02.01.2019
02.01.2019

На вераб’іны скок

logo
Думкі ўслых
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Новы год прыйшоў да нас не толькі з новымі надзеямі, але і з павелічэннем светлавога дня. Бо, як вядома, пасля зімовага сонцастаяння (21-22 снежня) дзень, як заўважалі нашы продкі, пачынае прыбаўляцца на вераб’іны скок. А ў студзені ён павінен «паскакаць» і яшчэ шпарчэй. І чым пазней будзе цямнець, тым лепш мы павінны пачувацца. У тым ліку і ў плане настрою.

Пакуль на праваслаўнае Раство сіноптыкі абяцаюць нам сапраўдныя калядныя маразы – ажно за 20 градусаў! А разам з імі і сонца. І будзе ў нас сапраўды класічнае зімовае надвор’е! І, спадзяюся, хаця і кароткія (каб жа не падмерзнуць!), але вельмі прыемныя прагулкі. Тым больш, што гарады ўсё яшчэ святочна ўпрыгожаныя. І можна па-ранейшаму ствараць сабе выдатны настрой, назіраючы за той адмысловай ілюмінацыяй. А радуе яна ў гэтыя святы насельнікаў не толькі вялікіх, але і малых гарадоў.

На вераб’іны скок

У нашым Чэрвені з задавальненнем можна ладзіць шпацыры па сцежцы здароўя ў гарадскім лесапарку. А калі будзе шмат снегу, дык і на лыжах там пакатацца. І, магчыма, да моцных маразоў ужо з’явіцца на стадыёне каток. Так што наступныя трохдзённыя выхадныя па жаданні могуць стаць актыўнымі! А ўсё гэта таксама спрыяе нашаму добраму настрою і самаадчуванню. Бо мы ж – памятаеце?! – вырашылі пачаць новы год з карысных звычак.

Асабіста я чакаю маразоў яшчэ і таму, што да нас у Чэрвень павінны прыляцець снегіры! Ужо некалькі гадоў запар атрымліваецца не толькі згледзець іх на бліжэйшай вуліцы, але і сфатаграфаваць. Якія ж прыгожыя гэтыя чырванагрудыя птушачкі! Колькі радасці яны прыносяць! А яшчэ кажуць, што калі іх убачыш першы раз у годзе, можна загадаць жаданне. І яно павінна спраўдзіцца! Адмысловыя «завушніцы» на дрэвах снегіроў  таксама даўно ўжо чакаюць.  Як і гронкі рабіны ды каліны на прыватных падворках.

Засмуціўшы нас вадою і дожджыкам, выпрабаваўшы парывістым ветрам і калючым снегам, зіма нарэшце збіраецца паказаць свой суровы нораў, выпусціўшы на волю маразы. Таму самы час прыгадаць, як апранацца і харчавацца ў такое надвор’е, перачытаўшы адпаведныя матэрыялы на нашым сайце. Рыхтуемся да ледзянога подыху зімы зараней!

Цяпла нам усім у маразы! У тым ліку і душэўнага. Будзем сагравацца гарачай карыснай гарбатай з зёлак і глінтвейнам, пледам і вязанымі шкарпэткамі, іскрыстым полымем каміна са скурай перад ім... Коткай на каленях, якая так завабліва вуркоча… Адданымі сабачымі вачыма… Цікавай кнігай, фільмам… Стасункамі з блізкімі, роднымі, любімымі людзьмі…

І няхай гэты студзень будзе для ўсіх камфортным і ўтульным!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".