01.01.2024
01.01.2024

Навагодняя радасць (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 90
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Пачатак гэтага навагодняга дзейства распачаўся ў лесе, дакладней – на ўскрайку ляснога астраўка. Тут быццам хтосьці наўмысна ў шарэнгу высадзіў мноства Елачак. Яны раслі-харашаваліся – маладзенькія, сярэднія і старэйшага ўзросту.

Зараз тут цэлы ельнік. Яны шапацяць галінкамі, спрачаюцца: каму выпадзе такое шчасце быць галоўнай на Навагоднім свяце. Гамоняць-пераклікаюцца, успамінаючы кожная свае прывабныя ўчынкі.

Novogodniy les

Першай пачала самая найвышэйшая. Расказала як аднойчы ваўка выратавала ад паляўнічага. І таму цяпер павінна быць у цэнтры навагодняга карагода!

— Во як! Знайшла чым хваліцца! – у адзін голас запярэчылі сёстры. –Разбойніка абараніла. Во, каб ты Зайку выратавала – іншая справа.

— А я і Зайку прытуліла ў свае шаты… А было гэта так. Аднаго разу, калі мяла-гаспадарыла ва ўсім наваколлі мяцеліца, злы раз'юшаны голадам воўк гнаўся за маладзенькім Зайкам, – расказвала сярэдняя Елачка. – Глядзеля я, глядзела за тым выпадкам і вырашыла падаць небараку сігнал. Нахілілася ажно да самага долу. І Зайка пачуў мой ветлівы голас – падбег, а я хуценька к сабе – ускінула на самы тоўсты сук, а той імгненна спружыніў і, быццам з катапульты, узляцеў амаль на самую вершаліну старой елкі. Як падбег шэры воўк, заскуголіў, грэбануў снег і раз, і другі, і трэці. Злосць перапаўняла яго драпежніцкую зневажаную душу. Адразу на яго шышкі пасыпаліся.

Voyk i zaiac

Яны сыпаліся так доўга і запар, што воўк подбегам даўся з таго месца. А Зайка сядзеў сабе на старой елцы, смяяўся і шпурляў на шэрага разбойніка шышкі. Шпурляў шышкі і кажушок свой разгладжваў. Ён так абгаліў не адзін сук, што і цяпер бакі смыляць, а дзе дык і поўсць зчасаў. Я стаяла моўчкі, назірала за тым дзействам і як мага бліжэй адна да адной туліла да ствала свае лапкі. Так што, мае сяброўкі, лічу сябе самай дастойнай быць у цэнтры навагодняга маскарада.

А я таксама ратую штодня то Снегіра, то Сінічку, то Вавёрачку, – азвалася трэцяя Елачка. Вось зусім нядаўна ратавала маленькую Вавёрачку, якая ніяк не магла пазбавіцца  гаманлівай і задзірыстай Сарокі.

— Чым жа рыжахвостая прыгажуня насаліла белабокай назоле?

— Знайшла вавёрчыну зімнюю схованку і параскідала, распатрашыла. А як толькі Вавёрачка кінулася абараняць свой клад, белабока бойку распачала. Бачна было, что так хітра ўсё прадумала, што Вавёрачка зусім не гатовая была да нападзення зладзюжкі. І як толькі з яе рыжанькага футра паляцелі першыя касмылькі — запішчала, заенкала, што я таксама ўбачыла тую баталію. І ўжо як абхаплю сваімі густымі ды гнуткімі галінкамі Вавёрачку, што белабока была здзіўленая і так абкалолася маімі вострымі шылкамі, што адразу зляцела ў суседні бярэзнік.

Ptici

— Во як! Ты – надзейная сяброўка, – весела прамовіла старэйшая, так моцна, што адзін лёгкі дотык лапак – і пасыпаліся долу срэбныя іскры сняжынак.

Іншыя елачкі самастойна пачалі атрэсваць з сябе снежнае покрыва. Яны ўважліва слухалі аповеды сваіх сясцёр пра праяўленныя імі спагаду і добрачыннасць да лясных жыхароў. Слухалі і ўспаміналі, што карыснага для іншых яны зрабілі.

