11.08.2019
11.08.2019

«Наш доктар – для кожнага свой чалавек». Як жывецца ўрачу агульнай практыкі на Палессі?

logo
Асобы i лёсы
0 1184
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыкладна паўсотні кіламетраў трэба праехаць ад Салігорска, каб трапіць у палескую вёску Гаўрыльчыцы. Калі выходжу з рэйсавага напалову пустога аўтобуса, мяне ахінае ўнутраны спакой. Як жа прыгожа на Палессі! Можна лекавацца аднымі гэтымі краявідамі. Вось буслянка, на якой буслы – сімвалы Беларусі. Валошкі ў полі побач з копанкай. Упрыгожаны крыж, які стаіць на скрыжаванні дарог. Тут такая традыцыя – ставіць іх, каб зберагчыся ад аварый на дарогах.

Так, а куды ж мне ісці, каб не заблукаць? Пытаюся ў мужчыны, які  завіхаецца ў сваім двары. Ён паказвае ды пытаецца, заўважыўшы фотаапарат: «Пра доктара нашага пісаць прыехалі? То добра. Спецыяліст ён файны. Ды ўжо свой чалавек, кожнага ведае. Некалі і мне вельмі дапамог. Ратаваў, пакуль «хуткую» чакалі».

«Урач да нас не ехаў, а ляцеў!»

Мой шлях – амаль на іншы бок вёскі, дзе знаходзіцца Гаўрыльчыцкая амбулаторыя. Пешшу трэба, бо аўтобус па гэтым населеным пункце не ідзе. Але тое і добра: паспею якраз на пачатак прыему, які вядзе сённяшні герой нашага расповеду – урач агульнай практыкі Уладзімір Патапкін. Але сам сябе ён называе лекарам. Менавіта гэтае слова яму даспадобы.

Вітаемся.  Доктар распавядае, што, акрамя Гаўрыльчыцаў, амбулаторыя абслугоўвае насельніцтва яшчэ трох вёсак: Пясчанкі, Дубіцы і маленькай Цясны. Зараз гэта звыш 900 чалавек.  На жаль, за час з 1996 года, калі доктар толькі пачаў працаваць на Палессі, людзей паменела амаль напалову.

– Нарадзіўся я ў Мазыры, а дзяцінства прайшло ў горадзе Ельск, які побач, – тлумачыць Уладзімір Патапкін. – Педыятр па адукацыі, пасля ВНУ прыехаў інтэрнам у Салігорскую дзіцячую бальніцу. Адпрацаваў год, і тады пачаўся такі рух, што ў вёскі накіроўвалі ўрачоў агульнай практыкі. Зацікавіўся, вучыўся, і на 2-3 гады вырашыў пераехаць у Гаўрыльчыцы, паспрабаваць там пажыць-папрацаваць.

Пры амбулаторыі была кватэра – цёпла, гарачая вада. Мы ў горадзе жылі ў горшых умовах. А тут раздолле! Раніцай папіў на ганку кавы – і на працу. А праз два гады вырашылі, што тут застанемся.  Ці шкадую зараз?  Не! Шмат хто з маіх знаёмых дактароў з Салігорска і Мінска скардзіцца, што грошай не хапае, кіраўніцтва дрэннае, працаваць цяжка. Дык паслухаю іх і падумаю: я шчаслівы! Ці можа ў мяне іншы светапогляд?!

У амбулаторыі нас сустракаюць ветлівыя супрацоўнікі, запрашаюць на гарбату. Усе яны шмат гадоў працуюць разам. Калектыў ужо стаў – як адна сям’я, лічыць Уладзімір Патапкін. У штаце ёсць фельдчарка-акушэрка, медсястра ўчастковая і медсястра фізіятэрапеўтычнага кабінета. Яшчэ лабарант, які бярэ аналізы.  Працуюць  пры амбулаторыі санітаркі і кіроўца санітарнай машыны.

Уладзімір Патапкін паказвае мне кабінеты. У стаматалагічны якраз прыехаў зубны доктар з Салігорска. Да яго чарга.

– Напішыце-напішыце пра нашага ўрача, – звяртаецца да мяне адна з жанчын. – Я сама з Пясчанкі, у мяне тры дзіцяці. Адно хворае на астму. Аднойчы зрабілася дрэнна сярод ночы, дык доктар да нас не ехаў, а ляцеў! Дык а на чым ехаць у горад?! «Хуткую» не дачакацца, далёка. І як чалавек, і як урач наш Уладзімір – вельмі добры!

