Оперная дзіва міжнароднага маштабу, уладальніца рэдкага голасу, адзіная ў Беларусі выканальніца ўсёй оперы «Турандот», прыгожая брунэтка, харызматычная вакалістка, салістка Вялікага тэатра оперы і балета, удзельніца шоу «Фактар.by» — гэта ўсё пра Настассю Малашкевіч.
З артысткай пагаворылі аб правілах гармоніі і шчасця, яна падзялілася сакрэтам, як трымае голас у тонусе, расказала, якімі стравамі традыцыйна можна пачаставацца на яе навагоднім стале, і што яна загадала ў Дзядулі Мароза на Новы год. Аб гэтым і іншым чытайце ў нашым інтэрв’ю.
Вытокі
– Заўсёды мяне цікавіла музычная тэма, з дзяцінства. Я была актыўным дзіцяці. Цікавіла любая музыка. Не проста слухала, але і вывучала яе. І таму вялікая прага да ведаў прывяла мяне да музыкальнага вучылішча. Нарадзілася я ў Крыме. У Беларусь пераехалі з бацькамі, калі была падлеткам. Пачынала свой шлях ў Гомелі, пасля перавялася ў Мінск і заканчвала «Глінку» па спецыяльнасці «акадэмічны вакал». Дарэчы, напрыканцы лістапада быў вялікі канцэрт у філармоніі да стагоддзя музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. Спявалі і студэнты, і выпускнікі, і я ў тым ліку.
Пачынала працаваць я музычным педагогам, па сумяшчальніцтву педагогам-арганізатарам у школе. Першы спробны выкладчыцкі момант. А пасля я ўжо спрабавала сябе ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Светач». Была кіраўніком вакальнай студыі. Атрымала педагагічную катэгорыю. Паралельна вучылася ў Акадэміі музыкі (клас опернага мастацтва), у Людмілы Якаўлеўны Колас. Пасля навучання не адразу патрапіла на вялікія падмосткі. У 2017-м я яшчэ выкладала ў музычным вучылішчы па размеркаванні. І пасля прыйшла ў стажорскую групу Вялікага тэатра і ўзяла ўдзел у Міжнародным глядацкім конкурсе маладых выканаўцаў. Патрапіла ў асноўную трупу тэатра. Цікавая падзея дапамагла скараціць знаходжанне ў якасці стажора і патрапіць адразу ў асноўны склад.
Опера & Этрада
– Я оперная спявачка, якая ўмее сумяшчаць эстрадны вакал, хоць гэта і розныя сусветы. Розныя галасы, тэхніка. Нельга сказаць, што лягчэй ці складаней. Проста ўнікальнасць мая заключаеццца ў тым, што я магу сумяшчаць. У асноўным так мала хто можа.
Пакуль думаю, калі ўдаецца працаваць з рознымі жанрамі, то я буду прадаўжаць. У мяне ёсць ідэя пісаць красоверы ў такім фармаце, бо гэта ўнікальна. Пакуль магчымасці дазваляюць, чаму б гэтага не рабіць, а далей будзе бачна. Магчыма, што мяне паглыне опернае мастацтва, гэты сусвет, і я буду спяваць толькі класіку альбо наадварот, займацца канцэртнай дзейнасцю. Калі гаварыць пра опернае мастацтва, то ў мяне пагранічны голас — альбо моцнае драм-сапрана альбо меца-сапрана. Магчымасці майго голасу дазваляюць выконваць як класічныя партыі, так і меца-сапрановыя. Здольнасці ёсць.
У маім разуменні ніхто ніколі не нараджаецца з ужо гатовым матэрыялам, правільна сказаць, з гатовым рэсурсам. У любым выпадку, заўсёды вялікая колькасць гадзін працы, мільёны трэніровак вырашаюць. Таму што голас — як у спартсмена мышцы. Трэніроўкі, пастаянны тонус, развіццё і дасягненне пэўных новых вынікаў. І маё навучанне працягваецца. Увесь час займаюся, трэніруюся, вучу новы матэрыял, пастаянна развіваю вакальныя магчымасці. Гэта хвароба (смяецца). Гэта фанатычныя адносіны да сваёй справы, па-іншаму не працуе.
Дзякуй вялікі Людміле Якаўлеўне Колас за класічную сапраўдную оперную базу, за выхоўванне мяне ў артыста. Было шмат зроблена: акрамя вакальнай, тэхнічнай, была і ўнутраная праца, якая загартоўвае, правільна фарміруе працэс мыслення артыста, закладвае правільнае нутро паводзінаў, вытрымкі, пэўных якасцяў характару, дысцыпліны.
