26.11.2019
26.11.2019

«У фіялетавым капелюшы пераскокваў праз машыны». Пацыент – пра біпалярнае расстройства

logo
Хваробы ад А да Я
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

За апошнія 7 гадоў Сяргей быў у псіхіятрычных стацыянарах 13 разоў, адна з шпіталізацый доўжылася цэлых паўгода. У яго – біпалярнае афектыўнае расстройства, пры якім эйфарычны настрой змяняецца глыбокай дэпрэсіяй, ажно да суіцыдальных думак. Хвароба прывяла да другой непрацоўнай групы інваліднасці.

Зараз Сяргей ужо месяц у стане, «блізкім да рэмісіі», наведвае Цэнтр дапамогі людзям з псіхічнымі захворваннямі «Адкрыты дом». Ён распавёў, як выяўляецца гэтае захворванне, што ўлічваць у лячэнні такіх пацыентаў і як паводзіць сябе родным, каб дапамагчы. Гэта вельмі важна пачуць.

Біпалярнае афектыўнае расстройства

Фаза дэпрэсіі

– Першы раз я трапіў у бальніцу з-за жудаснай дэпрэсіі: не разумеў, што са мной адбываецца, што пры гэтым рабіць, адчуваў моцны галаўны боль. У дэпрэсіі надыходзяць поўная апатыя і песімізм, калі нічога не хочацца, думкі падтарможваюць, складана прымаць рашэнні. Адчуванне безнадзейнасці, нікчэмнасці і бездапаможнасці. І сам зрабіць нічога не можаш, і не ведаеш, куды і да каго звяртацца па дапамогу. Надыходзіць стан млявасці, калі ўвесь час хочацца пайсці паляжаць. Збіваецца рэжым дня, у ложку практычна кругласутачна. Цяжка нават схадзіць у душ, аднойчы не мыўся роўна месяц, пакуль мне не зрабілі заўвагу. Складана прыгатаваць сабе паесці і прыбраць у кватэры. Былі і крайнія думкі, два разы ляжаў у суіцыдальным аддзяленні з-за таго, што не хацелася жыць. «Можа, гэта ва ўсіх 40-гадовых так? Крызіс сярэдняга ўзросту?», – пытаўся я ў доктара. І чуў у адказ, што не, гэта ненармальна.

Фаза маніі/эйфарыі

– Але ў параўнанні з пацыентамі, якія пакутуюць толькі ад дэпрэсіі, у нашага захворвання ёсць «перавага»: нам рэальна добра ў фазе маніі. Калі яна надыходзіць, здаецца, што на цябе сыходзіць натхненне, адчуваеш неабгрунтаваную ўпэўненасць у сабе, прыліў сіл і энергіі, як ад лёгкага ап'янення. Манія можа быць «завоблачнай», а можа быць умеранай, якая называецца гіпаманіяй. У гіпаманіі, да прыкладу, я купляў ружы і дарыў іх незнаёмым людзям. Праблема ўсіх біпалярнікаў у тым, што гэты настрой намі ўспрымаецца як норма, і таму мы кідаем піць прызначаныя таблеткі, лічачы, што яны не патрэбныя і нават шкодныя. Пакуль не здарыцца што-небудзь сур'ёзнае.

Гэтай вясной я трапіў у РУУС. Прачнуўся ноччу, адчыніў форткі, выкінуў сёе-тое з вопраткі, разбіў люстэрка, запаліў свечкі, выключыў мабільнік, «каб за мной не сачылі», надзеў фіялетавы капялюш і выйшаў на вуліцу, пакінуўшы за сабой расчыненыя насцеж дзверы. Лёгкай і ўпэўненай хадой я ішоў уздоўж праспекта, потым пачаў пераскокваць аўто, якія стаялі, і перабягаць перад аўтамабілямі, якія хутка ехалі. Рэзка тузануў за сумачку дзяўчыну, спрабуючы пра штосьці папярэдзіць. Не ведаю, навошта, гэты момант цьмяна памятаю. Дзяўчаты моцна спалохаліся.

Мяне спыніў выпадковы мінак, выклікаў нарад міліцыі. У РУУС я казаў, што я Бэтмэн, ратую свет, ды іншае трызненне. Мяне адвезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе я праляжаў у несвядомым стане некалькі дзён. Калі лёгкую манію не лячыць медыкаментамі, яна можа перарасці ў цяжкую форму. Таму пасля гэтага выпадку я дакладна прыняў для сябе рашэнне – выконваць указанні ўрачоў.

