19.08.2023
19.08.2023

Захавалі эпохі. Асобы, якія паўплывалі на развіццё беларускай фатаграфіі

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гісторыя беларускай фатаграфіі пачынаецца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Кім былі першыя беларусы, што захапіліся гэтым захапляльным і тады яшчэ вельмі дарагім заняткам, і галоўнае, што пападала ў іх аб'ектыў?

Антон Прушынскі

Першыя беларускія фатаграфіі звязаны з імем Антона Прушынскага. Ён нарадзіўся ў 1826 годзе, у той жа год, калі ў французскім горадзе Ле Гра Жозэф Ньепс зрабіў першую ў свеце фатаграфію, а дакладней геліягравюру з выглядам са свайго акна.

За два дзесяцігоддзі тэхніка стварэння фатаграфіі і якасць здымкаў прыкметна змяніліся. У 1850-м, калі Прушынскаму было 24 гады, ён адкрыў першую ў Беларусі фотамайстэрню. Яна размяшчалася на цяперашняй вуліцы Леніна ў Менску.

Фатаграфі А. Прушынскага

Самае ранняе фота Прушынскага захавалася, і лічыцца першай беларускай фатаграфіяй. На ёй мама Прушынскага — Роза. Праўда, пры поглядзе на фатаграфію незразумела, лічыла сама жанчына той момант гістарычным або з вымовай назірала за незразумелым захапленнем сына, калі ў 1858-м Антон стаяў перад ёй з дарагім апаратам, выпісаным з-за мяжы.

У студыі Прушынскага быў створаны знакаміты партрэт Вінцэнта-Дуніна Марцінкевіча, па якім мы сёння можам прадставіць знакамітага драматурга.

Майстэрня Прушынскага прапрацавала ў Мінску да 1863 года. Пасля паўстання Каліноўскага фатографа арыштавалі і саслалі ў Томск. Да таго часу захапленне фатаграфіяй зацягнула многіх. Захаваліся фота Якава Брафмана, у дваранкі Жазэфіны Адамовіч быў свой светапісны кабінет. Крыху пазней з'явіліся фотамайстэрні Барэці, Бернштэйна, братоў Берманаў.

Бенедыкт Тышкевіч

Бенедыкт Тышкевіч нарадзіўся ў 1852 годзе. І пакуль у Мінску з'яўляліся ўсё новыя фотаатэлье, малады арыстакрат атрымліваў рознабаковую адукацыю, здзяйсняў археалагічныя экспедыцыі на Усход і падарожнічаў па Афрыцы.

У пачатку 1880-х, пасля смерці жонкі, застаўшыся з трыма маленькімі дзецьмі, трыццацігадовы Бенедыкт вярнуўся ў родныя краі і пасяліўся ў паляўнічым маёнтку на краі Налібоцкай пушчы. Граф актыўна захапіўся фатаграфіяй, дэталёва асвоіў тэхніку, у сваёй сядзібе ўладкаваў фоталабараторыю і захоўваў на камеру жыццё навокал. Тышкевіч стаў сапраўдным рэпарцёрам, робячы здымкі сельскіх жыхароў, арыстакратаў, у цэлым жыцця Беларусі на рубяжы стагоддзяў.

Ужо ў часы Тышкевіча недастаткова было толькі авалодаць тэхнікай фатаграфіі, трэба было па-майстэрску адлюстраваць момант, улавіць настрой і перадаць думку з дапамогай здымка. Тышкевіч рабіў якасныя партрэты, замалёўкі з жыцця, у якіх цікава разглядзець усе дэталі, а яшчэ любіў пажартаваць.

Сёння на левым беразе маляўнічай ракі Іслач, недалёка ад мястэчка Рудня за 12 км. ад Івянца, сярод чыстых хваёвых лясоў і велічных дуброў вы можаце ўбачыць культавае месца беларускіх фатографаў — руіны паляўнічага маёнтка графаў Тышкевічаў.