— Гэта што, мае дарагія! – прамовила яшчэ адна ладнага росту Елачка. Яна была сярэдняй дачкой старой елкі. – Вось мне аднойчы прыйшлося пахвалявацца так, што я нідзе не чула, што такое можа быць.

Ноччу і днём завіруха кружыла, замеццю белай яна варажыла. Чую, ажно па маім ствале мышка караскаецца і пішчыць, быццам штосьці хоча паведаміць. Прыслухалася і разабралася, што мышка папярэджвала пра цяжную завіруху, якая заладзіла свой пышны баль.

zaviruha

— А што зробіш, Мышка? Зараз яе, зімы, пара!

Толькі наша гутарка скончылася, чую нехта сіпіць прычым быццам боўтаецца ў вадзе. Прыслухалася: адчула цяжкае дыханне няйначай. Гляджу ў бок рачулкі. Яна глыбокаводная і зімою не замярзае, таму што з яе дна скрозь крынічкі бруяцца.

— Дык што там было? – не сунімаліся елачкі-сястычкі.

— Я і кажу: углядалася-углядалася ў бок рачулкі і заўважыла вялікі цень на снезе ад месячыка. Пільней угледзелася, а ля хмызняка у рэчцы неспакойна чапялёхалася нейкая жывёліна. Яна круцілася ў вадзе, уздымаючы высока галаву, відаць, шукала больш пакаты бераг. Тады я, мае сястрычкі, выпрамілася-выцягнулася на ўсе свае магчымыя каленцы і працягнула яму руку дапамогі.

Ласянятка таксама, верагодна, спяшалася на Навагодні дзіцячы баль. На ім было карычневае з чарнаватымі на клубах плямамі футра, а на грудзях – белы ашыйнічак падкрэсліваў урачысты строй яго ўладальніка. Адно, без бацькоў, крочыла тымі ж бацькоўскімі сцежкамі. У рачулцы вырашыла наталіць смагу. Падышло да берага і, толькі хацела нахіліцца да крынічкі, нечакана пясчаны бераг абрынуўся і пацянуў малое за сабою.

Зацішша каля рэчкі, ў хмызняку, кожнаму зверу тут добры прытулак. Толькі бераг пясчаны вельмі сыпучы і ненадзейны. Маладое Ласянятка боўталася-боўталася ажно пакуль не зразумела светлы дабрачынны намер Елачкі.

— Яно штосілы ўхапілася за цопкае голле маё і не выпускала да тае пары, пакуль з усяе сілы я не пацягнула за свае галінку. І маладое Ласянятка ўжо гуляла па беразе, абтрэсваючыся ад вады.

— Вось гэта дык цуд! – здзіўляліся і па-добраму зайздросцілі Елачцы сястрычкі.

На гэтым тое здарэнне не скончылася. Перапужанае Ласянятка не ведала куды яму ісці. І толькі Старая Елка паклікала яго ад сцюдзёнага ветру пад свае шырачэзныя шаты. Сама ж пачала клікаць яго маці. Ласіха вобмільгам была побач. Яна аблізвала і злёгку ўсчувала малае, таўкаючы лабатай галовою ў бок сына. Неўзабаве шчаслівая сям'я пакрочыла ў бліжэйшы асіннік, падзякаваўшы паклонам і лёгкім дотыкам пысы да камля Елкі.

— Вось хто найперш заслугоўвае пачэснага права быць у цэнтры Навагодняга карагода! – зазначыла старэйшая з дачок Старой Елкі.

— Правільны выбар, дачушкі! – падсумоўвала Старая дваццаціметровая Елка.

novogodniy les

— Не крыўдзіцеся на мяне, але толькі яна, мая ўнучачка, зможа, каб у кожнага дзіцяткі на Навагоднім свяце быў не толькі цудоўны настрой, а і збылася мара і зарадзілася  надзея на светлую будучыню.

