадзь Аўласенка
в) Рыгор Барадулін
- Рыгор Барадулін меў чорнага катка з белымі лапкамі і манішкай па мянушцы:
а) Васька
б) Сімба
в) Мірон
- Хто гэтак прызнаваўся ў любові да беларускай мовы?
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
а) Ніл Гілевіч
б) Генадзь Бураўкін
в) Сяргей Законнікаў
- Якую міфалагічную істоту згадаў Максім Багдановіч у сваім вершы, які пачынаецца так:
Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў… у тым бары.
а) Балотніка
б) Лесуна
в) Дамавіка
- Словы песні «Я не ганю землі чужыя…», якую мы памятаем у выкананні Данчыка, належаць:
а) Генадзю Бураўкіну
б) Рыгору Барадуліну
в) Данчыку
- Захавай маю мову для родных маіх,
Захавай не як памяць, а кветку жывую,
Захавай маю мову, як зрок і як слых,
Як мелодыю свету, якую я чую.
Гэтыя душэўныя радкі напісаў:
а) Генадзь Аўласенка
б) Алесь Ставер
в) Навум Гальпяровіч
- І, нарэшце, прыгадаем пра жанчын! 🙂 Чый верш заканчваецца гэтым чатырохрадкоўем?
Хай мова птушкай лётае па свеце,
Няхай яе палюбяць нашы дзеці,
Што падрастуць і скажуць без прымусу:
– Мы ганарымся тым, што беларусы!
а) Наталлі Арсенневай
б) Еўдакіі Лось
в) Святланы Адамовіч.
Ну, а цяпер – адказы + вынікі.
За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў.
Правільныя адказы
- в) Пімен Панчанка. Верш «Беларуская мова»:
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
- б) Ігуменя
Ігумень (Ігумен) – старажытная назва сучаснага Чэрвеня. Тут у 2006-м годзе мясцовы краязнаўца і колішні настаўнік Уладзімір Дарагуж выпадкова адшукаў у старажытнай частцы гарадскіх могілак магілу дзеда Максіма Багдановіча, бацькі Марылі Мякоты Апанаса Мякоты.
Койданава – старажытная назва сучаснага Дзяржынска, Прапойск – Слаўгарада.
- а) Якуб Колас. Практычна на самым пачатку паэмы «Новая зямля».
- б) Генадзь Аўласенка. Гэта мой добры і даўні знаёмца, сябра пісьменніцкага Саюза, зямляк Рыгора Барадуліна, цяперашні жыхар Чэрвеня. А верш «Сыпле з раніцы дождж…» – адзін з маіх любімых і самых цытуемых. 🙂
- в) Мірон. І пра гэта я ўжо згадвала ў адным са сваіх разважанняў.
- а) Ніл Гілевіч. Так пачынаецца яго верш «Родная мова».
- б) Лесуна
Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў лясун у тым бары.
Лясун (лесавік, ляшак, лясны чалавек, лясны гаспадар, лясны дзед, ляснік, лесавы) – у народнай культуры славян стаў гаспадаром лесу, звычайна надзелены рысамі варожасці ў адносінах да чалавека.
Лясун мае вялікую сілу і ўладу не толькі над лесам, але і ў некаторай ступені над жыццём чалавека ўвогуле (крыніца інфармацыі – газета «Звязда»).
- а) Генадзю Бураўкіну
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
- в) Навум Гальпяровіч
Верш «Захавай маю мову, чарговы наш век». Не чулі? А ён варты таго, каб вывучыць на памяць. Усяго тры слупкі па 4 радкі… 🙂
- А-ха-ха! А патроліць? А паставіць у тупік? 🙂 Як жа без гэтага? Верш мой. «Мары аб будучым». Са зборніка, выдадзенага аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай ЦРБ у 2005-м годзе. Не паэткі – аматаркі. Правільны адказ –
в) Святланы Адамовіч. 🙂
А на фота на галоўнай старонцы таксама я – шмат гадоў таму, з помнікам літары Ў у Полацку.
Вынікі:
10 балаў. Вы што, сур’ёзна?! І апошняе пытанне ўзялі?! Я проста здымаю перад вамі ўяўны капялюш і шчыра віншую з такімі глыбокімі ведамі!
Абавязкова напішыце для мяне камент пад адпаведнай публікацыяй на старонцы «Слушна» ў ФБ, ВК, што гэта вы – 10-бальнік! Народ павінен ведаць сваіх герояў! 🙂
6-9 балаў. Прыемна, што вы ведаеце класіку і класікаў, а таксама нашых сучаснікаў. І што сапраўды чытаеце мой блог «Думкі ўслых», бо частка падказак – адтуль.
3-5 балаў. Штосьці чулі і чыталі па-беларуску?! Гэта прыемна. Спадзяюся, што пасля гэтага тэсту ваш кругагляд крыху пашырыўся і вы будзеце памятаць, як даўней назваўся горад Чэрвень.
0-2 балы. Самы час адшукаць верш Максіма Багдановіча «Возера» і прачытаць пра Лесуна, праўда? А яшчэ завучыць на памяць верш Ніла Гілевіча. І палюбавацца на фота ката Мірона, які разлёгся на плячах Рыгора Барадуліна.
З Міжнародным днём роднай мовы, сябры! Будзьма разам!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by