27.08.2019
27.08.2019

Навошта чалавеку галава

logo
Адукацыя і выхаванне
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адмалку чалавек знаёміцца сам з сабой. Спачатку немаўля вучаць паказваць, дзе ў яго рукі, ногі, галава, нос… Дзіця расце, і вось яму ўжо цікава ведаць, як працуе імунная сістэма, асобная клетка, з чаго складаецца кроў…

Добрым падказчыкам і правадніком у свет анатоміі і фізіялогіі чалавека становяцца спецыялізаваныя кнігі для дзяцей, якіх зараз выдаецца вельмі шмат, на розныя ўзросты.

Кнігі для дзяцей пра здароўе

Кэрал Донер «Таямніцы анатоміі»

Адна з самых вядомых сярод іх  – «Таямніцы анатоміі» («Тайны анатомии») амерыкай мастачкі Кэрал Донер.

«Таямніцы анатоміі» («Тайны анатомии») Кэрал Донер

Напрыканцы 1980-х кніга ўпершыню выйшла на рускай мове накладам у 200 тысяч і імгненна стала бестсэлерам!

Напісаная яна ў жанры захапляльнага трылера-падарожжа па чалавечым целе. Фантазія ў аўтаркі, канешне, агнявая! Дадумацца толькі: забраўшыся на гарышча падчас навальніцы, брат з сястрой пачынаюць гартаць анатамічны атлас – і раптоўна апынаюцца ў ротавай поласці, адкуль і пачынаецца іх падарожжа па ўсяму арганізму.

Гэтая кніга праз гады прызнаецца найлепшай сярод аналагічных, і не дзіва: шыкоўныя ілюстрацыі і захапляльны тэкст створаны мастачкай, якая да таго ж – доктарка! Вось дзе не паспрачаешся: праца зроблена густоўна і з веданнем справы.

Генадзь Шэршань «Навошта чалавеку галава»

А ў беларусаў, каб вы ведалі, таксама быў доктар, Генадзь Шэршань, які стварыў кнігу-праваднік па чалавечаму арганізму – «Навошта чалавеку галава», прызначаную школьнікам, а таксама настаўнікам для працы з дзецьмі.

доктар, Генадзь Шэршань «Навошта чалавеку галава»

Кніга напісаная жыва, у ёй шмат дыялогаў, гульнявых сітуацый. Складаецца яна з васьмі раздзелаў, у якіх распавядаецца, як працуюць нервовая, сардэчна-сасудзістая, дыхальная, стрававальная, апорна-рухальная сістэмы, кроў, ныркі, органы пачуццяў. Шмат звестак па гісторыі медыцыны, жыццёвых сітуацый. А падсумоўваючы, аўтар вяртаецца да пытання: дык навошта ж чалавеку галава?

…галава патрэбна чалавеку і для таго, каб лепш і больш спазнаць і зведаць асаблівасці свайго цела і ўсяго арганізма, як ён працуе, яго магчымасці і заганы...  «Зведай самога сябе – і ты зведаеш увесь свет», – вучылі старажытныя ўсходнія мудрацы. Толькі так малады чалавек пачынае разумець, што добра і што дрэнна, улічваць інтарэсы не толькі родзічаў, але і суседзяў і ўвогуле людзей. Ён нарэшце ўсведамляе, чаму нельга крыўдзіць маленькіх, трэба паважаць старэйшых, дапамагаць старым, нядужым і слабым, клапаціцца пра ўсё жывое на зямлі і, урэшце, чаму ў народзе так цэняцца высакародныя ўчынкі ў дачыненні да розных людзей і да сваёй краіны», – піша аўтар.

Кніга Генадзя Шэршаня мае вельмі аўтарэтэтных рэцэнзентаў – Раманенку В. В., доктара медыцынскіх навук, на момант выхаду кнігі (2008 год) прафесара кафедры клінічнай фармакалогіі і тэрапіі БелМАПА, і настаўніцу біялогіі Марозаву Л.Ул.

Але, на вялікі жаль, выданне не праілюстраванае. А між тым, шукючы інфармацыю пра Генадзя Шэршаня, у нумары першым за 2016 год часопіса «Маладосць» я пабачыла публікацыю «Маё ваеннае дзяцінства» аўтара з яго дзіцячымі яшчэ малюнкамі, вельмі цікавымі! Эх, чаго не хапіла: адвагі, як амерыканцы Кэрал Донер, упэўненасці ў сваіх мастацкіх здольнасцях, каб доктар зрабіў і тэкст, і малюнкі сам, ці грамадскага ды кнігавыдавецкага запыту на такую працу? Мяркую, слушна апошняе. Але спытацца ўжо няма каго – Генадзя Шэршаня (1937 г.н.) не стала  ў 2016 годзе…

Я бачыла яго пры жыцці двойчы і запомніла прыязным чалавекам – так пра яго адзываюцца ўсе, хто ведаў. Энергічны, рухавы, усмешлівы. Па выхадзе на пенсію пэўны час працаваў у выдавецтве «Беларусь» рэдактарам, быў укладальнікам шматлікіх кніг, апошняя з іх называлася «Когда нездоровится».

Шмат пісаў для рэспубліканскіх СМІ артыкулаў пра здаровы лад жыцця, за што вядомы беларускі паэт і краязнаўца Сяргей Панізнік (па першай сваёй адукацыі, дарэчы, таксама медык, фельчар) уславіў Генадзя Шэршаня прысвячэннем «Для гонару і годнасці». Вось колькі радкоў:

І зноўку Шэршэнь-Гіпакрат з рэцэптамі духоўнасці:

– Здароўю трэба напракат шчаслівы быт, разумны лад, струне ад нерва -- нападхват звон гонару і годнасці!

Кніга «Навошта чалавеку галава» ў маёй бібліятэцы з’явілася адразу ж па выхадзе, бо лічыла яе нараджэнне падзеяй – профільныя кнігі, напісаныя спецыялістамі, ды яшчэ для дзяцей – ва ўсім свеце з’ява. У яе сціплы наклад – усяго 1000 паасобнікаў, зусім няма ілюстрацый. Бюджэтны варыянт выдання.

Але гэта, трэба думаць, проста такая адметнасць часу: беларусы толькі вучацца любіць і цаніць сваё, толькі факусуюцца, каб разглядаць і не прагледзець сярод сваіх – не горшых за амерыканскіх – творцаў; вучацца даваць ім хаду і забяспечваць падтрымку.

Некалі – марыцца – кніга перавыдасца багата ілюстраванай, вялікім накладам, стане любімай у беларусаў і складзе канкурэнцыю найлепшым выданням у азначанай тэматыцы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця