Напісаць «Сцэнарый свайго жыцця» людзям, якія жывуць з рассеяным склерозам, прапанавалі арганізатары інтэрактыўнага мерапрыемства, якое днямі прайшло ў Мінску.
Неўролаг Кацярына Мазурэнка распавяла пра дыягностыку захворвання, яго сімптомы і пра тое, чаму так важна своечасова пачаць лячэнне. Прадзюсар і рэжысёр Уладзімір Максімкаў падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы сакрэтамі акцёрскага майстэрства, якія могуць спатрэбіцца і ў паўсядзённым жыцці. На мерапрыемства завітала і журналіст Слушна.
Да пачатку інтэрактыўнай лекцыі старшыня праўлення Грамадскай арганізацыі інвалідаў «Дапамога хворым на рассеяны склероз», якая з'яўляецца арганізатарам мерапрыемства, Алена Сазончык адзначыла, што гэтая сустрэча не першая, але цалкам не падобная да іншых і пройдзе ў новым фармаце – фармаце нязмушанай гутаркі «блізкіх па духу людзей, якім цікава ўбачыцца і паразмаўляць».
Ва ўдзельнікаў сустрэчы была магчымасць задаць пытанні, якія іх хвалююць, вядучым спецыялістам-неўролагам, пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы. Сярод запрошаных экспертаў – старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Ганна Буняк і вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Анацкая.
Частка першая. Лад жыцця і лячэнне пры рассеяным склерозе
Паводле слоў дацэнта кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА, к.м.н Кацярыны Мазурэнкі, у свеце налічваецца больш за 2,5 млн чалавек, хворых на рассеяны склероз, у Беларусі – больш за 4 тысячы. Шмат у чым распаўсюджанасць захворвання залежыць ад геаграфічнага становішча, і наша краіна знаходзіцца ў зоне высокай рызыкі развіцця хваробы (звыш 50 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва).
Рассеяны склероз – аўтаімуннае прагрэсавальнае захворванне, якое пашкоджвае цэнтральную нервовую сістэму. Пры яго развіцці агрэсіўныя імунныя клеткі не толькі руйнуюць міелінавую абалонку адросткаў нейронаў (нервовых клетак), але і могуць прывесці да гібелі саміх клетак. З-за гэтага зніжаецца хуткасць правядзення нервовага імпульсу. У выніку парушаецца функцыя мышачнага валакна, работа якога рэгулявалася дадзеным нервовым канчаткам. Паступова гэта прыводзіць да таго, што чалавек губляе здольнасць валодаць сваім целам.
Рассеяны склероз можа выяўляцца такімі сімптомамі, як слабасць у канечнасцях, галавакружэнне, спастыка (мышачная слабасць, а таксама частковая ці поўная страта рухальных функцый) у нагах, зніжэнне зроку, парушэнні раўнавагі, стамляльнасць.
Прычыны захворвання
Свой уклад у развіццё захворвання ўносяць як генетычныя фактары, так і фактары знешняга асяроддзя. У сярэднім рызыка захварэць на рассеяны склероз складае 0,2% у папуляцыі. Крыху вышэйшы ён у дзяцей, чые бацькі хварэюць. Сярод знешніх фактараў вылучаюць бактэрыі і вірусы, недастатковую сонечную інсаляцыю (што прыводзіць да недахопу ў арганізме вітаміну Д), курэнне.
Што яшчэ можа справакаваць абвастрэнне? Знаходжанне на сонцы, якое ў гэтай сітуацыі шкоднае. Дарэчы, вучоныя высветлілі цікавы факт. Калі пацыент жыў у Паўночным паўшар'і, але да падлеткавага ўзросту пераехаў у краіну, дзе інсаляцыя сонца большая, рызыка захварэць на рассеяны склероз у яго зніжаецца. Калі ж чалавек змяніў месца жыхарства пасля перыяду пубертату, дык у яго застаецца рызыка хваробы той краіны, у якой ён жыў раней.
Дыягностыка рассеянага склерозу
Па-першае – клінічныя праявы, якія аналізуе неўролаг на прыёме. У чалавека пытаюцца, ці было якое-небудзь парушэнне раней, напрыклад, ці слабела нага. Зрэшты, панаракала спецыяліст, многія пацыенты не заўсёды лічаць патрэбным пра тое распавесці. Маўляў, было калісьці, але прайшло і да ўрачоў не звярталіся. Але ж менавіта па такіх крупінках і выбудоўваецца поўная карціна захворвання.