У мяне манія амаль заўсёды суправаджалася трызненнем. Прачынаўся ноччу ад «азарэння» і пачынаў запісваць у дзённік «геніяльныя» ідэі. Потым, праз пэўны час, перачытваў, выяўлялася, што поўнае глупства. Можа, калі б я, як Мендзялееў, над чымсьці мэтанакіравана разважаў, дык магчыма, мне б прыйшло ў галаву штосьці геніяльнае. Але бяда яшчэ ў тым, што ідэі і думкі ў маніі «скачуць», вельмі хутка змяняючы адна адну, няма магчымасці засяродзіцца.

Якія прычыны выклікалі расстройства, на ваш погляд?

– Я не так даўно даведаўся з інтэрнэту, што біпалярнае расстройства не заўсёды звязанае з псіхічным захворваннем. Прычынамі могуць паслужыць злоўжыванне наркотыкамі, алкаголем, моцныя стрэсы, няўдачы на працы. У маім выпадку, магчыма, якраз праблемы, што наваліліся, справакавалі захворванне.

Я скончыў школу з медалём, паступіў у політэхнічны ўніверсітэт. Пасля ўніверсітэта ажаніўся, нарадзілася 2 дзяцей. Я займаўся бізнэсам, звязаным з продажам посуду. Усё ішло гладка, але потым раптам пачало разбурацца. У 33 гады распаўся наш шлюб, і я зрабіўся «татам выхаднога дня», рэдка бачыў дзяцей. Яны спачатку жылі з мамай у іншым горадзе, але потым вярнуліся па чарзе да мяне.

Гэта быў для мяне стрэс. Выхоўваць ужо позна, яны сфармаваліся як асобы. У працы таксама не было стабільнасці – тры эканамічныя крызісы я проста не вынес. У асабістым жыцці таксама ўсё было няпроста – з узростам пабудаваць адносіны больш складана. Гэта ўсё на мяне вельмі моцна паўплывала. Не ведаю, як іншыя вытрымліваюць, але я сарваўся ў бездань...

Вельмі патрэбны псіхолаг і цэнтры рэабілітацыі

Што ў лячэнні вам больш за ўсё дапамагло?

– Падчас апошняй шпіталізацыі акрамя медыкаментознага лячэння мне рэальна дапамаглі кансультацыі псіхолага. Ён вельмі даходліва растлумачыў мне, што расстройства звязана з дысбалансам хімічных рэчываў у галаўным мозгу, іх называюць нейрамедыятарамі. Разуменне сутнасці хваробы вельмі дапамагае, робіцца значна лягчэй спраўляцца з цяжкімі станамі.

Мне самому складана знайсці ў інтэрнэце якую-небудзь інфармацыю па прычыне захворвання: калі я ў эйфарыі, мне не да гэтага, а ў дэпрэсіі проста няма сіл. Спецыялісты павінны тлумачыць, што насамрэч адбываецца з намі на фізічным узроўні. У «Навінках» патрапіць да псіхолага вялікая праблема, адзін спецыяліст на ўсё аддзяленне. А ўрачы нічога не распавядаюць – псіхіятр на ранішнім абходзе спытаецца, як самаадчуванне, і ўсё – хвіліна размовы. А патрэба ў тлумачэннях у нас вялікая.

Мне зараз дапамагае тое, што ёсць магчымасць прыходзіць у «Адкрыты дом». Пасля шпіталізацыі складана сацыялізавацца, адаптавацца пасля працяглай шпіталізацыі. Тут жа можна пагутарыць, і калі ты бачыш, што не адзін у цяжкай сітуацыі, пачынаеш шукаць выйсце. Падказваем адзін аднаму цікавыя фільмы, ходзім у музеі, на выставы. Урачы раяць «біпалярнікам» захоўваць рэжым дня.

Дома гэта практычна немагчыма зрабіць, асабліва калі ты адзін. Раз на тыдзень я прыходжу на сеанс псіхатэрапіі да псіхолага Марыі, выконваю яе хатнія заданні. Ёсць сацыяльны работнік, яна праводзіць заняткі па інтарэсах, арт-тэрапія, напрыклад. У мяне ёсць нявырашаныя праблемы, з прычыны якіх бываюць дэпрэсіі. Тут мне прасцей іх вырашаць. Хатняя абстаноўка да гэтага не схіляе.

Як я знайшоў гэты цэнтр? Проста ўвёў ключавыя словы ў інтэрнэце: сацыялізацыя, адаптацыя і рэабілітацыя.

Што яшчэ трэба зрабіць або памяняць для эфектыўнай рэабілітацыі людзей з гэтым захворваннем, па-вашаму?

– Акрамя РНПЦ псіхічнага здароўя, я яшчэ лячыўся ў стацыянары на Бехцерава (Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер г.Мінска). Розніца вялізная. У «Навінках» я ляжаў у закрытым аддзяленні, гэта проста як у турме, вельмі цісне на псіхіку. У 7.00 пад'ём, сняданак у 8.30, і да сняданку ўвесь гэты час ты ходзіш па калідоры і нічога не робіш, на ложак легчы не дазваляюць.

