Site icon Слушна

Няўлоўнае зачараванне. Фотавыстаўку Анатоля Каляды прадставілі ў Мінску

Выстаўка

Анатоль Каляда — сапраўдны мэтр фотамастацтва, на здымках якога захаваліся вялікія як для гісторыі свету, так і краіны, асобы і падзеі. Яго аб’екыў нібы застылая памяць захаваў тое, што немагчыма проста апісаць абыякавымі словамі. Гэта спадчына, якая застанецца назаўжды з намі.

Анатоль Каляда

У ліпені у Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё выстаўкі фатаграфіі «Легенды» з прыватнага архіва Анатоля Данілавіча. Праект быў падрыхтаваны сумесна з Беларускім грамадскім аб'яднаннем фатографаў.

Выстаўка прысвечана творчасці фотакарэспандэнта Анатоля Каляды, які прысвяціў усё жыццё фатаграфіі і пакінуў найбагацейшы архіў, частка якога і прадстаўлена ў экспазіцыі. Ён працаваў у выданнях «Знамя юнасці», «Літаратура і мастацтва», «Роднае слова», у часопісе «Нёман», на беларускім тэлебачанні.

Якой звыклай і нескладанай справай сёння стала для нас тое, што яшчэ нядаўна лічылася амаль чараўніцтвам. Як проста зараз «спыніць імгненне», захаваўшы яго на камеру мабільнага тэлефона.

Сучаснаму фатографу, які ні разу не здымаў на плёнку, цяжка ўявіць усе асаблівасці здымкі «іншай» фатаграфіі, дзе няма магчымасці паглядзець, ці добра знята, ці дакладна абраны ракурс і ці ўсе дэталі патрапілі ў кадр. Даведацца пра гэта можна толькі пасля праяўлення плёнкі.

У фотакарэспандэнтаў савецкага часу было з сабой некалькі фотаапаратаў з рознымі аб'ектывамі і ўсталяванай фотастужкай рознай святлоадчувальнасці. Для таго, каб спраўляцца з гэтай няпростай тэхнікай, патрэбны быў адмысловы спрыт і нюх.

Менавіта такім фотакарэспандэнтам быў Анатоль Каляда, які ўсё жыццё прысвяціў фатаграфіі і пакінуў нам найбагацейшы архіў, частка якога прадстаўлена на выстаўцы «Легенды». Больш прыдатную назву для гэтага праекта, мусіць, складана прыдумаць. З чорна-белых фатаграфій глядзяць на нас людзі, імёны якіх залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю нашай краіны: Пётр Клімук, Міхаіл Савіцкі, Заір Азгур, Расціслаў Янкоўскі, Леанід Левін, Гаўрыла Вашчанка, Валянцін Елізар'еў, Анатоль Анікейчык і іншыя вядомыя асобы.

Сярод мноства фатаграфій няма ніводнага пастановачнага кадра, і ў гэтым вялізная каштоўнасць прадстаўленых на выстаўцы работ. Мы не проста бачым чалавека на здымку, мы пераносімся ў іншы час, мімаволі апускаемся ў савецкую эпоху, нібы не мінула з тых часоў паўстагоддзя.

Куратар выстаўкі, намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў Алена Данброва на пытанне аб унікальнасці архіваў адказала: «Назва фотавыстаўкі максімальна дакладна перадае змест. Дастаткова проста паглядзець на афішу, на якой намаляваны сапраўдныя легенды. Усіх гэтых асоб змог захаваць на сваіх здымках для будучых пакаленнях Анатоль Каляда».

Фатаграфія для Анатоля Каляды была яго жыццём, натхненнем і прафесіяй. Майстар не проста фіксаваў — ён перадаваў настрой, атмасферу, няўлоўнае зачараванне моманту. Менавіта таму да слова «фатограф» абавязкова хочацца дадаць слова «мастак». Мастак, які пакінуў нам на памяць замалёўкі аб падзеях і людзях, што сталі ўжо гісторыяй, якой сёння мы можам ганарыцца.

Як мастакі Вячаслаў Люй-Ко і Сяргей Ледзяеў інтэгравалі рысы культур розных краін у беларускі кантэкст?

Exit mobile version