03.09.2025
03.09.2025

Народны каляндар на верасень

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Халодны верасень, але сыты.
Верасень — з досвіткам дзень.
У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.
У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.
Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь.

Вресень, руин, риень, зарев  гэтым старабеларускім найменням дзявятага месяца года адпавядае сучаснае беларускае верасень, што паходзіць ад слова «верас» (менавіта ў гэты час расліна пачынае красаваць). Ва ўкраінскай мове першы месяц восені таксама вересень, у чэшскай – zaři, польскай – wrzesień.

У англічан, французаў і немцаў – варыянты рымскага september. Рымскі september меў 29 дзён (адзін дзень дадаў Юлій Цэзар у 46 годзе). Рымляне прысвячалі яго Вулкану, богу агню, і святкавалі Вулканаліі, забіваючы ў ахвяру парася і цяля. У старажытных грэкаў на працягу дзевяці дзён адбываліся «містэрыі», таемныя культы. У іх прымалі ўдзел толькі пасвячоныя, якія рабілі ахвяры з захаваннем асаблівых абрадаў.

Неспрыяльныя ўмовы надвор’я верасня  выпадкі частых дажджоў, ранніх замаразкаў, вялікіх вятроў. Сяляне стараюцца ўбраць бульбу, агародніну і садавіну. Дрэвы мяняюць сваю афарбоўку, каб пазней засвоіць сонечную энергію: чырвонае, карычневае, пунсовае і жоўтае лісце робіць гэта лепш, чым зялёнае.

Пасля першых замаразкаў, звычайна тое назіраецца ў сярэдзіне месяца, пачынаецца лістапад. Шматгадовыя назіранні за звялай прыродай і паводзінамі жывёлы адлюстраваны ў мудрых народных прыкметах. Каток-вуркаток вымываецца і сцены шкрабае на непагадзь, а на спіне качаецца на добрае надвор’е. Імклівыя павучкі па хованках разбягаюцца непагадзь наступае.

Плятуць свае красёнцы павукі ў паўднёвым напрамку пацяплее, а ў паўночным пахаладае. Цецярукі на верхалінах дрэў расселіся на яснае надвор’е. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень на сонечнае надвор’е, а наадварот чакай непагадзь.

Вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца чакай халадоў.

Туманы на зямлю прылягаюць пацяплее хутка. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца абавязкова чакай позняй зімы.

да зместу

Восеньскія традыцыі беларусаў. Верасень

Верасень

1 верасня

У гэты дзень лічылася, што прыйшоў час убіраць буракі. Іх вельмі цанілі, лічылі, што яны лечаць ад хвароб. Нашы продкі прыкмецілі, што 1 верасня часта дзьме цёплы паўднёвы вецер, які так і звалі – цяпляк. Казалі: «Бацечка поўдзень пусціў вецер на авёс-даўгарост».

Былі такія прыкметы: якое надвор'е сёння, такім яно будзе цэлую восень; туман з раніцы прарочыў снежную зіму; калі вецер дзьме поўдня, то ўраджай аўса будзе багаты.

да зместу

2 верасня

У старыя часы ў гэты дзень ушаноўвалі мужчын. Важна было накрыць багаты стол, прыгатаваць шмат смачных страў, каб гаспадар дома быў заўсёды задаволеным і сытым — тады і працаваць будзе добра ды спрытна.

Па народных прыкметах, калі журавы ляцяць высока і не спяшаюцца, то восень будзе цёплай.

3 верасня

У гэты дзень жанчыны займаліся льном, раскладвалі яго для прасушкі, церабілі і часалі ўжо гатовы, каб атрымаць валокны, з якіх потым спрадзецца нітка. Кросны былі, бадай, у кожнай хаце, ткалі і на продаж, і на пасаг, і для штодзённага ўжытку.

Калі 3 верасня было ясна, то ведалі, што на працягу яшчэ некалькіх дзён будзе трымацца добрае надвор'е.

4 верасня

У старыя часы гэты дзень называлі Агафон Гуменнік. Лічылі, што «на Агафона лясун з лесу ў поле выходзіць, бегае па сёлах і вёсках, раскідвае снапы па гумнах». Таму ў ноч на 4 верасня сяляне ў кажухах навыварат вартавалі гумны з чапёламі ў руках, бо калі «ёсць у гумне – будзе і ў торбе».