У фізіятэрапеўтычным кабінеце некалькі вяскоўцаў.  Ёсць таксама прышчэпкавы, працэдурны кабінеты, перавязачны, аглядны, стэрылізацыйны, клінічная лабараторыя.  У адным памяшканні з амбулаторыяй і невялічкая аптэка.  Ёсць два ложкі дзённага стацыянару.  Адзін заняты, хвораму ставяць кропельніцу.

– Доктар, вы мне сказалі не курыць, а я не магу ўтрымацца, – даверліва звяртаецца да Уладзіміра Патапкіна пацыент, які ляжыць пад кропельніцай.

А  той нагадвае яму пра лёс іншага вяскоўца, які не кінуў паліць. І як гэта трагічна скончылася.

– Добра-добра, буду трымацца, – згаджаецца мужчына.

Беларускія размовы, беларускія рэцэпты

Доктар глядзіць на гадзіннік і спяшаецца ў свой кабінет, бо час пачынаць прыём пацыентаў.  Прыйшлі да яго і дарослыя, і дзеці. Уладзімір Патапкін прымае іх без халата. Чаму?

– Ведаеце, гэта мая прынцыповая пазіцыя. Я лічу, што так вясковы ўрач бліжэй да хворых. А дзеткі ўвогуле баяцца белых халатаў. У іх непрыемныя ўспаміны пра той час, калі даводзілася рабіць пэўныя медыцынскія маніпуляцыі. Вядома ж, калі якаясьці маленькая аперацыя альбо трэба зашыць, дык я раблю па правілах, – запэўнівае ўрач.

Звяртаю ўвагу, што доктар размаўляе з усімі па-беларуску. І рэцэпт таксама выпісвае на роднай мове!

– Беларускасць прыйшла да мяне, калі пачаў вандраваць, – тлумачыць Уладзімір. – Пабываў у Польшчы, Славакіі. Дзетак вазіў па Чарнобыльскай праграме ў Германію. Праводзілі з сям’ёй адпачынкі ў Закарпацці. Наведваў Расію, Казахстан. Пыталіся ў мяне ў Грузіі, чаму я не размаўляю на роднай мове. Тады вырашыў, што павінен ведаць сваю мову, гісторыю. Знайшоў падтрымку ў сям’і. А калі быў у БелМАПА, дзе  павышаем адукацыю, трапіў на курсы «Мова нанова». Потым з’явіліся яны і ў Салігорску. З сакавіка мінулага года вырашыў і з хворымі размаўляць на беларускай мове. Усе разумеюць, а я пашыраю свае веды і перадаю іх іншым.

Таксама ўрач распавядае, якія хваробы зараз найбольш турбуюць людзей.

– Напэўна, самая масавая з’ява у нас тут – гэта артэрыяльная гіпертэнзія, амаль 70 працэнтаў жыхароў ад яе пакутуюць. Таму вымяраем ціск кожнаму і на прыёмах, і на падворных абходах. Каб выявіць праблему раней.

– А насельніцтва вёсак, у асноўным, сталыя людзі? – пытаюся.

– Так, іх шмат. Але, напрыклад, у Дубіцы шмат і моладзі. Зараз 9 альбо 10 новых хат там будуецца. Былі часы, калі вельмі многія кідалі вёскі, здымалі ў гарадах кватэры, працу шукалі. А зараз бачу, як вяртаюцца. Шмат у каго машыны, больш мабільнымі зрабіліся. А тут – прырода, прыгажосць.

І зноў вяртаемся да тэмы хвароб. Па статыстыцы Уладзіміра, на другім месцы – бранхіты, вірусныя захворванні, а на трэцім – усялякія радыкуліты ды люмбага.

– Лячэнне пачынаем на месцы. А калі праз 10 дзён няма паляпшэнняў, накіроўваем у Старобін. Там прымаюць неўролаг, хірург. Прыблізна 17% можам накіраваць на кансультацыю ў Салігорск. 2% трапляюць на шпіталізацыю, калі-нікалі нават у Мінск. Вядома ж, адсочваю стан кожнага хворага. Калі баліць вуха альбо вока, таксама ідуць на першы прыём да мяне. Калі штосьці складанае,  накіроўваем да вузкіх спецыялістаў: лор-урача, афтальмолага, эндакрынолага. Таксама яны самі па графіках выязджаюць у вёскі.

