Мінск — наверагодна прыгожы горад, гісторыя якога складаецца з самых розных перыядаў і складаных падзей. Безумоўна, сёння ў сталіцу Беларусі прыязджаюць турысты з усяго свету, каб паглядзець такія знакамітыя лакацыі як Чырвоны касцёл, Нямігу, Нацыянальную бібліятэку, Траецкае прадмесце і г.д.
Але ж трэба адзначыць, што турыстычны патэнцыял Мінска намнога шырэй, чым мы думаем і ведаем. У горадзе сканцэнтравана вялікая колькасць цікавых лакацый і аб’ектаў, пра якія не ведаюць нават мясцовыя жыхары. Давайце больш даведаемся пра іх.
Касцёл Святога Роха: таямніцы Залатой Горкі
У самым сэрцы Мінска, за Палацам мастацтваў, зацішна схаваўся, мабыць, самы таямнічы храм горада — касцёл Святога Роха. У рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» Кастусь Каліноўскі кажа, што аблюбаваў Залатую Горку і капліцу старага Роха. Якія ж сакрэты хавае гэтае месца?
Першы прыход на гэтым месцы быў заснаваны яшчэ ў 14 стагоддзі каралём Ягайлам. Але тады храм быў драўляны, а таму сам будынак часта цярпеў ад пажараў. Свой цяперашні выгляд касцёл набыў ў 1864 годзе, калі жыхары Мінска вырашылі ўзвесці ў гэтым месцы мураваны храм у гонар святога Роха. Як лічылася, гэты святы выратаваў горад ад халеры, а таму грошы на пабудову прыносілі людзі самых розных канфесій.
Так на Залатой горцы з'явіўся новы каталіцкі касцёл. У савецкія гады яго разрабавалі. У часы Другой Сусветнай вайны будынак вельмі моцна пацярпеў з-за баёў. У 50-я гады храм пераабсталявалі пад кнігасховішча. А ў 80-я ўладкавалі тут залу камернай музыкі, якую перадалі на баланс Белдзяржфілармоніі.
Толькі ў 1991 годзе пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі ў касцёле святога Роха зноў пачаліся богаслужэнні. Сёння храм фактычна схаваны за жылой забудовай праспекта Незалежнасці. На месцы могілак, якія некалі акружалі касцёл, знаходзяцца звычайныя дваровыя пляцоўкі. Але сам храм захаваўся, прайшоў працэдуру рэстаўрацыі і сёння выглядае вельмі прыгожа.
Калі вы ніколі не былі тут — абавязкова зазірніце ў гэтае месца. Тым больш, што зусім недалёка ад яго знаходзіцца яшчэ адна вельмі важная славутасць.
Гаворка ідзе пра царкву Аляксандра Неўскага, якая знаходзіцца ад касцёла літаральна за 5 хвілін хады. Стаіць яна на ваенных могілках (Казлова, 11), зусім недалёка ад магіл двух беларускіх класікаў — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Будынак храма быў пабудаваны ў 1898 годзе і амаль цалкам захаваў сваё гістарычнае аблічча.
Пахаванні вакол яго — гэта таксама асобная славутасць. Многія магілы адносяцца яшчэ да 19 стагоддзя. Калі апынецеся тут — паспрабуйце адшукаць як мага больш імёнаў вядомых беларусаў. Тут і паэты, і пісьменнікі, і афіцэры Другой Сусветнай, і яшчэ шмат іншых дзеячаў, у гонар якіх сёння названы вуліцы Мінска.
Мінская Асмолаўка і кватэра магчымага забойцы Кенэдзі
Па шматлікіх прычынах у Мінску не так шмат жылых комплексаў з гісторыяй, тым больш у цэнтры. Прымным выключэннем з’яўляецца раён Асмолаўка, дзе двухпавярховыя дамы ствараюць асаблівую атмасферу.
Асмолаўка — гэта раён пасляваеннай забудовы, узведзены палоннымі вайскоўцамі з Германіі і Італіі. Аўтарам праекта стаў Міхаіл Асмалоўскі, у гонар якога і названы сучасны раён. У 50-я гады тут жылі прадстаўнікі ваеннай і партыйнай наменклатуры, а таксама артысты з найбліжэйшых тэатраў. Раён быў абнесены агароджай і фактычна ўяўляў сабой першы квартал элітнай забудовы ў пасляваенным Мінску.
