Аднабаковы, раптоўны, прыступападобны боль у твары, які правакуецца подыхам ветру, дакрананнем, галеннем, чысткай зубоў, размовай ды іншымі прычынамі, можа быць звязаны з неўралгіяй трайчастага нерва. Па літаратурных дадзеных, у амаль 90% выпадкаў прычынай праблемы з'яўляецца нейраваскулярны канфлікт. Гэта стан, пры якім на ўразлівы ўчастак нервовага карэньчыка аказвае ўздзеянне сасуд, які праходзіць побач з ім.
Нюансы хірургічнага лячэння мы ўжо апісвалі ў першай частцы матэрыялу. Аднак заўсёды ёсць надзея абысціся без аперацыі. У выпадку традыцыйнай неўралгіі трайчастага нерва медыкаментозная тэрапія даказала сваю эфектыўнасць, а вось блакады прымяняюцца радзей.
Пра тое, якія кансерватыўныя метады для лячэння неўралгіі трайчастага нерва ёсць у арсенале медыкаў, распавёў неўролаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Фёдар Віткоўскі.
Тры «кіты» кансерватыўнага лячэння неўралгіі трайчастага нерва
- Медыкаментозная тэрапія. Лячэнне супрацьсутаргавымі прэпаратамі лічыцца залатым стандартам дапамогі пры неўралгіі трайчастага нерва.
- Блакады трайчастага нерва. Гэта ін'екцыя мясцовага анестэтыка (лідакаін, навакаін) альбо дзеючага супрацьзапаленчага рэчыва ў праекцыі галінаў трайчастага нерва, а таксама гасеравага і крылападнябеннага вузлоў.
- Фізіятэрапія. Для лячэння неўралгіі трайчастага нерва могуць прымяняць ігларэфлексатэрапію, магнітатэрапію і лазер.
Калі дамагчыся стабілізацыі ўзроўню болевага сіндрому не атрымліваецца альбо ў чалавека ёсць непераноснасць супрацьсутаргавых прэпаратаў, разглядаецца пытанне аб хірургічным лячэнні.
Чаму самалячэнне – не выйсце?
Прачытаць у інтэрнэце пра сімптомы, супаставіць і прызначыць сабе лячэнне – не варыянт. Справа ў тым, што пад маскай класічнай неўралгіі трайчастага нерва могуць хавацца іншыя захворванні, якія нагадваюць неўралгію гэтага віду. А іх вялікае мноства: постгерпетычная неўралгія, сіндром верхняй вачнічнай шчыліны, кластарны галаўны боль і іншыя віды болю твару. Метады лячэння гэтых захворванняў могуць адрознівацца. А ўстанавіць дакладны дыягназ часам складана нават урачам. Патрабуецца і нейравізуялізацыя, і кансультацыі сківічна-тваравага хірурга, стаматолага, атарыналарынголага і іншых сумежных спецыялістаў.
Асабліва складана разблытаць гэты «гордзіеў вузел», калі чалавек хварэе ўжо працяглы час, выпрабаваў самастойна пэўныя прэпараты, боль прытупіўся, зрабіўся хранічным.
Ці можна папярэдзіць неўралгію?
Уласна мераў прафілактыкі па папярэджанні развіцця неўралгіі трайчастага нерва не існуе. Калі прычынай хваробы стала анатамічная асаблівасць, тут ужо мала што можна змяніць здаровым ладам жыцця. У выпадку ж, калі гаворка ідзе пра сімптаматычныя неўралгіі на фоне, напрыклад, сінусітаў, самае галоўнае правіла: пазбягаць пераахаладжэнняў, ветру, абараняць твар.
Не варта грэбаваць і асноўнымі правіламі прафілактыкі любых захворванняў: паўнавартасны сон, збалансаванае харчаванне, умераная рухальная актыўнасць. Усё гэта ў выніку спрыяе ўмацаванню імунітэту і можа зберагчы ад таго ж герпесу, які таксама здольны выклікаць сімптаматыку неўралгіі трайчастага нерва.