Ведаеце, на нашу амбулаторыю за два дзясяткі гадоў не было ніводнай скаргі.  А зараз, бывае, сваякі маіх хворых прыходзяць і кажуць, напрыклад: «Чаму ў чалавека тэмпература, а ён дома?! Мы будзем пісаць Прэзідэнту!» Я пытаюся: «А чаго вы хочаце дабіцца?!» У адказ: «Як можна лячыцца дома?!» Зразумела, яны хвалююцца за родных. Але самі сталыя людзі, наадварот, лічаць, што родныя сцены ім ачуньваць дапамагаюць.  Напрыклад, дзеткі ў нас таксама амаль не шпіталізуюцца. Ды ў нас проста іншы падыход!

На выспе, нібы партызаны

Звяртаю ўвагу, што побач з амбулаторыяй ляжаць дровы. Медыцынскія работнікі на вёсцы ўжо рыхтуюцца да зімы?!

– Так, у нас свая кацельня, – тлумачыць мне доктар. – У кастрычніку бяром 3 чалавекі, яны атрымліваюць грошы ад Салігорскай ЦРБ. Раней спальвалі шмат дроў – і было халодна. Неяк нават сам ездзіў у лес па дровы. А колькі гадоў таму зрабілі рамонт. Замянілі вокны, дзверы. І зараз у нас узімку цёпла.

Наша амбулаторыя амаль адзіная, якая так ацяпляецца. Такое засталося толькі ў ФАПах. Ці зменіцца што? На жаль, не ведаю. Тут у нас была рэарганізацыя. Сельвыканкам перайшоў у іншае месца, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства – таксама ў іншую вёску. Баяліся, каб не зачынілі школу і садок. Збіралі подпісы, адстаялі. А як далей будзе, не ведаю.

Уладзімір Патапкін распавядае, што на працягу 20 гадоў быў дэпутатам. Насельніцтва і зараз прыходзіць да яго. І не толькі па медыцынскіх пытаннях, але і параіцца, каб ён штосьці падказаў. Напрыклад, не так даўно вырашалі пытанне па маршрутцы. Таксама дамагліся свайго.

– Мы на Палессі такія ваўкаватыя, самі па сабе, – тлумачыць доктар. – Нібыта на выспе, як партызаны. С аднаго боку – рэчка Лань, з другога – дрыгва, з трэцяга – зона, дзе нарыхтоўкі робіць торфабрыкетны завод.  Да нас цывілізацыя даходзіць паступова.

Што ж тычыцца медыцыны, дык новыя тэхналогіі і абследаванні – гэта вялікі плюс. Раз у 1-2 кварталы, напрыклад, разам са спецыялістамі раённай паліклінікі тут робяць прафагляды інвалідаў, ветеранаў вайны, дзетак, дыспансэрных хворых ды іншых катэгорый насельніцтва. На вёсцы атрымліваецца правесці агляды ўсіх жыхароў. Таксама дбаюць пра аздараўленне, прафілактыку. Доктар распавядае, што ў абавязкі  супрацоўнікаў амбулаторыі ўваходзіць кантроль за школай-садком, крамамі, майстэрнямі, фермамі.

– Ці вось пайшла мода такая – дзеці сваіх бацькоў не даглядаюць, – узрушана дзеліцца думкамі вясковы ўрач. – І хаця ў нас гэта адзінкавыя выпадкі... Але, напрыклад, прыйдзеш да старых, а там зімою ні печка, ні грубка не напаленыя. Я адразу звяртаюся ў сельвыканкам, шукаем дзяцей. Ці даводзіцца старых афармляць у бальніцы сястрынскага догляду, інтэрнаты для дарослых. Альбо калі доктар прыходзіць у дом, а там дзіця ў сацыяльна непрымальных  умовах. Таксама ж трэба рэагаваць.