У некранутым выглядзе ён дайшоў да нашых дзён, аднак у 2011 годзе гарадскія ўлады сталі актыўна абмяркоўваць ідэю аб яго зносе. Пакуль валанцёры змаглі адваяваць Асмолаўку, таму, калі ёсць жаданне, адчуць рамантыку былых часоў, раім неадкладна завітаць сюды.
Таксама, калі шагаць уніз па праспекту Незалежнасці, можна ўбачыць прыгожы савецкі дом побач з набярэжнай Свіслачы.
Менавіта тут у перыяд з 1960 па 1962 год жыў Лі Харві Освальд — адзін з самых загадкавых людзей 20 стагоддзя і магчымы забойца Джона Кэнэдзі.
Ён жыў у звычайнай аднапакаёвай кватэры №24, на чацвёртым паверсе і часта пісаў пра тое, як яму падабаецца, што вокны дома выходзяць на раку. Да нашых дзён дайшло мноства фатаграфій Освальда на плошчы Перамогі і ля набярэжнай Свіслачы.
Воданапорная вежа (вул. Аўтадораўская 3)
Воданапорная вежа ў неагатычным стылі пабудавана ў 1910 годзе. У мінулым стагоддзі вежа забяспечвала вадой бальнічныя карпусы чыгуначнай бальніцы, паравознае дэпо і станцыю. Таўшчыня сцен вежы — паўтара метра.
Гэта адзіны ў Мінску інжынерны будынак пачатку ХХ стагоддзя, які дайшоў да нашага часу. І апошняя воданапорная вежа, якая захавалася. Шмат гадоў яна належала Беларускай чыгунцы, а ў 1991 годзе была выкуплена ў прыватнае ўладанне. З таго часу яе лёс незайздросны: помнік паступова разбураецца.
Сядзіба «Белае лецішча» (вул. Казінца 54)
Пра тое, як узнікла гэтая сядзіба, ёсць некалькі версій. Па адной з самых распаўсюджаных, некалі сядзіба была ў валоданні памешчыка Курасава, які і пабудаваў вёску пад назвай Курасоўшчына. У далейшым яе далучылі да Мінска, і яна стала адным з раёнаў горада. Аднак пра гэтага памешчыка няма ніводнай пісьмовай згадкі ў гістарычных дакументах, таму гісторыкі не выключаюць, што ёсць і іншыя версіі аб паходжанні сядзібы.
Па іншай версіі, сядзібу пабудаваў Н.Я. Ададураў. Ён быў у той час начальнікам Любава-Роменскай чыгункі. Тады сядзіба насіла назву «Засценак Ададурава».
Па яшчэ адной версіі «Белае лецішча» была пабудавана дзякуючы М. Рогаву, які быў кандыдатам прыродазнаўчых навук. Згодна з праведзенай у Мінску ў 1910 годзе інвентарызацыяй нерухомай маёмасці, той кавалак зямлі, дзе зараз размешчана сядзіба, належаў Валянціне Маладзецкай.
У часы Руска-Японскай вайны ў сядзібе размяшчаўся шпіталь. Па сведчаннях гісторыкаў, праз некаторы час гэты ўчастак купіў М. Рогаў. У 1913 годзе на набытым участку зямлі, Рогаў пабудаваў аднапавярховы мураваны будынак, які захаваўся і зараз.
Аб тым, што адбывалася з сядзібай далей, няма ніякіх гістарычных фактаў. Зараз сядзіба ніяк не выкарыстоўваецца, і яе лёс невядомы.
Чырвоны дворык у Мінску (вул. Рэвалюцыйная 7)
Чырвоны дворык унікальны для Мінска сваім тыпам планіроўкі: іншых двароў-студняў, ды яшчэ і такіх прыгожых, у нашым горадзе, мякка кажучы, няшмат (а можа і няма зусім). І хоць дворык знаходзіцца ў цэнтры горада, на Рэвалюцыйнай, можна ўсё жыццё пражыць у Мінску і так не знайсці гэта сакрэтнае месца — так добра ён схаваны ад цікаўных вачэй.
Некалькі гадоў таму гэтае нестандартнае месца стала прыстанкам для творчых людзей – музыкантаў, мастакоў, фатографаў. У цёплы час года тут праходзяць канцэрты, выстаўкі, прэзентацыі, танцавальныя вечарыны і кінапаказы пад адкрытым небам. Сцены «Чырвонага дворыка» распісаны мастакамі-графіцістамі, таму гэтае месца стала адным з самых папулярных у Мінску, дзе праходзяць незвычайныя фотасесіі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by