03.04.2024
03.04.2024

Народны каляндар на красавік

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Красавік — другі месяц вясны. Беларуская назва паходзіць ад слова «красаваць», бо менавіта ў гэты перыяд з’яўляюцца першыя краскі — кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры, – квецень. У прыватнасці яго ўжывае Ф.Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы».

да зместу

Народныя святы i прыкметы красавіка

Красавік

Гэта месяц з вясновым настроем, але прырода яшчэ захоўвае сляды зімы: «Красавік чорны ў полі, а ў бары — белы». Калі ж вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, пасля чаго ўжо гром на зялёнае голле ўспрымаўся ў народзе як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. Пра гэта гаварылася і ў прыкмеце: «У красавіку грымот — цёплы будзе год».

Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: раз не вылецелі ў красавіку пчолы — спадзявайся халадоў. А яшчэ казалі: што ў красавіку ўзнікне, у чэрвені-ліпені заквітнее, паспее, а ў жніўні ў засекі і свіраны схаваецца, у доўгую зіму дашчэнту падбярэцца.

Якія народныя святы чакаюць нас у красавіку, чытайце далей:

да зместу

1 красавіка

Нашы продкі называлі гэты дзень Дар'я Веснавая — раней у гэты час актыўна раставалі снягі. У даўнія часы людзі лічылі, што 1 красавіка бяззорнае неба абяцае сонечныя і цёплыя дзянькі, а ў цэлым надвор'е ў гэты дзень супадае з надвор'ем на 1 кастрычніка.

2 красавіка

Старыя людзі называлі гэты дзень Калодзежніца. Нашы продкі адзначалі, што вада, узятая ў гэты дзень са студні, валодае незвычайнай сілай. Таму людзі пілі ў гэты дзень калодзежную вадзіцу, абмываліся ёю і акраплялі агарод. «Вадой са студні на Калодзежніцу абмыйся, а пасля ўжо ворагаў сваіх не бойся».

Таксама ў некаторыя мясцінах людзі апраналі на сябе вопратку з ільну, а дзяўчаты вывешвалі на платах ільняныя ручнікі, каб прывабіць жаніхоў.

Красавік

да зместу

3 красавіка

Раней верылі, што ў гэты час да дамоў людзей набліжаецца ліхаманка. У народзе абаронай ад усялякіх вясновых пошасцяў і прастудаў лічыліся вуглі ды пячны попел, таму іх збіралі, загортвалі ў тканіну і прыкладвалі да хворага месца.

Старыя людзі верылі, што 3 красавіка нельга было глядзець на неба, каб не ўбачыць знічку, а вось глядзець у калодзеж у гэты дзень лічылася добрым – будуць удача і грошы. Некаторыя верылі, што сёння трэба насіць вопратку навыварат, каб не хварэць. Была прыкмета: калі з бярозы моцна цячэ сок, то лета будзе дажджлівым.

да зместу

4 красавіка

Гэты дзень лічыўся пачаткам сапраўднай вясны. Быў звычай раніцай назіраць за сонцам і па ягоным стане прадказваць ураджай і надвор'е будучага года. Калі пры ўзыходзе сонца бачныя на небе чырвоныя колы, то год абяцае ўрадлівасць. Пяклі ў гэты дзень калачы, бо яны падобныя на сонечныя кругі.

Іншыя прыкметы на 4 красавіка: шмат аблокаў на небе — цяпло прыйдзе вельмі хутка і будуць дажджы; снег растаў з паўночнага боку мурашніка — лета будзе вельмі спякотным.

да зместу

5 красавіка

Раней у гэты дзень наводзілі парадак у хаце, вымывалі падлогу настоямі чабору, крапівы, мяты, палілі за вёскай абрадавыя вогнішчы. Лічылі, што гэты дзень – пачатак нішчымніцы, што адлюстравалася ў прыказцы: «Ні крошкі, ні збожжа, ні кроплі, ні воласу».

На гэты дзень былі такія прыкметы: калі пасля цёплага дня бліжэй да ночы прыйдуць прымаразкі, то да канца красавіка будзе добрае надвор'е; калі куры вышчыпваюць пёры – надвор'е сапсуецца.

да зместу

6 красавіка

У гэты дзень у нашых продкаў была Камаедзіца — старажытнае татэмнае свята пакланення мядзведзю. У гэты дзень нашы продкі гатавалі, як яны лічылі, любімыя стравы гэтай жывёлы: сушаны рэпнік, кісель з аўса, гарохавую кашу ў выглядзе камоў (адсюль і назва свята). Пасля ўрачыстага абеду і старыя, і малыя клаліся, але не спалі, а павольна, крэкчучы, пераварочваліся з боку на бок, каб аблегчыць мядзведзю ўставанне з зімовай бярлогі.