Калі я прыйшла ў стажорскую групу, патрапіла да Кацярыны Галаўлёвай, ёй вялізны дзякуй. Гэта выпускніца маскоўскай кансерваторыі з вялікім стажам работы ў расійскіх тэатрах, у тым ліку Масквы і ў нас. Пра Кацю можна расказваць доўга, яна пераспявала паўсюль, мне здаецца… І былі ў мяне міжнародныя стажыроўкі, напрыклад, у прафесара Манака. Я і ў анлайн-семінарах удзельнічаю, і працую з знакамітымі канцэртмайстрамі старой і сучаснай школ, якія працавалі са знакамітымі спевакамі, маюць неймаверны запас ведаў і ўменняў выканаўчага майстэрства. Таму з музычнага пункту гледжання са мной праводзіцца вялікая праца. Гэта работа кожны дзень. Не дзіўна, што ў маім творчым жыцці пастаянна адбываецца нешта цікавае.
Партыі — складаныя і любімыя
— У дадзены момант у тэатры ідзе рэмэйк пастаноўкі оперы «Яўген Анегін». Але я зараз паглыблена ва ўвод партыі спектакля «Макбет». Гэта будзе мая новая партыя. І вялікая работа праводзіцца ў дадзеным кірунку. Дарэчы, я адзіная выканальніца партыі ўсёй оперы «Турандот» у Беларусі, не толькі арыі – усёй оперы. Гэта партыя лічыцца калі не самай складанай, то найскладанейшай з пункту гледжання вакальнага выканння ў свеце. Яе фізічна і вакальна могуць выканаць толькі каля дзесяці спявачак у свеце. І ў асноўным гэтую партыю бяруць зрэлыя, дарослыя спявачкі, якія ўжо валодаюць найвышэйшай тэхнікай выканальніцкага майстэрства і вопытам. Таму што ёсць такое паняцце «крывавая партыя», гэта значыць, вельмі небяспечная. Калі праводзіць аналогію са спортам, ёсць пэўныя трукі, якія, калі спартсмен не падрыхтаваны, могуць нашкодзіць яму, дакладна такжа і ў нашай дысцыпліне.
Кожны раз выкананне такой партыі для мяне выклік. Таму што гэта пэўнага кшталту адказнасць, рызыка, вялікі адрэналін. А таксама я люблю выконваць партыю Тоскі з аднайменнай оперы, я люблю Пучыні, увогуле вельмі люблю верызм. Падабаецца выконваць партыю Сантуцца з «Сельскага гонару». Дарэчы, сапраўдная італьянская назва — «Cavalleria rusticana» — гучыць прыгажэй, праўда? Цудоўная музыка. Чаму мне падабаецца верызм? Таму што там прасочваецца сапраўдныя, шчырыя пачуцці, чалавечыя адносіны, канфлікты і шляхі іх вырашэння.
Сакрэт ідэальнага голасу
— Гэта вельмі індывідуальны працэс для кожнага. Ведаю, нейкія дзяўчаткі ў нас, калі не паелі — не спяваюць. Быццам, гэта надае ім сілы і энергіі. Мне, напрыклад, трэба якраз быць свабоднай ад пераварвання ежы. У цэлым тут ніякіх сакрэтаў няма, напраклад, сырых яек з ранку, нічога падобнага. Гігіена голаса, беражлівыя адносіны да свайго галасавога апарату дапамагаюць быць у рэсурсе.. З маім графікам і нагрузкай, безумоўна, гэта вельмі складана, але трэба берагчы сябе, думаць пра здароўе глабальна. Цяпер такі час – трэба ўважліва адносіцца да здароўя свайго і сваіх блізкіх, берагчы адно аднаго.
«Фактар.By» і прафесіяналізм артыста
– Мне вельмі складана, таму што я крытычна да сябе адношуся. У мяне нічога не стаіць на пастаменце Я проста ўвесь час дабіваюся для сябе новых задач, стаўлю новыя мэты, у мяне растуць амбіцыі і проста рухаюся далей. Лічу, як толькі артыст ставіць сабе нешта на пастамент і ганарыцца дасягненнем, яго развіццё прыпыняецца.