Уладзімір Патапкін заўважае, што яго пацыенты – людзі розных канфесій. Але непаразуменняў ніколі не ўзнікае. Напрыклад, царква хрысціян веры евангельскай, калі прыязджае перасоўны флюарограф, аплачвае электрычнасць, каб усе жыхары прайшлі абследаванне. Да слова, пры яго дапамозе выяўляецца шмат схаваных пнеўманій. Не толькі доктар, але і сярэдні медперсанал, санітаркі маюць спісы жыхароў, якіх ім трэба «кантраляваць». Напрыклад, тэлефанаваць перад флюараграфіяй ці перад вакцынацыяй ад грыпу. Так пастаўлена работа ў амбулаторыі.

Мой субяседнік кажа, што існуе меркаванне: вельмі складана працаваць са сталымі людзьмі. Але гэта не так. Усе пацыенты розныя. Нялёгка з тымі ж маладымі мамамі, якія апошнім часам даюць сваім дзецям шмат лекаў. А яны ім зусім не патрэбныя. Абавязак урача агульнай практыкі – рабіць усё, каб  была карысць для кожнага пацыента.

«Усё на месцы, дзякуй дохтуру!»

Разам з Уладзімірам Патапкіным мы на санітарным аўтамабілі наведваем тых, хто хварэе дома.

– Якая майму дзеду бальніца?! Яму і дома ўжо лепей зрабілася. Зараз ціск памераюць, укол зробяць… Усё на месцы, дзякуй дохтуру, – сустракае нас бабулька на лавачцы. – От ужо чалавек! І дзеткі яго такія ж харошыя, ёсць чым пахваліцца. Вы спыталіся?!

Не паспела. Таму пасля падворнага абходу прашу ўрача паказаць, дзе ён жыве, і крышачку расказаць пра сям’ю.

– Жонка мая – настаўніца, матэматык-інфарматык, працуе ў школе. Але не ўвесь час. 4 разы была ў адпачынку па догляду дзіцяці. Ведаеце, яна такая ж, як і я, апантаная беларускасцю. Хоча афіцыйна выкладаць на роднай мове свой любімы прадмет. Вольга – добрая гаспадыня. 6 сотак агароду – яе клопат. Я дапамагаю потым толькі ўраджай у падвал занесці. Шмат вырошчвае зеляніны, гародніны.

У нас, як я казаў, чацвёра дзяцей. Валерыя нарадзілася, калі мы маладыя былі, пасля ўніверсітэту. Зараз старэйшая дачка жыве ў Бараўлянах, працуе інжынерам. Ведае нямецкую і англійскую мовы. Антаніна на тры гады за яе маладзейшая. Сёлета атрымала адукацыю тэхніка-праграміста, працуе ў Гародні ў школе, па сумяшчальніцтве сакратарка.

Багдан у 9 класе. Добра вучыцца, збіраецца ў абласны ліцэй. Вельмі смачна ўмее гатаваць! Дапамагае мне, сам касіў сёлета. На курсах Еўрапейскай школы карэспандэнцкага навучання атрымаў камп’ютарную адукацыю.  А Усціну 8 гадкоў. Ён у другім класе. Скача, гуляецца… Яшчэ зусім дзіця, нядаўна выпаў малочны зуб. Але ведаеце, калі якая сумесная праца, як і ўсе дзеці, ён далучаецца да яе.

– А цяжка з імі?!

– На маю думку, цяжка з адным, калі не ведаеш, дзе жыць, як зарабляць. Два – ужо лепей, чым адзін.  А чатыры яшчэ лепей! – шчыра ўсміхаецца доктар Патапкін.

А яшчэ распавядае, што жывёлу сям’я не трымае, няма гаспадаркі. Ёсць толькі кот.

– Ён патрэбны, каб мышэй трымаць пад кантролем, – смяецца Уладзімір. – А я дома кантралюю невялічкую сажалку з рыбай і свой сад, дзе шмат і хваёвых дрэў.

…Збіраюся ад’язджаць з Гаўрыльчыцаў. Але тут так хораша, утульна, што я крышачку зайдрошчу ўрачу агульнай практыкі. Так прыемна, калі чалавек не мясцовы настолькі гарманічна ўпісаўся ў жыццё палешукоў, што ажно некалькі з іх сказалі мне: «Наш доктар – свой чалавек!» Мабыць, такія словы ад пацыентаў – самая важкая падзяка за шматгадовую працу.

Фота аўтара і з сямейнага архіва доктара Патапкіна.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 1184

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"