Сяляне займаліся прыборкай двароў, палілі вогнішчы, каб прагнаць нячыстую сілу. Былі такія прыкметы: калі ноч цёплая, вясна таксама будзе цёплай; калі надвор'е дажджлівае, то год будзе лёгкі для хатняй жывёлы.

Лес

да зместу

7 красавіка

Гэты дзень лічыўся святам прылёту буслоў, якія ўвасабляюць продкаў. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. На Звеставанне было многа павер'яў: нельга было гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў. У гэты дзень «дзеўка касу не пляце, птушка кубла не ўе».

У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі замаразкі — будзе добры ўраджай; калі ідзе дождж, то лета будзе засушлівым; якое надвор'е сёння, такое будзе на Вялікдзень.

да зместу

8 красавіка

У гэты дзень жанчыны заканчвалі прадзіва, а тым, якія яшчэ працягвалі гэту справу, казалі: «Не пойдзе». Лічылася, што ўсё, што зроблена ў гэты дзень, атрымаецца непрыгожым.

Нашы продкі верылі: якое надвор'е 8 красавіка, такое яно будзе 8 кастрычніка; калі чаромха да гэтага дня зацвіце, можна саджаць раннюю бульбу.

9 красавіка

Нашы продкі называлі гэты дзень Матрона-паўрэпніца. Доўгія стагоддзі рэпа была адным з асноўных прадуктаў харчавання беларускага селяніна. Без рэпы таксама не абыходзілася ні адно свята. Таму ў календары быў дзень у гонар гэтай расліны. У гэты час бабулькі садзіліся каля акенцаў і адбіралі насенне рэпы для пасеву.

Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень ломіць цела — надвор'е будзе кепскім; калі птушкі раскрычацца вечарам — надвор'е будзе ясным; птушкі лётаюць нізка – вясеннія дні будуць сухімі.

да зместу

10 красавіка

Звычайна ў гэты дзень чысцілі бераг сажалкі. Лічылася, што 10 красавіка губляе сваю магічную сілу вянок, які сяляне плялі 15 жніўня і захоўвалі на покуці. Нашы продкі верылі, што гэты вянок надзяляў здароўем і прыгажосцю ўсю сям'ю.

У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі сонца на ўсходзе ярка-чырвонае — будзе дождж; калі сонца на захадзе чырвонае – назаўтра будзе добрае надвор'е; калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўраджай будзе добрым.

Верба

да зместу

11 красавіка

Па традыцыі гэты дзень называўся Бярэшчанне. Сёння працавалі з бяростай. У гэты дзень «слухалі бярозу» — прыкладвалі вуха да дрэва і прыслухоўваліся да руху соку. У старыя часы лічылі, што менавіта з гэтага дня можна было піць і нарыхтоўваць бярозавік. Бярозу лічылі дрэвам, якое прыносіць поспех, дабрабыт, здароўе і шчасце.

Раней былі такія прыкметы: калі сарокі звілі гнёзды на дрэвах нізка, лета будзе грымотным; лівень у гэты дзень — да добрага ўраджаю.

12 красавіка

У старыя часы людзі называлі гэты дзень Ян Лесвічнік. У гэты дзень раней пяклі лесвічкі — абрадавае печыва. Спачатку з цеста рабілі дзве жэрдачкі, клалі іх адна супраць другой, а затым ляпілі ашэсткі, якімі жэрдкі злучалі. Ашэсткаў у кожнай лесвічцы было дванаццаць — па колькасці месяцаў у годзе. Кожнаму сямейніку — свая лесвічка, якую выпякалі, каб чалавек меў моцнае здароўе.

У некаторых мясцінах па тым печыве варажылі: якая прыступка болей за ўсё абгарэла, той месяц будзе самым няўдалым. Былі такія прыкметы: калі гусі ляцяць нізка, то ў бліжэйшы час будзе мала дажджоў; калі ўжо зацвілі дзьмухаўцы, лета будзе кароткім, а восень ранняй і халоднай.

да зместу

13 красавіка

У гэты дзень нашы продкі ўшаноўвалі вогнішча, успамінаючы з падзякай і любоўю сваіх продкаў, якія здолелі знайсці і абжыць месца свайго пражывання. На хлебную ніву або на грады выносілі з печы падпаленыя галавешкі, вуглі, разводзілі агонь, праз які гаспадар роду пранасіў сохі і бароны.