Другі важны фактар пры пастаноўцы дыягназу «рассеяны склероз» – МРТ-даследаванне. Важна выключыць іншыя захворванні з падобнай карцінай (напрыклад, Лайм-барэліёз).
У сваю чаргу Людміла Анацкая падкрэсліла, што для больш дакладнага аналізу дынамікі захворвання неабходна рабіць МРТ, у тым ліку і з кантраставаннем, на адным і тым жа апараце і ў аднаго і таго ж доктара.
Лячэнне рассеянага склерозу
Тры галоўныя складнікі паспяховай тэрапіі – своечасова пачатае лячэнне абвастрэнняў, прыём прэпаратаў, якія запавольваюць цячэнне РС, і сімптаматычная тэрапія.
Прыём прэпаратаў, якія запавольваюць цячэнне РС
Лячэнне абвастрэнняў мае на ўвазе прымяненне глюкакартыкастэроідных гармонаў, абменнага плазмаферэзу. У перыяд рэмісіі вырашаецца пытанне аб прызначэнні прэпаратаў, якія запавольваюць цячэнне РС. Ацэнка іх эфектыўнасці залежыць ад шкалы EDSS (метад ацэнкі неўралагічных паражэнняў пры РС).
Пры лячэнні рассеянага склерозу існуе паняцце «time is brain» («час-мозг»). Гэта значыць, што чым раней пачатае лячэнне прэпаратамі, якія запавольваюць цячэнне РС, тым пазней надыходзіць атрафія мозгу, захоўваюцца нейроны.
Як патлумачыла Людміла Анацкая, адна з задач своечасовага прызначэння прэпаратаў, якія запавольваюць цячэнне РС, – прадухіліць дэгенератыўныя змены: як мага раней пачаць лячэнне, каб у пацыента было меней ачагоў дэміліенізацыі. Кантраляванае лячэнне дазваляе прадухіліць іх назапашванне.
Рассеяны склероз. Цяжарнасць і роды
Самае частае пытанне, якое задаюць пацыенты з рассеяным склерозам, – ці ўплывае цяжарнасць і роды на частату абвастрэнняў і прагрэсаванне захворвання. Сучасныя даследаванні даказалі, што на працягу цяжарнасці абвастрэнняў няма.
Калі цяжарнасць станоўча адбіваецца на стане здароўя жанчын з рассеяным склерозам, дык аборты правакуюць гарманальны стрэс і выклікаюць значную актывізацыю захворвання, падкрэсліла Кацярына Мазурэнка.
У выпадку, калі жанчына прымае прэпараты, якія запавольваюць цячэнне РС, і прымае рашэнне нарадзіць дзіця, як правіла, да зачацця іх адмяняюць. Тэрміны адмены ў прэпаратаў розныя. Некаторыя спыняюць іх прыём за два ці адзін месяц да зачацця або да факту цяжарнасці, іншыя могуць быць выкарыстаныя і падчас чакання малыша. Рашэнне аб адмене прэпарата (з улікам усіх рызыкаў) прымае неўролаг. Дарэчы, падобная стратэгія тычыцца і мужчын.
Частка другая. Прадзюсаванне свайго жыцця
Своеасаблівы інтэрактыўны ўрок акцёрскага майстэрства правёў Уладзімір Максімкаў. Кожны змог выпрабаваць сябе на акцёрскай ніве. Удзельнікі сустрэчы вучыліся выконваць практыкаванні, якія выкарыстоўваюць прафесійныя акцёры, для таго, каб зняць хваляванне і нервовае напружанне, пазбавіцца ад страху, расслабіцца ці, наадварот, сканцэнтравацца, развіць абстрактнае мысленне і фантазію. Падзяліўся Уладзімір Максімкаў і акцёрскімі тэхнікамі, якія могуць спатрэбіцца ў рэальным жыцці. На думку рэжысёра, жыццё – гэта свой асабісты прадзюсарскі праект.
Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікам быў прэзентаваны невялікі фільм, у якім усе прысутныя сталі яго галоўнымі дзеючымі асобамі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by