І гэта не гульня слоў, не падбор рыфмы, а сапраўдная народная прыкмета на сёння, 6-га верасня. А ціхае надвор’е патрэбнае для таго, каб не абсыпалася насенне лёну. Нашыя продкі заўважалі: «Добра, калі Еўціхій ціхі, а то не ўтрымаеш ільняное насенне на кораню: да начыста вылупіцца».
Пра карысць ільну ўжо распавядалася раней, і не раз. Таму ёсць сэнс сёння ўсім нам папрасіць у «нябеснай канцылярыі» зацішша. Зрэшты, дождж на Яўціхія даўней разглядаўся як абяцанне таго, што надвор’е ажно да самай зімы будзе сухім, а будучы ўраджай – вельмі добрым.
Калі ж сініцы моцна ціўкаюць, чакайма ў хуткім часе не проста дажджу, а непагадзі. Хоць ты ім дзюбы пазавязвай! 🙂 Жарт, вядома ж… Але ад непагадзі той сёлета нацярпеліся ўжо… Улетку і не толькі.
Таксама ёсць сэнс паназіраць, ці ўрадзілі сёлета жалуды. Калі іх на дубах шмат, зіму чакайма марознай і снежнай! Напісала – і сама не паверыла напісанаму. Дзе яны, тыя зімы снежныя?! Але па магчымасці да бліжэйшых магутных дубоў, што растуць у лесе за нашай дачнай сядзібай, трэба было б наведацца…
Эх, якімі ж добрымі «канструктарамі» былі тыя жалуды ў маім вясковым маленстве! Калі за савецкім часам не было асабліва выбару цікавых цацак. А мне з дзяцінства падабалася ляпіць з пластыліну і рабіць штосьці цікавае з прыроднага матэрыялу. Вось недахопу ў апошнім і зусім не адчувалася. Па восені гэта былі жалуды.
Папросіш у мамы колькі запалак… І чаго толькі ні наробіш з іх і жалудоў! Разнастайныя чалавечкі, сабачкі, свінні, іншыя жывёлы… Тут вам і развіццё маторыкі рук, і фантазія, і ўяўленне, і ўседлівасць…
Ці то мне проста ўяўляецца, ці то і насамрэч тое было. Але здаецца, што і каву з жалудоў я таксама дзесьці каштавала. А зараз, калі вяртаюцца шматлікія народныя абрады, традыцыі, сімвалы… Калі адраджаецца цікавасць да народнай медыцыны, да лекавых уласцівасцяў раслінаў і не толькі… Вось маю жаданне згатаваць каву з жалудоў! 🙂
Бо любой кавай з рознымі дадаткамі, натуральнай і распушчальнай, мяне даўно ўжо не здзівіш. Як і цыкорыем. Застаецца кава з жалудоў і… каранёў дзьмухаўцоў! І нават калі мне скажаце, што і тое, і другое можна без праблемаў набыць… Не-е-е-е-е, шаноўныя! Куплёнае – зусім не тое, што зробленае ўласнымі ручкамі.
Я ўжо не кажу пра якасць… Невядома, хто і дзе нарыхтоўваў сыравіну ды як яе гатавалі… Люблю кантраляваць увесь працэс. А напачатку ж трэба ўзброіцца ведамі, праўда?!
І першае, што бачу… Такі напой вельмі карысны пры захворваннях сэрца. А працэс падрыхтоўкі сыравіны такі.
Кава з жалудоў
Падрыхтоўка:
- Збіраем жалуды, адкідваем чарвівыя.
- Пазбаўляем цэлыя ад капялюшыкаў, калі тыя яшчэ трымаюцца.
- Разразаем кожны жолуд на 3-4 часткі.
- Сушым у духоўцы, сочым, каб не прыгарэлі.
- У кавамолцы ці любым іншым зручным спосабам ператвараем сыравіну ў парашок бурага колеру.
Прыгатаванне:
- Выкарыстоўваем, як звычайную каву: варым (1 ч.л. на 1 шклянку вады) альбо проста заліваем кіпнем і настойваем.
- Па смаку можна дадаць малако альбо вяршкі, цукар – хто як прывык спажываць каву звычайную.
І – смачна піць! Зрэшты, я спадзяюся, што смачна… А можа, хтосьці і п’е ўжо даўно?!
Ой, а яшчэ цікавы рэцэпт убачыла! Як аматар малочнага супу… Ды што там аматар – сапраўдны фанат! Узрадавалася, карацей… 🙂
Аказваецца, высушаныя жалуды можна пускаць не толькі на парашок. Калі іх патаўчы, атрымаюцца, так бы мовіць, крупы, з якіх можна зварыць кашу! А можна – малочны суп!
Малочны суп з крупы з жалудоў
Інгрэдыенты (норма на 1 порцыю)
- крупы з жалудоў – 30 г
- малако – 250 мл
- цукар – 5 г
- масла сметанковае – 5 г
- соль – 2 г
Прыгатаванне
- Закіпяць у каструлі ваду.
- Пастаянна памешваючы, усыпаць тонкім струменем жалудовыя крупы.
- Варыць да гатоўнасці.
- Дадаць малако, цукар, соль, давесці суп да кіпення.
- Пры падачы ў талерку дадаць сметанковае масла.
Смачна есці! 🙂
А яшчэ колькі ўсяго можна прыгатаваць з жалудоў! Карацей, я зразумела! Гэтай восенню, калі толькі яны ўрадзілі, жалуды – руляць! 🙂 І калі ўжо з-за патопу на дачнай сядзібе мы засталіся без усяго… Будзем есці жалуды!