Пасля сняданку абход, раздача таблетак, з 9.30 да 13.00 – прагляд тэлевізара ў агульным пакоі з затхлым паветрам. Прагулкі на вуліцы строем. Апранаемся ў целагрэйкі, «кірзачы» і выходзім. Сваёй вопраткі няма. Потым абед, таблеткі, ціхі час, пакуль не абудзяць на вячэру, пасля вячэры можна ляжаць на ложку. І ўсё. Ёсць яшчэ адзін на ўсіх набор шахмат і шашак. На Бехцерава – адкрытыя аддзяленні, ёсць працатэрапія, вольны выхад на прагулкі на вуліцу. Так і павінна быць. Але на першае месца я б паставіў магчымасць мець стасункі з псіхолагам. Гэта павінна быць даступна. Мне асабіста вельмі дапамагала. А пасля выпіскі павінен выдавацца спіс рэкамендацый, што рабіць далей, акрамя прыёму лекаў. Я такіх не атрымліваў.

Родным – вывучыць інфармацыю і тлумачыць хвораму

Як родным сябе паводзіць, каб дапамагаць?

– Часам я сам клаўся ў бальніцу, разумеючы, што трэба. Але часцей мяне адвозіў туды брат. Выклікаў брыгаду, мяне хапалі, заломлівалі рукі, у аддзяленні часам прывязвалі. Праз пэўны час я разумеў, што ў яго не было іншага выйсця. Але я крыўдзіўся, лаяўся з ім, бо гэта ўсё роўна гвалт. Даходзіла да таго, што мы рабіліся на пэўны час ворагамі.

Я думаю, павінна быць максімум інфармацыі. Вось я прыйшоў да вас з падрабязнымі раздрукоўкамі пра біпалярнае расстройства. Яны патрапілі да мяне толькі гэтым летам ад чалавека, які ўпершыню лёг у бальніцу з такой хваробай. Гэтыя матэрыялы знайшла і раздрукавала яго 70-гадовая мама. Родныя ў першую чаргу павінны максімальна даведацца ўсё пра хваробу і спакойна, без крыкаў і агрэсіі, тлумачыць хвораму, бо самім нам складана ў гэтых фазах, што змяняюцца, знайсці патрэбную інфармацыю. Я да апошняга часу проста нават тэорыю гэтага расстройства не ведаў.

Што вы страцілі з-за хваробы?

– Працаздольнасць. Я пакуль не магу хадзіць на працу. Родныя сцвярджалі, што праца мяне вылечыць. Але для мяне вяртанне да таго, чым я займаўся раней, было вялікім стрэсам, і гэта ўганяе мяне ў дэпрэсію яшчэ больш. Але гэта было звязана з канкрэтным відам дзейнасці. Можа, у іншай справе я змог бы сябе знайсці.

За гэты час я дужа аддаліўся для сяброў і сваякоў. Хаця яны ад мяне не адвярнуліся, наадварот, дапамагаюць.

Я адчуваю, што адстаў ад жыцця.

Галоўная праблема – унутраная адзінота. Яна парадаксальная. Быццам бы ад адзіноты дрэнна, але я не шукаю каго-небудзь і не ведаю, хто мне патрэбны. Не хочацца абцяжарваць людзей. Увогуле, у падвешаным стане. Пакуль хаджу ў «Адкрыты дом», стараюся не затлумляцца. Лічу, што ўсё гэта часова, і я навучуся спраўляцца са сваімі станамі.

А што вы набылі з хваробай?

– Калі шчыра, мне гэтая тэма цікавая. Я б хацеў удзельнічаць у пэўных праектах, звязаных з дапамогай людзям, якія пакутуюць ад гэтага расстройства. Магчыма, мой досвед дапаможа не зрабіць памылак. Я хаджу цяпер у пратэстанцкую царкву, у іх ёсць некалькі рэабілітацыйных цэнтраў для залежных людзей. Мне здаецца, для біпалярнікаў патрэбны такі ж рэабілітацыйны цэнтр. У такім праекце я б змог сябе рэалізаваць. Трэба толькі знайсці аднадумцаў.

Аб прычынах і эфектыўных псіхатэрапеўтычных метадах лячэння біпалярнага расстройства у наступным матэрыяле >>>

https://bel.24health.by/perafarmatavanne-dumak-dzyonnik-nastroyu-rezhym-dnya-psixaterapeut-pra-metady-dapamogi-pry-bipalyarnym-rasstrojstve/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).