Была такая прыкмета: калі на Агафона ясны дзень, то сонечнае надвор'е пратрымаецца яшчэ чатыры тыдні.

Верасень

да зместу

5 верасня

Гэты дзень у некаторых месцах Беларусі лічыўся ўдалым для азімай сяўбы. Але ж у іншых месцах да 5 верасня было супрацьлеглае стаўленне. Раней у лясах да гэтага часу паспявалі брусніцы і журавіны.

Былі такія прыкметы: калі жураўлі цягнуцца на поўдзень, то зіма прыйдзе рана; калі іх клін ляціць нізка, то вялікіх маразоў не будзе; калі журавы ляцяць моўчкі і хутка, то трэба чакаць хуткай непагадзі.

да зместу

6 верасня

Нашы продкі лічылі, што гэты дзень павінен быць ціхім, інакш ільняное насенне абсыплецца. У народзе было павер'е, што 6 верасня лепш не хадзіць у лес па ягады і грыбы, бо «хто ў гэты дзень з хаты выходзіць, вяртаецца абпалены і сам сябе не памятае».

Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ішоў дождж, то людзі лічылі, што восень будзе сухой, а ўраджай наступнага года багатым.

да зместу

7 верасня

У некаторых месцах Беларусі гэта быў дзень Баўтрамея, ягонае імя рыфмавалі з адпаведнымі аграрнымі працамі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей». У іншых мясцінах у гэты дзень малацілі жыта і запасаліся грыбамі.

Была такая прыкмета: якое надвор'е 7 верасня, такім яно і ўсю восень будзе. У гэты дзень у старыя часы адляталі ў вырай буслы.

8 верасня

З гэтым днём нашы продкі звязвалі ўборку аўса: «Адрыян з Наталляй аўсы канчаюць касіць». Па традыцыі ў гэты дзень людзі выносілі з песнямі з поля ў двор апошні аўсяны сноп. Увечары частаваліся талакном на кіслым малаку або на вадзе з мёдам і аўсянымі блінамі.

Былі такія прыкметы: халодная раніца абяцае раннюю і халодную зіму; калі да гэтага дня не апала лістота з бярозы і дуба, то зіма будзе суровай.

9 верасня

У гэты дзень збіралі рабіну і каліну.

Былі такія прыкметы: вялікі ўраджай рабіны — да марозу; навальніца — прадвеснік цёплай восені.

Верасень

10 верасня

У гэты час сяляне спяшаліся прыбраць ураджай перад вераснёвай непагаддзю, вывазілі снапы, складалі хлеб у скірды, таму дзень гэты называлі скірднікам: «Сава скірды зладзіць, на розум наставіць».

11 верасня

У старыя часы гэты дзень называлі Іван Калінавік, Іван Нішчымны (Посны). Па метэаралагічных назіраннях нашых продкаў дзень Івана Нішчымнага канчаткова завяршае летнюю пару. Прыбіралі агароды, сушылі і апрацоўвалі лён ды каноплі, збіралі ягады каліны. На Магілёўшчыне стараліся паболей заараць і засеяць жыта, якое, як разлічвалі, будзе асабліва ўмалотнае.

Былі такія прыкметы: калі менавіта сёння жураўлі ляцяць на на поўдзень, то восень будзе кароткай, а снег пойдзе рана; калі шпакі доўга не ўлятаюць, то восень будзе сухой; калі цёмнымі вечарамі па небе цягнуцца чароды гракоў, то надвор'е будзе добрым.

да зместу

12 верасня

У гэты дзень было прынята накрываць багатыя сталы, клікаць гасцей і ладзіць застоллі. На абед беларускія гаспадыні абавязкова падавалі ячную кашу з тварагом.

Была такая прыкмета: калі птушкі 12 верасня высока кружаць і не жадаюць адлятаць, то восень будзе цёплай, сухой і працяглай.

13 верасня

«На Купрыянаў дзень журавы на балоце дамаўляюцца, якім шляхам-дарогаю на цёплыя воды ляцець». – казалі раней у народзе. У старыя часы ў гэты дзень нашы продкі збіралі ўраджай буракоў, бульбы, морквы, журавін. Дарэчы, журавіны нельга было збіраць раней – гэта, па прыкметах, магло наклікаць бяду на чалавека.