У старыя часы былі такія прыкметы: калі па сінім небе плывуць аблокі, то надвор'е будзе бязветраным; калі з раніцы стаіць туман, то ўвесь дзень будзе пахмурным.

Кветкі

да зместу

14 красавіка

У народзе гэты дзень называлі Мар'я-запалі снягі. У памяці людзей ён звязаны з разводдзямі, пасля чаго з'яўлялася надзея на вялікую траву. Так і казалі: «Мар'я паводку пачынае». Яшчэ нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нібыта прачынаўся дамавік, таму трэба было хлусіць уголас, каб заблытаць яго.

У даўнія часы былі такія прыкметы: калі вада шырока разліваецца, летам лугі будуць зялёныя; калі зор не бачна, то да лета ўсталюецца цёплае надвор'е.

да зместу

15 красавіка

Палікарпаў дзень асацыяваўся ў нашых продкаў з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся апошнім зернем: «На Палікарпа пачатак бясхлебіцы», — казалі старыя людзі.

Былі такія прыкметы: пачуць у гэты дзень крык крумкача — да дрэннага надвор'я; крычыць перапёлка – будзе добры ўраджай і добрая трава для папасу.

16 красавіка

Па народных павер'ях у гэты дзень прачынаецца вадзянік. Лічылі, што ён гаспадарыць над усімі рыбамі, таму для ўдалага ўлову мужыкі ўначы павінны былі «пачаставаць» вадзяніка, залагодзіць яго.

Былі такія прыкметы: калі вецер па абедзе, то лета будзе ўраджайным, але дажджлівым; калі цэлы дзень ідзе дождж, то рыбалка ў бліжэйшыя дні будзе няўдалай.

17 красавіка

У гэты дзень у даўнія часы была традыцыя «агледзін алешыны». Нашы продкі прыносілі ў хату некалькі галінак алешыны, якія былі неабходныя пры пошуку месца для капання новай студні.

У даўнія часы былі такія прыкметы: калі прыляцелі жоравы – год паварочваецца на лета; шмат каткоў – на алешыне будзе добры ўраджай аўса; цёпла і суха – будзе добры ўраджай садавіны.

Красавк

да зместу

18 красавіка

Гэты дзень у нашых продкаў называлі Фядул-цёплы. З гэтага дня пачыналася вясновае цяпло, якое перамяжоўвалася з непагаддзю. «Прыйшоў Фядул – цёплы вецер падзьмуў, вокны адчыніў, хату без дроў нацяпліў».

Была прыкмета: дзень цёплы і бязветраны, а ноччу становіцца халаднавата – чакай устойлівага добрага надвор'я; з'явіліся насякомыя – халодна ўжо не будзе. Старыя людзі верылі: пасля Фядула маразоў ужо не будзе.

да зместу

19 красавіка

Была прыкмета: дзень цёплы і бязветраны, а ноччу становіцца халаднавата – чакай устойлівага добрага надвор'я; з'явіліся насякомыя – халодна ўжо не будзе. Старыя людзі верылі: пасля Фядула маразоў ужо не будзе.

20 красавіка

Раней у гэты дзень пачыналі высаджваць грушы. Нашы продкі лічылі, што менавіта ў гэты час прачыналіся русалкі і выходзілі на паверхню вадаёмаў. Каб залагодзіць гэтых істот, жанчыны выкладвалі на берагах прыгожыя палотны і сукенкі.

У старыя часы былі такія прыкметы: на Акуліну дождж – добрая будзе каліна; мароз і сонца ў гэты дзень – да ўраджаю збажыны і грэчкі; якое сёння надвор'е, такое будзе і 20 верасня.

Верба

да зместу

21 красавіка

Раней людзі называлі гэты дзень Радзівон-крыгалом. Сачылі за тым, каб у гэты дзень ніхто не «трывожыў зямлю»: не араў, не сеяў, не будаваў платы. У адным са старадаўніх павер'яў гаворыцца, што ў гэты дзень сонца сустракаецца з месяцам. Добрая сустрэча выяўлялася ясным сонцам і светлым днём, дрэнная — хмурнай, туманнай раніцай, пахмурным днём.

Галоўная прыкмета на сёння: «Светлы Радзівонаў дзень – добрае лета будзе, пахмурны — чакай кепскага лета».

да зместу

22 красавіка

Даўней гэты дзень лічыўся часам адмыкання крыніц і ключоў. Спрадвеку ў гэты дзень усякае сямейства хадзіла наведваць сваю крыніцу, каб пачысціць яе, адамкнуць, вызваліць ад галінак і леташняга лісця. Пачысціўшы, бралі ключавую ваду, мыліся і пілі яе на здароўе.