Чалавек высокай культуры, граф быў свайго роду рэпарцёрам свайго часу. Дзякуючы Бенедыкту Тышкевічу можна ўбачыць, як выглядалі тагачасныя беларусы, палюбавацца дзівоснай хронікай даўно мінулых дзён.

Нішто не выслізгвала ад зоркага і ўважлівага позірку фатографа. Яго фатаграфіі дасканалыя, яны сведчаць аб высокім прафесіяналізме майстра і ўяўляюць гістарычную і мастацкую цікавасць.

Бенедыкт Тышкевіч любіў фатаграфаваць сялянскія партрэты і пастаралі. Сяляне ў яго хоць і апранутыя і, мусіць, не самыя бедныя, хоць кадры здымак вельмі-вельмі пастановачныя, але ў вачах у сялян усё роўна  глыбокая нуда…

Бенедыкт Тышкевіч

Маёнтак графа і фотаархіў былі знішчаны падчас Першай і Другой сусветных войн.  Калекцыя арыгіналаў фатаграфій графа Бенедыкта Тышкевіча зараз з'яўляецца часткай фондаў музея Нісефара Ньепса ў Францыі. 86 арыгіналаў фатаграфій у 1994 годзе выстаўляліся ў Францыі.

Фотаздымкі першага беларускага фатографа Бенядзікта Тышкевіча з'яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі беларускай фатаграфіі, адзначанымі таксама залатымі медалямі на выстаўках у Польшчы ў 1894 годзе і ў Берліне ў 1899.

Ян Булгак

Яна Булгака называюць родапачынальнікам фатаграфіі і ў Беларусі, і ў Польшчы, і Літве. Ён нарадзіўся ў 1876 годзе пад Наваградкам. Вельмі любіў свой родны край, што адчуваецца ва ўсёй яго творчасці: Ян таксама быў этнографам, фалькларыстам, пісьменнікам. Фатаграфіяй  захапіўся, калі ягонай жонцы падарылі фотаапарат. Сябар навучыў яго асновам здымкі, за дэталямі Булгак адправіўся ў Дрэздэн.

У аб'ектыў Булгака трапіла шмат беларускіх мясцін, асабліва ў яго родным краі. Як Напалеон Орда да гэтага замалёўваў на памяць нашчадкам Беларусь, Булгак яе фатаграфаваў.

Ян Булгак

Булгак адкрыў фотаатэлье ў Вільні, там жа пачаў выкладаць фатаграфію, пісаць кнігі пра яе і ўдзельнічаць у розных выстаўках. У час вайны фатограф разам з сям'ёй перабраўся ў Варшаву. У пасляваенны час ён адлюстроўваў ў здымках адраджэнне разбуранага горада і заснаваў Саюз фотамастакоў Польшчы.

Майсей Напельбаум

З партрэтамі Майсея Напельбаўма нялёгка спаборнічаць нават сучасным фатографам, нягледзячы на наяўнасць іншай тэхнікі і магчымасцей. Класік беларускай фатаграфіі, і ў прыватнасці партрэтнай здымкі, нарадзіўся ў Мінску ў 1869 годзе, а кар'еру фатографа пачаў яшчэ ў маладосці ў ролі памочніка ў адным з мінскім фотаатэлье.

Напельбаўма хутка дапусцілі да самастойнай здымкі, бо ён дакладна ўгадваў асаблівасці характараў і спрабаваў перадаць іх у партрэтах.

Майсей Напельбаум

У 20 гадоў Майсей адправіўся ў доўгае падарожжа па Расіі і Амерыцы, а ў 1895-м фатограф вярнуўся ў Мінск і адкрыў студыю партрэтнай здымкі. Напельбаўм лічыў, што добры партрэт залежыць перш за ўсё ад разумення чалавечай псіхалогіі. Ён вучыўся на фатаграфіях родных і сяброў, людзей, якіх добра ведаў. А пазней у любой асобе спрабаваў адшукаць індывідуальныя рысы і паказаць іх.

Яго творчасць высока ацанілі яшчэ пры жыцці. Бліжэй да 40 гадоў фатограф перабраўся ў Расію, дзе стварыў знакамітыя партрэты Леніна, Ахматавай, Пастарнака, Ясеніна. Нават тыя, хто сёння не знаёмы з імем фатографа, абавязкова даведаюцца хаця б пару з яго работ.

Леў Дашкевіч

Леў Дашкевіч нарадзіўся ў Мінску ў 1882 годзе. Ён хацеў стаць лекарам і для гэтага паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт. Але неўзабаве яго выключылі за ўдзел у забастоўцы. Прыйшлося памяняць усе планы і з'ехаць на некалькі гадоў у Парыж. Там Дашкевіч заняўся фатаграфіяй і стаў вельмі паважаным фатографам.

У Беларусь Леў Дашкевіч вярнуўся ў 1920-я, калі яго фатаграфіі з радасцю бралі ў разнастайныя часопісы і альбомы. У сваёй творчасці ён любіў эксперыментаваць: выкарыстоўваў адмысловыя тэхнікі, каб фота былі максімальна набліжаныя да малюнка, падладжваўся пад маляўнічыя стылі, напрыклад, імпрэсіянізм ці арт-нуво.

Льву Дашкевічу так і не ўдалося адкрыць сваю фоталабараторыю. А пасля 1930-х, калі фатографа на некалькі месяцаў арыштавалі, яго фатаграфіі перасталі прадстаўляць цікавасць для ўладаў.  Багаты архіў фотамастака зноўку ацанілі толькі праз паўстагоддзя, і сёння Дашкевіч адносіцца да класікаў беларускай фатаграфіі.

Соф’я Хаментоўская

Соф'я Хамянтоўская нарадзілася пад Пінскам у 1902 годзе. Яна належала да шляхетнага роду і расла ў заможнай сям'і. Фотаапарат ёй падарылі яшчэ ў дзяцінстве, і з гадамі дзіцячае захапленне перарасло ў прафесію.

Соф'я Хаментоўская

Соф'я шмат здымала роднае Палессе. Дзякуючы ёй мы можам уявіць, якім быў гэты край стагоддзе таму. Калі дзяўчыне споўнілася 25, яна перабралася ў Варшаву. Там яна працавала фотакарэспандэнтам і здымала арыстакратаў, бо звычайныя рэпарцёры не маглі патрапіць на балі і прыёмы, а Соф'я там была сваёй.

Падчас пасляваенных рэпрэсій Хамянтоўская з'ехала спачатку ў Заходнюю Еўропу, а потым і зусім у Аргенціну, дзе і заставалася да канца жыцця. Праз шмат гадоў яна перадала ў Польшчу тысячы негатываў пасляваеннай Варшавы. Здымкі, на якіх адлюстравана Беларусь, былі знойдзены не так даўно, але Хамянтоўская адразу заняла трывалае месца сярод беларускіх фатографаў-першаадкрывальнікаў.

Аляксандр Дзітлаў

Аляксандр Дзітлаў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1912 годзе. Яму не споўнілася і 30, калі ён сышоў на фронт, дзе рабіў шматлікія фотаздымкі і адпраўляў у розныя выданні. Праз пару гадоў ён стаў ваенным карэспандэнтам, зняў вызваленне Беларусі, Польшчы, баі ў Германіі.

Аляксандр Дзітлаў

Пасля вайны ён стаў яскравай асобай у беларускай журналістыцы. Працаваў у часопісе «Маладосць», газеце «Рэспубліка», вёў праграмы на тэлебачанні і быў адным з першых старшынь Беларускага саюза журналістаў.

https://bel.24health.by/z-roznymi-ideyami-padtekstami-gistoryya-belaruskaj-animacyi/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама