29.11.2019
29.11.2019

«На Мацея зіма пацея…»

logo
Беларускі код
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну што ж, гарбаты з гаючых травак на Матрону мы папілі… Дамавікоў у Піліпаў дзень пачаставалі… А сёння, у Мацвееў дзень, гайда самі ў госці! 🙂

Мацвееў дзень. Прыкметы.

Такі цікавы звычай існаваў даўней у нашых продкаў 29 лістапада. Але ж ніхто не замінае нам яго адрадзіць альбо завесці наноў, праўда?! З прыемнымі людзьмі заўсёды і пагутарыць прыемна. Нават калі асаблівага частавання ў вернікаў не прадбачыцца, бо Калядны пост з учора распачаўся.

Але ж у госці мы не толькі частавацца ходзім, праўда? Ці, як даўней было, тэлевізар паглядзець. А менавіта па цяпло чалавечых стасункаў.

Дык вось каб узяць – ды адкласці падалей усе справы… неадкладныя :). І патэлефанаваць сябрам, родзічам, знаёмым… Маўляў, а давайце разам гарбаты пап’ём? Пакінем свае асабістыя «ўмацаванні» (хаты і кватэры) і правядзём вечар за прыемнай гутаркай. Хто «за»?

Мацей. Сяброўская размова за кубачкам гарбаты.

І не трэба доўгіх прыгатаванняў ды закупаў! Па-першае, гэта не фэст на некалькі гадзін. А па-другое… Есці на ноч шкодна для здароўя, памятаеце?! Ды і экспромт – ён заўсёды нядрэнна атрымліваецца. За тым рэдкім выключэннем, калі ў халадзільніку сапраўды мыш павесілася… 🙂 Але ж можна абысціся і без запасаў з халадзільніка.

Зрэшты, вырашае кожны сам. Я проста пра ідэю распавяла. Прычым не сваю, а нашых продкаў! «Худы Мацвей, калі не ўгасціў гасцей», – заўважалі яны.

Цікавае ў іх падчас Мацвеева дня і меркаванне пра тых гасцей было. Не сакрэт, што сярод іх трапляюцца не тое што нязваныя – непажаданыя. І што ж рабіць?

Мацвееў дзень. Непажаданыя госці.

А знешне не паказваць, што чалавек вам непрыемны. Прыняць, накарміць, пагутарыць. А вось пасля ўжо, калі правялі… Раілі памыць падлогу, уваходныя дзверы, прычым святой вадой. Хм… Не ведаю… Цікавыя яны ўсё ж, даўнія ўяўленні, успрыманні ды вераванні.

Затое калі вы чакаеце дарагога госця, а ён усё не ідзе, дык раяць уваткнуць булаўку ў ручку веніка зверху і паставіць венік ля ўваходу. А вось гэта цікава! Трэба будзе паспрабаваць як-небудзь… Спрацуе ці не?!

А якія яшчэ забароны ды забабоны існавалі ў гэты дзень? І што з іх мы можам пераняць?

Чамусьці (???) 29 лістапада забаранялася насіць рэчы чырвонага колеру. Не раілі сядзець на стале – да дрэнных навінаў. А хтосьці ўвогуле сядзіць на стале??? Навошта?

Мацвееў дзень. Забарона сядзець на стале.

Забаранялася ў Мацвееў дзень свісцець у хаце, бо гэта магло прывесці… да прыходу тараканаў! Ну, тут і ўвогуле… Вядомае прыгадваецца: «Не свісці – грошай у доме не будзе!»

Цёплае надвор’е ў гэты дзень прадказвала халодную зіму. Забягаючы наперад… А на сёння якраз учора яшчэ перадавалі плюсавую тэмпературу ды дажджы.

Вось чаму зіма на Мацея «пацее». Бо калі да гэтага былі маразы, дык 29 лістапада чакаліся адлігі. Ну, нічога не скажаш. Усё пакуль ідзе па больш-менш звыкламу сцэнару…

Дарэчы, Мацвееў дзень называлі яшчэ Ветрадуем, бо звычайна моцныя вятры панавалі на яго. І гэта, прама скажам, не дужа прыемная інфармацыя. Бо асабіста ў мяне апошнім часам нос дужа чуйна рэагуе на ветранае надвор’е. Не хацелася б ізноў «падсаджвацца» на спрэй.

Мацей. Мацвееў дзень.

А заўтра ў нас, між іншым, Рыгор Зімаўказальнік! І нашы продкі ў гэты дзень… «закочвалі зіму». Як?! А куляліся ў снезе! 🙂

Нам бы 30-га лістапада знайсці столькі снегу! Я б пакулялася, бо давала ж нырца ў лісце… А вы?! 🙂 Пакуль жа – у чаканні зімы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".