У гэты дзень былі прыкметы, звязаныя з вадой: калі яна ў крыніцах празрыстая, то жыццё будзе доўгім і шчаслівым; калі яна бурліць і пеніцца — чакайце хвароб і непрыемнасцяў.

Красавік

да зместу

23 красавіка

У старыя часы дзень называлі Цярэшка-марыўны. Нашы продкі прыкмецілі, што ў гэты дзень сонца бывае то ў блакітным, то ў ружовым марыве.

Таксама ў старыя часы людзі лічылі, калі сонца ў імзе – будзе год хлебародны, а калі на зямлю скаціцца, то пераворвалі зямлю і кідалі ў яе насенне зноў.

24 красавіка

У гэты дзень казалі так: «Калі Анціп без вады, то збожжа ў палях на корані высахне, разліў вялікі – і Анціп цешыцца». А народжаны ў гэты дзень па сваім характары шырокі, як разліў яго жыцця. У хаце гэтага чалавека цяжка ўтрымаць.

У старыя часы ў гэты дзень былі такія прыкметы: цёпла і ясна ў гэты дзень – лета будзе сонечным і ўраджайным; ідзе дождж – будзе шмат грыбоў.

25 красавіка

Людзі заўважалі, што ў гэты дзень сонца прыпякае, таму казалі: «Зямля, як у лазні парыцца». Паляўнічыя ведалі, што 25 красавіка дакладна выходзяць з бярлог мядзведзі. Таксама ў гэты час можна было ўжо паляваць на зайцоў.

У старыя часы былі такія прыкметы: калі дзень ветраны, то лета будзе халодным, калі цёпла і суха – год будзе ўраджайным; калі ідзе дождж, то такое надвор'е будзе і ў пачатку мая.

Кветкі

да зместу

26 красавіка

У гэты дзень існавалі прыкметы, якія былі важнымі для хлебаробаў: «Калі лясун зайцоў нагоніць – мышэй прагоніць». Калі сустракаліся белыя зайцы, якія не паспелі паліняць, то чакалі вяртання снегу ды халадоў.

Таксама людзі прыкмячалі, што калі дуб распусціўся, то лета будзе цёплым; калі на небе шмат зор, то год абяцае быць ураджайным.

27 красавіка

Лічылася, што ў гэты дзень у лужынах і ручаях купаюцца вароны разам з варанятамі і пасля гэтага адпускаюць іх у самастойнае жыццё. У гэты дзень былі распаўсюджаны агледзіны і сватаўство – бацькі з лёгкасцю адпускалі дзяцей з сям'і, каб яны стварылі сваю сям'ю і свой дом.

28 красавіка

У старыя часы гэты дзень называлі Пудаў дзень, або дзень пчаляроў. Нашы продкі лічылі, што ўжо надышла пара даставаць пчол з пчалярнікаў, свірнаў, клецяў, якія на зіму былі добра ўцеплены, пракладзеныя мохам, каб там яны перазімавалі ў цеплыні і сытасці. Казалі: «На святога Пуда даставай пчол з-пад спуда».

Былі такія прыкметы: калі на Пуда птушкі гуляюцца – надвор'е будзе цёплым і сонечным; чырвоны ўсход сонца ў гэты дзень быў прадвеснікам моцных ветраў.

Кастрычнік

да зместу

29 красавіка

Гэты дзень нашы продкі называлі Расадніца, Ваданоска. У даўнейшыя часы 29 красавіка жанчыны рыхтавалі насенне, саджалі капусту ды агуркі на расаду. Нашы продкі казалі так: «На Ірыну добра сеяць капусту». У гэты дзень у некаторых мясцінах знарок вадой аблівалі адзін аднаго пад смех і жарты — у гэтым, бывала, удзельнічала ўсё паселішча.

У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі вецер дзьме з Захаду, то будзе вільготнае надвор'е; калі на небе яркая вясёлка надвор'е сапсуецца.

Красавік

30 красавіка

Засіма-пасека — так называлі гэты дзень у даўнія часы. Нашы продкі расстаўлялі вуллі. У старыя часы ў некаторых мясцінах была такая прыкмета: калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыдзе ясна — будзе сухое лета, а калі праз хмары пакажацца – дажджлівае.

Яшчэ прыкметы: калі дзьмухаўцы ўжо расцвілі — лета будзе кароткім; на які хлеб паляціць пчала, той добра ўродзіць.

Нарыхтоўка бярозавага соку. Пакрокавы рэцэпт

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама