Яго часта называюць земляком Шагала і Малевіча. Беларускага скульптара і графіка Аляксандра Шаппо ведаюць як знакамітага аўтара тонкіх філасофскіх работ, які ўмее не толькі перадаваць і адлюстроўваць сэнс задумы, але ж і паглыбляць гледача ў глыб гісторыі, фарміраваць яго погляд на розныя падзеі і сітуацыі. Скульптар нарадзіўся і вырас у творчай сям’і, ён змог знайсці свой творчы стыль і стаць пазнавальным.
На мінулым тыдні ў галерэі «Арт-фабрыка» у межах маштабнага гадавога мастацкага праекта «Шаппо-24» адкрылі персанальную выстаўку Аляксандра Шаппо «Solar sonata», у экспазіцыі якой многія работы творцы прадстаўлены ўпершыню.
Графіка мастака вельмі насычаная дэталямі, якія, часам, здаюцца складанымі, а скульптура наадварот выклікае пачуццё спакаю, расслаблення. Вельмі зачароўваюць гледачоў менавіта скульптуры, у якіх мы бачым жанчын: іх пластычныя ступні і цела быццам ўзносіцца ў паветра і жыве там сваім асобным жыццём.
— Я заўсёды любіў і люблю скульптуру. Гэта справа майго жыцця, — тлумачыць творца. — Я не люблю спяшацца, люблю абдумваць кожную дэталь, аналізаваць, як зрабіць свет. Многае ў маім творчым жыцці зроблена, але над многім яшчэ трэба падумаць імногае зрабіць.
Мастак у друкаванай графіцы спецыялізуецца ў літаграфіі, займаецца экслібрысам. Як скульптар працуе ў галіне мемарыяльнай і паркавай скульптуры. Яго творчасць для гледачоў не толькі цікавае і якаснае мастацтва, але ж і свята, якое кожны раз адчуваецца, калі трапляеш на выстаўку Аляксандра.
На выстаўцы ў графіцы аўтара можна ўбачыць персанажаў грэцкай міфалогіі, сусветнай літаратуры, Бібліі, гістарычных асоб, якія ўступаюць у барацьбу з непераадольнай сілай абставін, з рокам. Аляксандр Шаппо праз творчасць зноўку «пражывае» гісторыі сваіх персанажаў, ён спрабуе зразумець іх матывы, і чаму тыя здзяйснялі тыя ці іншыя ўчынкі. На адкрыцці праекта сям'я мастака жартавала: «Калі вы хоць адзін раз убачыце Дзюймовачку вачыма Сашы, не зможаце больш ніколі ўспрамаць гэту казку як раней».
Работы Аляксандра Шаппо, звернутыя да легенд, магіі і містыкі, раскрываюць глыбокі, пласт духоўнасці. Творчасць мастака выказвае фантасмагарычныя ўяўленні, якія мелі нашы продкі пра навакольны свет, пра саміх сябе, і ў яго графіцы і скульптуры заўсёды ўздымаецца тэма культурнага пачатку.
Эпілог у фарбах. Выстаўка кантрасных твораў Паўла Шаппо працуе ў Мінску
Нават калі ідзе гаворка пра розныя жанры, у якіх працуе Аляксандр Шаппо, ён падкрэслевае рэнесансныя ідэалы ўласнай творчасці. У яго работах канцэптуальнасць мастацтва і эратызм узаемазвязаны. Прадстаўленая выстаўка сапраўды абвяргае ўстояныя стэрэатыпы ўспрымання свайго наваколля
Мастак адзначае, што натхненне да яго прыходзіць самымі нечаканымі шляхамі, часам гэта паэтычны імпульс. Магічнае мастацтва Аляксандра Шаппо нясе жывыя імпульсы натуральнасці і прыгажосці існавання, якія пераадольваюць акасцяненне і ўнутранны застой развіцця чалавека.
Ідэйна-вобразныя канцэпцыі Антона Шаппо. Асаблівасці творчага почырка мастака