Site icon Слушна

Народны каляндар на снежань

Народны каляндар на снежань

«Зямлю грудзіць, хаты студзіць,
год канчае, зіму пачынае»

Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова «снег». Старабеларускае найменне яго — прасінець (у значэнні «прасвет у воблаках»).

Снежань зіму пачынае, а год канчае. Мароз у снежні і снег вышэй хаты — будзе год тады багаты. Снежань замосціць і загвоздзіць. Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць. Снежань сцюжны з зімою дружны. Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве. У снежні адкрытае вуха — летам горача і суха. Сухі снежань — сухая вясна, сухое лета.

Па першых днях правяралі ўрадлівасць наступнага лета: « у снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты». Разважалі: калі 1 снежня пагода пагодная, ранняя будзе вясна; які дзень 2 снежня  — такое надвор’е чакаецца ў сенакос; якое 3 снежня – такім яно будзе ў жніво.

да зместу

Зімовы народны каляндар

Снежань

да зместу

4 снежня. Увядзенне (Уводзіны) 

Назву свята праваслаўнай царквы народ тлумачыў так: «Бог прыводзіць зіму на зямлю».  Прадугледжвалася магчымае пацяпленне: «Увядзенне разбівае ледзенне».

Увядзенне прыйшло — зіму прывяло.

Да Увядзення калі снег выпадзе, то растане.

Пасля Увядзення, калі снег пойдзе, то ляжа зіма.

Ва Увядзенне мароз — святы марозныя, цяпло — усе святы цёплыя.

Да Увядзення звычайна трывала ўсталёўваўся санны шлях і ў сувязі з гэтым ладзіліся выпрабавальныя выезды на санях перад асноўнымі гуляннямі, на якія месяц багаты як ніякі іншы.

Права адкрываць снежаньскую весялосць на Увядзенне адводзілася маладым: падбіраліся прыбраныя размаляваныя сані, жанчыны апраналіся ў лепшую вопратку, мужчыны падпярэзваліся яркім поясам.

Па гарадах адкрываліся Увядзенскія кірмашы і таргі. Ладзілі продаж саней, таксама былі папулярныя рыбныя кірмашы з селядцом.

да зместу

5 снежня Пракоп

Прыйшоў Пракоп — разрыў гурбу, па снезе ступае — дарогу капае.

На Пракопа прынята было ўсёй вёскай выходзіць, каб раставіць вехі ўздоўж дарог, па якіх падарожнікам прасцей будзе знаходзіць дарогу ў завіруху і непагадзь. Лічылася, што з Пракопа канчаткова ўстанаўліваецца добры санны шлях. Дзіўна, як тут імя згаданага святога сапраўды супала (і не ўпершыню) з сутнасцю народных традыцый.

На Пракопа збіраліся мужчынскія братчыны (сумесныя святкаванні з прадуктаў прынесеных у складчыну з варэннем грамадскага піва.).

Пачыналіся штодзённыя паездкі мужчын у лес па дровы, якія працягваліся аж да вясновай адлігі. Вечарамі мужчыны і хлопцы саннічалі, гэта значыць выраблялі сані і палазы, а за вячэрняй працай, калі ўся сям'я збіралася разам, прынята было расказваць казкі, фантастычныя гісторыі і загадваць загадкі.

да зместу

7 снежня. Кацярына-санніца

У гэты час арганізоўвалі гонкі на санях сярод юнакоў і мужчын. Як правіла, усёй вёскай народ збіраўся на якім-небудзь узвышэнні адкуль добра было відаць, што адбываецца.

Дзяўчаты на свяце пачыналі прыглядаць сабе жаніхоў, а бліжэй да вечара надыходзіў час варожб на нарачонага. Другі этап варожб прыпадаў на 13 снежня (Андрэй Першазваны) — абодва гэтыя дні як бы папярэднічалі найважнейшыя калядныя варожбы.

Вечар пад Кацярыну — час варажбы.

Без сонейка нельга прабыць, без мілага нельга пражыць.

Не спіцца, не ляжыць — усё пра мілага сумуе.

У нявесты жаніхоў сто адзін, а дастанецца адзін.

Мужчыны ж з Кацярыны нярэдка сыходзілі ў рамізніцтва, наймаліся на зімовыя працы. З'ява гэта была досыць масавай, у сувязі з чым сфарміраваўся і дайшоў да нас цэлы культурны пласт злучаны з песнямі фурманаў-вазакоў, тэмай самотнай зімовай дарогі, рознымі дарожнымі парадамі і прыкметамі.

да зместу

9 снежня. Восеньскі (ці зімовы) Юр’я

Пра яго гаварылі «грудай гвоздзіць». У народнай прыкмеце гаворыцца: «Колькі на асенняга Юр’я снегу, столькі на вясенняга — травы».

13 снежня. Андросы (Андрос, Андрэй, Андрэйкі)

Дзявочае свята. Народная традыцыя амаль нічым не звязана з хрысціянскім праслаўленнем апостала Андрэя Першазванага. Гэта адзін з 12 вучняў Хрыста, брат апостала Пятра. Пасля зыходжання Святога Духа апостал Андрэй з Віфсаіды прапаведаваў у І стагоддзі Евангелле ў розных краінах, у тым ліку і на славянскіх землях. Празваны Першазваным таму, што першы быў прызваны Хрыстом на апостальскае служэнне.

Прыметы і абрады дня непарыўна звязаны з папярэднімі варажбой на жаніхоў на Кацярыну (7-га снежня).  Андрэй Першазваны як бы пацвярджае вынікі.