Былі такія прыкметы: калі жураўлі ляцяць нізка, то да канца восені будзе цёпла; калі дразды раскрычаліся, то будзе дождж; калі сустрэлі вожыка, то хутка пацяплее.

да зместу

14 верасня

У гэты дзень нашы продкі праводзілі абрад «Жаніцьба коміна» – так адзначалі свята агню перад надыходам халодных месяцаў. Комін упрыгожвалі ручнікамі, стужкамі, кветкамі, «частавалі» гарэлкай, кідалі ў печ трошкі сала, збожжа, арэхаў, выказвалі пажаданні аб дабрабыце, вадзілі карагоды і пелі песні.

Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва

Былі такія прыкметы: калі дзень ясны, то восень будзе пагодлівай; калі дзень дажджлівы, то восень будзе сырой; калі дзікія гусі ляцяць на зімоўку, то зіма будзе ранняй.

Верасень

да зместу

15 верасня

У старыя часы на гэты дзень была такая прыказка: «На Фядота і Руфіну не выганяй з двара скаціну, выганіш — бяду нажывеш».

У гэты дзень прыбіралі ёўні (халодныя гаспадарчыя будыніны), уцяплялі, абкурвалі верасам і маліліся аб дабрабыце свайго статку. Была такая прыкмета: калі 15 верасня ідзе дождж — восень будзе сухой, лічылі нашы продкі.

16 верасня

У гэты дзень гаспадыні прыбіралі ўсялякую старызну ў хаце, ветрылі дабро з куфраў. Трэба было абавязкова вымыць брудныя рэчы, вычысціць абутак. Тое, што зусім было непрыдатнае, кідалі ў вогнішча, якое распальвалі на градках.

Былі такія прыкметы: калі сонца схіле чырвонага колеру, то хутка будуць халады і замаразкі; калі на елі шмат шышак, то зіма будзе цёплай; калі сёння грыміць гром, то восень будзе цёплай.

да зместу

17 верасня

Вавіла-познія вілы — так называлі гэты дзень у старыя часы. Жанчыны 17 верасня выкопвалі цыбулю.

Была такая прыкмета: шмат шалупіння на цыбулі — зіма будзе вельмі халоднай.

18 верасня

У народзе гэты дзень лічыўся шчаслівым для прадказанняў, таму на Захара і Лізавету наведвалі варажбітак і знахароў. Добра высаджваць 18 верасня цыбуліны цюльпанаў.

Была такая прыкмета: якое надвор'е сёння, такой і зіма будзе, калі на рабіне лісце ўжо пажаўцела, то зіма будзе ранняй і халоднай; калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе дажджлівай.

19 верасня

Нашы продкі прыкмецілі, што звычайна ў гэты час надыходзіць пахаладанне — Міхайлаўскія замаразкі. Людзі верылі: хто 19 верасня распаліць агонь у печы, у таго здарыцца пажар. У гэты дзень шмат у якіх мясцінах забаранялася працаваць.

Былі такія прыкметы: калі гэты дзень цёплы, то зіма таксама будзе цёплай; а вось калі пасля гэтага дня на дрэвах з'явіцца іней, то зімой будзе шмат снегу.

Верасень

да зместу

20 верасня

Раней у гэты час пачынаўся гандаль рэпчатай цыбуляй. Гэтая гародніна грала важную ролю ў харчаванні, ёй таксама прыпісвалі гаючую сілу: «цыбуля ды лазня – усім кіруюць», «цыбуля з часныком родныя браты».

Была такая прыкмета: калі на цыбулі шмат шалупіння, то маразы зімой будуць моцныя.

Як смачна прыгатаваць цыбульнікі? Пакрокавы рэцэпт

да зместу

21 верасня

У гэты дзень адзначалася адно з найстаражытнейшых і найболей важных свят, якое завяршала сельскагаспадарчы цыкл. Багачом называўся кошык са збожжам, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. З гэтым кошыкам сяляне абыходзілі двары, грукаліся ў кожную хату, зазіралі нават у гумно. У час абыходу спявалі дажынкавыя і восеньскія песні.

Назіралі на Багача і за жывёлай, прыкмячалі: калі пасля 21 верасня быдла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Была такая прыкмета: калі сёння добрае надвор'е, то і ўся восень павінна быць такой.

да зместу

22 верасня

Дзень восеньскага раўнадзенства. Нашы продкі працягвалі святкаваць Багач. Акрамя гэтага віншавалі маладых маці і абавязкова ўшаноўвалі павітух, бо гэты дзень лічылі іхным днём.

