04.01.2024
04.01.2024

Народны каляндар на студзень

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Студзень — году пачатак, а зіме — палавіна.

Студзень хаты студзіць — рана гаспадароў будзіць.

Студзень пагодны — будзе год плодны.

Сама назва гэтага месяца красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень — значыць, сцюдзёны. «Студзень — году пачатак, зіме — сярэдзіна».

Нярэдка па народных прыкметах год падзялялі на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая — з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор`я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор`е ў адпаведны дзень другой паловы года.

Па студзеню меркавалі пра будучую вясну і пра лета. Па характары першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі.

да зместу

Каляндар народных свят і абрадаў зімы

Народны каляндар на снежань

да зместу

1 студзеня. Новы год

У гэты дзень  адзначаюць Новы год. Упершыню Вялікае Княства Літоўскае перайшло на студзеньскі стыль у 1550 годзе.

6 студзеня. Посная куцця

У праваслаўных — посная куцця. Перадкалядная вячэра.  Гэты дзень у многіх асацыіруецца з традыцыйнай святочная вячэрай, якая сімвалізуе заканчэнне строгага посту. На стол падаюць 12 страў, у ліку якіх куцця.

Да гэтага часу ў хатах рабілі вялікую ўборку: мылі столі, сцены, скаблілі нажом і шаравалі ядлоўцам падлогі. Хадзілі ў лазню, мянялі бялізну, накрывалі саломай стол. Елі па-строгаму: капусту з квасам, хлеб, адвар або куццю.

да зместу

7 студзеня. Раство Хрыстова

У праваслаўных — Раство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту прадстаўляецца доўгачаканая магчымасць паесці смачных страў. У народным святочным календары беларусаў пачынаюцца Каляды.

У старажытнасці з гэтага дня па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, яны заходзілі ў хаты да гаспадароў, спявалі песні, скакалі пад скрыпку і бубен, выказвалі шчодрыя пажаданні. За гэта калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі, грошы. На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць, інакш, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, народзяцца пакалечанымі.

да зместу

8 студзеня. Бабіна свята

«Бабіныя кашы» — свята бабак-павітух і парадзіх. Жанчыны, якія нарадзілі дзяцей сёлета, і бабкі-павітухі збіраліся ў царкве і служылі малебен. Пасля парадзіхі запрашалі павітух у госці, адорвалі грашыма і частавалі спецыяльна прыгатаванай кашай. Гэты пачастунак і даў назву святу «Бабіныя кашы».

13 студзеня. Другая куцця 

Другая куцця ў праваслаўных вернікаў напяадні старога Новага года. Яе назва — «тоўстая» і «шчодрая». У народзе папярэджвалі: «Хто не пячэ бліноў перад Новым годам, у таго не будзе гладкай тлустай жывёлы, асабліва цялят».

14 студзеня. Стары Новы год

Васільеў дзень. Дзень лічыўся сярэдзінай зімы. Яго спрабавалі правесці максімальна весела, каб адагнаць ад сябе злых духаў, якія асабліва шалелі з 14 па 18 студзеня.

Васільеў дзень адзначалі танцамі. Абавязковай стравай у гэты дзень была куцця. Таксама 14 студзеня на стале павінны быць стравы са свініны, бо святога Васіля лічылі апекуном гэтых жывёл.

Зіма

да зместу

18 студзеня. Трэцяя (посная) куцця 

Трэцяя (посная) куцця ў праваслаўных. Перад Вадохрышчам елі посную кашу, бліны агароднінныя, мядовыя аладкі і куццю. Іней на дрэвах, завея і завіруха ў ноч на Вадохрышча былі да ўраджаю.

Завея ў гэты дзень падказвала, што будзе завіруха і на Масленіцу. Яркія зоркі на небе — народзіцца шмат ягнят.

да зместу

19 студзеня. Вадохрышча

Вадохрышча — апошняе свята каляднага цыкла: «Святое Хрышчэнне — і Калядам прашчэнне». У гэты дзень асвячаецца вада, якая затым выкарыстоўваецца пры розных бытавых выпадках і здарэннях. Напрыклад, яе даюць выпіць хвораму, ёю апырскваюць новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы; хрышчэнскай вадою асвячалі здавён поле перад сяўбою, труну, перш чым пакласці туды нябожчыка.

У народным календары дзень Вадохрышча быў адным з найважнейшых свят пачатку года. З гэтага свята завяршаліся Каляды.

У гэты час часта стаялі моцныя маразы. Але ўсе разумелі, што хутка вясна. У народзе казалі: «Трашчы мароз».

да зместу

20 студзеня. Дзень памяці святога прарока Іаана Хрысціцеля

Адзначаецца памяць святога прарока Іаана Хрысціцеля — прарока, які здзейсніў абрад хрышчэння Ісуса Хрыста. Раніцай дамачадцы нашча выпівалі асветленую ваду, каб увесь наступны год быць здаровымі.

У гэты дзень сустракаліся сваты, вяселле павінны былі паспець адсвяткаваць да Масленіцы.

да зместу

22 студзеня. Піліп

На Піліпа было прынята хадзіць у лазню — змываць Каляды. «У вёсках печы топяцца, у лазнях дзеўкі мыюцца, а ў добрых людзях сілы збіраюцца». Гаспадыні займаліся прыбіраннем дома. Ясны дзень прадказваў добры ўраджай улетку.

25 студзеня. Таццянін дзень

Свята студэнтаў. На Таццяну звычайна бывае мароз. Сонечна — рана прыляцяць птушкі з выраю. Ідзе снег — дажджлівае лета чакае людзей.

31 студзеня. Дзень Апанаса

У гэты час часта бываюць маразы. Пра гэты дзень казалі: «Апанасаўскія маразы жартаў жартаваць не любяць». На Апанаса знахары выганяюць ведзьмаў.

Працяг будзе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.