Дзяўчаты варожаць і слухаюць ваду: ціхая вада — добрая зіма, шумная — чакаюць маразы, буры, завеі. Вынік звяраюць з тым, што даў Юр'еў дзень.

да зместу

14 снежня — Навум-граматнік

Прарок Навум сваім імем выклікаў адзіную асацыяцыю: «розум». Пра яго гаварылі так: «Навум розуму навучыць» або «Навум наставіць на вум». Таму і імкнуліся з гэтага дня вучыць грамаце дзяцей, спадзяючыся, што яны, дзякуючы Навуму, хутчэй і лепш засвояць навуку.

17 снежня. Варвара

Яе імя таксама вельмі красамоўна абыгрывалася народам. Галоўнае, што адзначаў селянін, гэта як ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень («на казіны скок»), такім чынам, былі ўсе падставы «папракнуць» яе за тое, што яна, Варвара, «ночы ўваравала».

Другое сугучнае выкарыстанне імені Варвары ў прыкметах — што «Варвара варыць», г. зн. на яе дзень магчыма параўнальна цёплае надвор’е напярэдадні вялікіх маразоў. Цёплая пагода на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета. Гэты дзень быў «бабскім» святам, таму не пралі кудзелі, але талакно малоць і лён трапаць дазвалялася.

Адзначалі яго і як свята надрэчных вёсак дзеля таго, каб дзеці і жывёла не тапіліся. Каб лепш пладзілася жывёла і вялася скаціна, у адных мясцінах пякліся пірагі з макам, якія называлі «варэнне» (зноў жа блізка да імені Варвары з яўным разлікам на яе спагаду), у другіх кутках ляпілі з пшанічнага цеста галовы, рогі, ногі, капыты, вушы і кармілі спечаным худобу. У абодвух выпадках праглядваецца культ Варвары як заступніцы хатняй жывёлы.

да зместу

18 снежня. Сава (Саўка)

Як і Варвара, быў «бабскім» святам з тымі ж правіламі. Паколькі ён ішоў непасрэдна перад Міколам, то зваўся «Міколіным бацькам». Пра гэту «тройцу» гаварылі: «Барбара мосціць, Саўка цвякі вострыць, а Мікола прыбівае», маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў. Калі на Саву надта дзьмуў вецер, такога ж ветру трэба было чакаць усю квадру пасля Пятра.

19 снежня.  Мікола Зімовы

Багата адлюстраваны ў прымаўках: «Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета», «Хвалі зіму на Міколле», «Да Міколы няма зімы ніколі».

Як і многія святы і прысвяткі ў гонар гістарычных асоб, і гэты дзень, што прызначаны свяціцелю Мікалаю, сваім зместам не адлюстроўвае ні біяграфію, ні жыццёвых подзвігаў гэтага вядомага ў хрысціянскім свеце чалавека..

У гэты дзень, паводле народнага падання, Мікола Угоднік спускаецца з нябесных палёў на заснежаную зямлю. Ад яго ўцякаюць яшчэ загадзя ўсе духі цемры.

Мікола — пачатак зімовага сватаўства. З Міколы моладзь пачынала падрыхтоўку да калядных вячорак.

да зместу

22 cнежня. Ганны (Ганкі, Ганна)

Гэты прыкметны ў годзе дзень прысвечаны шанаванню праведнай Ганны — маці Багародзіцы.

З гэтага дня па календары пачатак зімы, пачын яе карэннай часткі. Снежаньскі сонцаварот, сонцастаянне — самы кароткі дзень у годзе.

24 снежня. Посная куцця

Пачатак Каляд (да 6 студзеня). Дзяўчаты варажылі, ці хутка выйдуць замуж. Насілі з песнямі «звязду». Бытавалі прыказкі і прымаўкі звычайна тыя ж, што і ў праваслаўных: «Прыйшлі Калядкі, гаспадарам парадкі», «Калядкі — добрыя святкі: бліны ды аладкі», «На Каляды ясна — ясна й на Пятры».

да зместу

25 снежняРаство каталіцкае (Каляды)

Спірыдон-сонцазварот. Праваслаўная царква ўспамінае свяціцеля Спірыдона.

У гэты дзень адзначалі сонцаварот, калі «хоць на вераб'іны скок, ды прыбудзе дзянёк». Дзень лічыцца пачаткам наймацнейшых зімовых халадоў і завеяў. «Сонца на лета, зіма на мароз», — казалі даўней.

Лічылася, што ў гэты дзень мядзведзь у бярлозе паварочваецца на іншы бок. Ёсць тры моцныя малітвы Спірыдону аб грошах і дабрабыце.

да зместу

30 снежня. Дзень Сцяпана

Знамянальны тым, што сканчваўся тэрмін службы парабкаў. Чалавек, які ад Калядаў да Калядаў працаваў на свайго гаспадара, мог адчуць сябе, нарэшце, больш-менш вольным: «На святы Сцяпан парабак сабе пан!» Парабак дарабляў абгавораны тэрмін і спадзяваўся ў наступным годзе на больш выгодную дамоўленасць: «На святога Сцяпана знайду другога пана».

31 снежня. Мадэст

Па народным календары Мадэст – заступнік жывёлы. У гэты дзень назіралі за прыродай: якое надвор'е перад Новым годам – такое будзе і перад Пятром. Светлае неба азначала, што год будзе вясёлы. Шмат снегу – да добрага ўраджаю.

Народны каляндар на студзень

Exit mobile version