Заўсёды набываю новы вопыт, новыя знаёмствы з удзячнасцю. Удзячна праекту «Фактар.by» за магчымасць быць пачутай на ўсю краіну. За новага гледача, за тое, што я магла спяваць на дзяржаўным канале шматмільённай аўдыторыі, прадэманстраваць сваё музычнае бачанне. Там старалася здзіўляць, і я вельмі ўдзячна за відэаполе, якое прадастаўляе праект, за магчымасць рэалізацыі, за наладжванне сувязей для артыста. Вельмі ўдзячна, што мы працягваем сябраваць і за тое, што мяне запрашаюць на іншыя перадачы, што выступаю на розных айчынных пляцоўках. Артыст існуе толькі тады, калі існуе яго глядач.
Маладыя артысты. На жаль, цяпер складана гаварыць. Маё музычнае выхаванне дае падставу меркаваць, што ўсё ж такі музычная адукацыя важная. І на сцэне павінны знаходзіцца прафесіяналы.
Цяпер вельмі размыта мяжа між прафесіяналізмам і ўражаннем на сцэне.
Калі гаварыць сучаснай мовай, ёсць артысты, а ёсць людзі для хайпа. Ёсць перформеры, вельмі шмат людзей, якія ўражваюць і выклікаюць эмоцыі, але пры гэтым дрэнныя спевакі. З маёй класічнай адукацыяй і школай думаю па-іншаму. Я ў першую чаргу – выканальніца, а пасля ўжо расціла ў сабе навыкі артыста і працягваю гэта рабіць. А цяпер вельмі шмат людзей, якія хочуць ствараць уражанне, выклікаць розныя эмоцыі, бяруць яркасцю, эпатажам. Аднак для мяне важны складнік — узровень выканальніцкага майстэрства. Я, на жаль, не магу па-іншаму, так выхавана. Ужо маё меркаванне не зменіцца. З павагай адношуся да людзей, у якіх няма музычнай адукацыі, але якія вельмі годна гэта могуць рабіць на сцэне. У мяне адпадаюць тады пытанні да іх: не склалася, паралельна навучаліся ці яшчэ што-небудзь.
Скажу пра сябе: у мяне ж няма адукацыі ў сучасным вакале – гэта маё хобі, якое я развівала паралельна з атрыманнем класічнай адукацыі. Таму цалкам дапушчальна, што ў людзей, у якіх іншая прафесія, хобі перарасло ў жыццё і сэнс. У вас можа не быць адукацыі, але, калі вы выконваеце штосьці, гэта павінна быць годна. Тады пытанняў няма.
Падабаецца спяваць — бярыце ўрокі
– У чым асаблівасць класічнага мастацтва? Туды без прафесійнай адукацыі не патрапіш! Як не патрапіш у юрыспрудэнцыю, медыцыну: у вас павінна быць пацвярджэнне кваліфікацыі. Немагчыма патрапіць у гэтую сферу без прафесійнай падрыхтоўкі, музычнай адукацыі, з дакладнасцю так, як не патрапіце на міжнародную спартыўную арэну без спецыялізаванай падрыхтоўкі. Шмат маладых артыстаў без музычнай адукацыі праз агенцтва альбо лэйблы, праз аўтарскі матэрыял рэалізуюць свой патэнцыял і трапляюць на вялікія канцэртныя пляцоўкі і дасягаюць вядомасці. Калі ласка, гэта ж цудоўны шлях, у кожнага сваё бачанне, і неабавязкова мець музычную адукацыю, каб быць цудоўным артыстам, гэта праўда.
Важна, каб быў узровень, важна, каб гэта было якасна зроблена і важна, каб ужывую маглі выканаць годна тое, што ў запісе і тое, што імкнецеся даносіць. Каб музыка і тэкст, а таксама выкананне было на годным узроўні. Параю займацца заўсёды з вакальнымі коўчамі. Калі падабаецца спяваць – бярыце музычныя ўрокі, шукайце свайго педагога, спрабуйце розных педагогаў, нават з іншых краін. Развівайцеся ў гэтым кірунку. Будзьце сквапным, імкніцеся пазнаваць новае, тады знойдзеце сябе, свой шлях. Калі будзеце валодаць ведамі, пасля зможаце выдзеліць, што блізка. Неабавязкова ўсё спажываць, што даюць. Трэба мець параўнальную крытыку для сябе. Абавязкова вывучаць музычную літаратуру, гісторыю мастацтва, супрацоўнічаць з маладымі кампазітарамі, аўтарамі, шукаць новы гук, свой гук, тэмбр, тэхнікі, свае выключныя магчымасці. Не пераймаць іншых!
Оперная дзіва — на сцэне, дома — проста жанына
– Я ўмею зазямляцца. Мне ў гэтым дапамагае дом. Калі ёсць вольны час, стараюся быць добрай гаспадыняй. Умею гатаваць. У свой час бабуля навучыла варыць такі боршч! Што ні адзін мужчына яшчэ не выстаяў — гэта праўда (смяецца).