Былі такія прыкметы: калі сёння не пачалося бабіна лета, то яшчэ доўга не будзе цяплець; калі з вішні не апала лісце, то замаразкі будуць не хутка.

23 верасня

У гэтую пару малыя і дарослыя адпраўляліся ў лес, каб назапасіць для ежы рабіну, якая пасля першых замаразкаў станавілася саладзейшаю. Чырвоны колер ягад звязваў гэта дрэва ў народнай свядомасці з ахоўнай магіяй. Яе выкарыстоўвалі таксама ў вясельным абрадзе для аховы жывёлы.

Былі такія прыкметы: калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе вільготнай, а зіма суровай, калі вецер сёння дзьме з захаду, то будзе дождж, а калі з усходу — будзе пахмурна.

да зместу

24 верасня

У гэты дзень маладыя дзяўчаты збіраліся на Хвядорыны вячоркі — на ігрышчы, жаніхоў выглядаць.

Былі такія прыкметы: калі вавёркі актыўна закапваюць арэхі, то хутка надыдуць маразы; калі прайшоў дождж і з'явілася вясёлка, то хутка прыйдзе бабіна лета. А яшчэ нашы продкі верылі, што калі сёння вы ўбачыце пчалу, то зіма будзе позняй і цёплай.

Верасень

25 верасня

Па народным павер'і, змеі з гэтага дня перабіраюцца з палёў у лясы. Лічыцца, што 25 верасня вельмі важная для паляўнічых дата: у апошні раз у годзе можна падстрэліць якога-небудзь звера і вярнуцца дадому са здабычай.

Раней на гэты дзень былі такія прыкметы: калі дрэвы стаяць ужо без лістоты, то зіма сёлета будзе ранняй; калі надвор'е сонечнае, то яно будзе ясным яшчэ цэлы тыдзень.

26 верасня

Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня спыняецца ўсякі рост раслін: «З Карнея корань у зямлі не расце, а дубее». Таму раней менавіта сёння пачыналі прыбіраць караняплоды і карэнні: «Карнееў дзень на двары, усякі карэньчык у сваёй нары».

Былі такія прыкметы: калі куры пачалі ліняць, то зіма будзе цёплай; калі сёння пройдзе дождж, то наступныя дні будзе добрае надвор'е.

27 верасня

Узвіжанне (Здзвіжанне). У гэты дзень адзначалася свята «закрывання» зямлі на зіму, якое было звязана з вужамі. Лічылася, што сонца і прырода «грае, здзвігаецца». Да гэтага часу ўсе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля, лічылі нашы продкі. Па народных павер'ях, 27 верасня выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся разам, каб адправіцца на зімовы сон.

Былі такія прыкметы: калі раніцай раптам здарыўся мароз, то зіма будзе ранняй; калі вецер дзьме з поўначы, то кастрычнік будзе цёплым.

да зместу

28 верасня

Раней гэты дзень называлі рэпарэз, ён замыкаў земляробчы год. Рэпа вельмі шанавалася сялянамі: «Рэпа – мяса, рэж ды еж». З яе раней рабілі заціркі і кашы, запраўкі мясных і рыбных страў.

У гэты дзень назіралі за чародамі гусакоў, якія адляталі ў вырай. «Гусакі ляцяць – зіміцу на хвасце цягнуць, снег нясуць».

29 верасня

Нашы продкі сёння займаліся нарыхтоўкай капусты на зіму. Звычайна рабілі гэта разам, збіраючыся на так званыя капусныя вечарынкі.

Самая смачная ежа ў пост. Гатуем капуснякі разам з блогерам

Былі такія прыкметы: калі сёння цёпла і суха, то зіма будзе позняй і мяккай; калі грыміць гром, то зімой будзе вельмі мала снегу; ясная ноч — да трывалай зімы.

Восень

30 верасня

Па старадаўняй традыцыі сёння належала паплакаць аб родных і блізкіх. Потым моладзь збіралася на вечарыны, дзяўчаты шапталі на каханне, на замужжа.

Была прыкмета: калі раніцай гэтага дня пахмурна – надвор'е ў бліжэйшыя дні будзе добрым.

Народны каляндар на кастрычнік

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. Падчас вучобы пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся аўтарам на «Слушна».