Фатаграфіі сталі неад'емнай часткай нашага жыцця. Адлюстроўваючы моманты шчасця, суму, поспеху і паразы, яны захоўваюць успаміны, робяць наш досвед больш насычаным і фарміруюць гісторыю нашага існавання. Ролю здымкаў у сучасным грамадстве нельга пераацаніць, паколькі яны сталі не толькі сродкам фіксацыі момантаў, але і моцным інструментам уздзеяння на нашы эмоцыі і ўспрыманне свету.
У лютым у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё справаздачнай фотавыстаўкі «Ціхія гісторыі» Самадзейнага народнага калектыву «Фотаклуб Мінск» у межах праекта «Дарогай майстра», прысвечанага Яўгену Казюле.
У экспазіцыі прадстаўлены фотаработы з аўтарскіх праектаў удзельнікаў найстарэйшага клуба фотааматараў Беларусі, які аб'ядноўвае пад сваім крылом больш за пяцьдзесят фатографаў, сярод якіх як аматары, так і прафесіяналы.
Фотаздымкі выклікаюць эмоцыі і пачуцці. Яны могуць абуджаць радасць, настальгію, сум ці захапленне. Гледзячы на іх, мы перажываем моманты зноў, успаміны ажываюць, і гэта дазваляе нам адчуваць сябе бліжэй да мінулага. Гэта таксама сувязь і з нашымі продкамі, сваякамі – дзякуючы старым сямейным альбомам мы можам бачыць, у які час жылі нашы бабулі, дзядулі і іх бацькі.
Фатаграфія ў гэтым кантэксце выступае свайго роду «парталам» у мінулае, дзе мы здольныя бачыць нашы вытокі.
Работы на выстаўцы з'яўляюцца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі. Яны фіксуюць змены ў грамадстве, культуры, тэхналогіях. Кожная фатаграфія становіцца своеасаблівым дакументам часу, які перадае інфармацыю наступным пакаленням.
Свае работы ў экспазіцыі прадставілі аўтары розных пакаленняў, сацыяльных груп, якія працуюць у розных фатаграфічных жанрах і тэхніках. Сярод іх: Анатоль Кухарчук, Ларыса Бабіч, Леанардзюс Бейс, Віктар Ведзень, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Рабцэвіч, Вольга Свідзерская, Яўген Гараўскі, Надзея Дзегцярова, Алена Данброва, Анатоль Дрыбас, Сяргей Кавалёў, Валерый Казуб; Аляксей Паўлюць, Віктар Паршын, Алег Пахомаў, Віталь Раковіч, Валерый Сібрыкаў, Віталь Ціхаміраў, Кацярына Сарокіна, Віктар Суглоб, Раман Чэнцоў.
Некаторыя лічаць, што фатаграфія — гэта проста механічныя запісы рэчаіснасці, але гэта не так. Кадр можа быць настолькі майстэрскі, што яго нельга адрозніць ад жывапісу ці графікі. Фатаграфія — гэта творчы працэс, які пачынаецца з выбару аб'екта здымкі і заканчваецца апрацоўкай атрыманага малюнка.
Сёння прафесійныя фатографы выкарыстоўваюць розныя тэхнікі і прыёмы для стварэння непаўторных фатаграфій. Яны гуляюць з колерам, святлом і ценямі, эксперыментуюць з кампазіцыяй і перспектывай, каб стварыць сапраўднае мастацтва, якое будзе жыць не адзін дзень.
На выстаўцы можна прасачыць, наколькі разнапланавымі тэмамі жывуць сучасныя фатографы і як яны бачаць наваколле. Да сённяшняга дня ў асяроддзі фотамастакоў вельмі папулярная тэма чорна-белай фатаграфіі, якая дзякуючы сваёй невербальнай экспресііі нібы крышку запавольвае нас, дае магчымасць спыніцца і падумаць.
Фатаграфія — гэта ўнікальны від мастацтва, які не прызнае межаў. З дапамогай кадра можна перадаць адчуванні, эмоцыі і настрой, яна можа быць сведчаннем таго, што адбылося ў жыцці, таксама быць метафарай ці сімвалам. Фатаграфія — гэта не проста тэхнічны працэс, а стварэнне чагосьці новага, унікальнага і непаўторнага.
Кожны здымак на выстаўцы — аўтарскі праект, які адлюстроўвае свет поглядам канкрэтнага чалавека, яго фатаграфія можа расказаць пра тое, як мы бачым свет вакол нас, як мы яго ўспрымаем, што для нас важна і што мы губляем. Фотамастацтва — гэта частка культуры, якая можа аказаць уплыў на меркаванне людзей, стымуляваць развіццё і натхніць на творчасць.
Фотаклуб «Мінск» быў заснаваны ў 1960 годзе. На працягу многіх гадоў яго старшынёй з'яўляўся Яўген Карпавіч Казюля (1936 – 2014), на творчую спадчыну якога шмат у чым і сёння арыентуюцца ўдзельнікі фотаклуба. Цытата фотамастака пра тое, што «крыклівы фотаздымак не кранае» вызначыла канцэпцыю справаздачнай фотавыстаўкі. Кожны аўтар праекта прадстаўляе сваю нягучную фотагісторыю, якая хаваецца за пейзажам, нацюрмортам, партрэтам ці фотакалажам.
У межах гэтага праекта ў экспазіцыі прадстаўлена таксама персанальная выстаўка-фотанавіна сябра Фотаклуба «Мінск» Анатоля Кухарчука «Крык птушкі».
Захавалі эпохі. Асобы, якія паўплывалі на развіццё беларускай фатаграфіі