І толькі тое было сказана, як прыехалі леснікі і па падказцы Старой Елкі зрэзалі і пагрузілі на грузавік самую шчырую і прыгожую  Елачку.

Ахвотныя дзеці разам з дарослымі пачалі ўпрыгожваць яе на Цэнтральнай плошчы горада. Якіх толькі цацак не панавешвалі на яе галінкі: шары і сасулькі, грыбочкі і шышкі, а на вяршыню — срэбную зорку. Нарэшце гірляндамі апаясалі колькі разоў і ўклалі рознакаляровы дожджык з мішурою.

Зіхацела, пералівалася тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў галоўная Ёлка горада. Усім весела, а ёй больш за ўсіх  – яна галоўная гераіня Новага года!

Нібы сонечны ліхтарык

Зіхацеў дзіцячы тварык:

«Прачынайся, забаўляйся

У карагод да нас спяшайся!»

Калі дзеці паклікалі Дзеда Мароза і яго ўнучачку Снягурку, усе затаіліся: «Што будзе далей?» Напярэдадні слых прайшоў, што мары кожнага дзіцяці ў гэтую навагоднюю ноч абавязкова спраўдзяцца.

Дзед Мароз і Снягурка ветліва павіталіся, павіншавалі ўсіх з надыходзячым Новым годам, новым шчасцем. І прапанавалі правесці ёлку Жаданняў. Яны развесілі мноства каляровых картак з пажаданнямі ад кожнага дзіцяці Беларусі.

Тым часам гульні-забаўлянкі і вясёлы карагод вакол самай прыгожай Ёлкі працягваўся. Дзеткі расказвалі вершы, розныя казачныя гісторыі са свайго жыцця і з жыцця кніжных герояў. Усе весела смяяліся.

Затым да Ёлкі падыходзілі розныя дзядзькі і цёткі — прадпрымальнікі і кіраўнікі заводаў, фабрык, а таксама неабыякавыя людзі. Яны здымалі кожны па адной, а хто і па дзве карткі, зачытвалі імя і прозвішча хлопчыка ці дзяўчынкі і іх мару. Пакуль дзеткі ўслухоўваліся ў тыя словы, перад іх вачамі з’яўлялася іх запаветная мара: мяккія цацкі і кніжкі, лыжы і канькі, кампютары і білеты ў цырк або ў дэльфінарый.

Рознакаляровыя касцюмы дзетак радавалі прысутных, але ўсе такія забаўляльныя і вяртлявыя гаспадары іх – Зайкі да Ліскі, Касманаўты ды Вучоныя, Барсукі да Ваўкі, Бабры ды Аналітыкі, Настаўнікі ды Пісьменнікі, Геолагі ды Міліцыянеры – былі настолькі ўсхваляваны, што не верылі ў Навагодні цуд. Цяпер радаваліся здзейсненным марам. Іх тварыкі свяціліся радасцю. Яны былі невыказна рады за здзяйснення іх мар. Разам з імі радавалася і Ёлка.

Толькі адна мама дзяўчынкі была сумная. І калі Дзед Мароз ў яе запытаўся аб прычыне кепскага настрою, адказала насцярожана: «...раптам цяпер закапрызнічае і будзе патрабаваць рабіць усё новыя абновы і падарункі...». Дзед Мароз заўсміхаўся і суцешыў тую матулю: «Не бойцеся распесціць дзяцей сваёй любоўю. Яе ніколі не бывае многа. Яны ваш скарб перададуць іншым пакаленням, а ў душах захаваюць дабрыню і радасць». Жанчына на хвілінку задумалася і шчыра ўсміхнулася.

У песнях і карагодах весела прайшло навагодняе свята.

novi god

Ужо пара збірацца дадому. Не хацелася Ёлачцы вяртацца ў лес, але Дзед Мароз са Снягуркай сказалі, што жыццё не можа быць адным святам. У ім павінна быць месца і клопатам. Тады свята будзе ў радасць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 90

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».