Наконт прыватнага жыцця, скажу, што маё сэрца вольнае. Спробы пабудовы асабістага жыцця разбураюцца аб рэальнасць. З прыватным жыццём складана. Шмат момантаў, чаму так. Мяне ўспрымаюць праз прызму прафесіі. Шмат маладых людзей на сённяшні дзень, на жаль, дастаткова інфантыльныя і слабыя. У мяне моцны характар: па-іншаму немагчыма. Пры гэтым хачу сябе адчуваць звычайнай слабай жанчынай. Дома я не паводжу сябе як оперная дзіва. Ні ў якім разе. Але ўсё роўна шлейф маёй рэалізацыі побач, і колькі не спрабавала прасіць не звяртаць на гэта ўвагі – усё роўна складана. Мужчыны, на жаль, у нейкі момант кажуць, што мяне нявартыя. Плюс-мінус аднагодкі паспяховыя, добрыя мужчыны, як правіла, добрыя сямейнікі. Я імі ганаруся. Таму што з правільным мысленнем мужчына сапраўды дасягае добрай рэалізацыі тады, калі ў яго моцная сям’я. Гэта вельмі правільная пазіцыя, вельмі паважаю такіх мужчын. На жаль, атрымліваецца, што складана знайсці адпаведнага партнёра.
Подых свята
– Калі я была маленькая, у нас Новы год быў вялікай падзеяй. Збіралася ўся сям’я, стараліся адно да аднаго прыязджаць з розных краін. І заўсёды гэта было весела – хлапушкі старыя, папяровыя, з кардону, памятаю, у іх часта яшчэ вяровачка адрывалася (смяецца). Гэта былі маскарадныя пераапрананні. Хтосьці стараўся прыходзіць у вобразе Дзеда Мароза – весяліць дзяцей. Я абавязкова разам з дзецьмі рыхтавалася да творчага нумара. Заўсёды гэта было свята. Забаўна, весела, задорна. Весяліліся, танчылі, спявалі. Упрыгожвалі ёлку шлянымі савецкімі цацкамі. А калі здараліся бітыя, мяне маці вучыла рабіць з іх упрыгажэнне на карону. Змяльчалі і залівалі шпалерным клеем, наклейвалі шкельцы на шчыльны кардон. Атрымлівалася сапраўдная навагодняя прыгажосць!
Ведаеце, я шмат гадоў не праводжу навагоднюю ноч дома. Гэта заўсёды выступленні. І прычым не адно. Там задача паспець, гэта мая місія. Нават не ўспрымаю з пункту гледжання – падабаецца альбо не падабаецца. Бачу даўно сябе як чалавека, які нясе пэўную місію і выконвае свой абавязак.
Адзначаю Раство і Каляды. І заўсёды па-рознаму. На нашым стале бываюць незвычаныя салаты, напрыклад, з крабавымі палачкамі, тварагом, з чырвонай ікрой, марынаванай цыбуляй. Усё гэта слаямі, крыху маянэзв – цікавы такі незвычайны падыход (смяецца).
Загадаць пад бой курантаў
– Што папрасіла б у Дзядулі Мароза? Калі гаварыць пра творчасць, то хацела б і далей жыць у Беларусі і выступаць для землякоў. Вельмі ўдзячная сваёй краіне за ўсё, што атрымала тут — за адукацыю, за мой дом, за спакой, за адчуванне сябе. Не магу вам перадаць, як удзячна, што тут спакойна, камфортна. Адчуваю сябе дома, магу займацца любімай работай. Ведаю, што заўсёды магу спакойна рабіць, што мне хочацца, і будзе водгук, усё будзе атрымлівацца. Тут неверагодна цудоўныя людзі, усе адно аднаму імкнуцца дапамагаць.
Хачу прыносіць карысць сваёй краіне. Паколькі лічу, што дасягнула ўзроўню міжнароднага артыста, хачу мець магчымасць выступаць ад сваёй краіны на міжнародных плошчах вялікіх оперных тэатраў. Ездзіць і паказваць, што вось такая моцная, прыгожая, галасістая, харызматычная і годная Беларусь. У нас ёсць сусветная зорка — Аксана Волкава, цудоўная мецца-сапрана, ну а драматычнае сапрана — гэта я! (усміхаецца)
Здаровыя прывычкі, любоў да культуры, вандроўкі. Размова са спявачкай Настассяй Швядко