06.09.2020
06.09.2020

Няхай Яўціхій будзе ціхім… Збіраем жалуды! Гатуем кава

logo
Беларускі код
0 65
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І гэта не гульня слоў, не падбор рыфмы, а сапраўдная народная прыкмета на сёння, 6-га верасня. А ціхае надвор’е патрэбнае для таго, каб не абсыпалася насенне лёну. Нашыя продкі заўважалі: «Добра, калі Еўціхій ціхі, а то не ўтрымаеш ільняное насенне на кораню: да начыста вылупіцца».

Яўціхій. Лён.

Пра карысць ільну ўжо распавядалася раней, і не раз. Таму ёсць сэнс сёння ўсім нам папрасіць у «нябеснай канцылярыі» зацішша. Зрэшты, дождж на Яўціхія даўней разглядаўся як абяцанне таго, што надвор’е ажно да самай зімы будзе сухім, а будучы ўраджай – вельмі добрым.

Калі ж сініцы моцна ціўкаюць, чакайма ў хуткім часе не проста дажджу, а непагадзі. Хоць ты ім дзюбы пазавязвай! 🙂 Жарт, вядома ж… Але ад непагадзі той сёлета нацярпеліся ўжо… Улетку і не толькі.

Таксама ёсць сэнс паназіраць, ці ўрадзілі сёлета жалуды. Калі іх на дубах шмат, зіму чакайма марознай і снежнай! Напісала – і сама не паверыла напісанаму. Дзе яны, тыя зімы снежныя?! Але па магчымасці да бліжэйшых магутных дубоў, што растуць у лесе за нашай дачнай сядзібай, трэба было б наведацца…

Яўціхій. Жалуды. Восень

Эх, якімі ж добрымі «канструктарамі» былі тыя жалуды ў маім вясковым маленстве! Калі за савецкім часам не было асабліва выбару цікавых цацак. А мне з дзяцінства падабалася ляпіць з пластыліну і рабіць штосьці цікавае з прыроднага матэрыялу. Вось недахопу ў апошнім і зусім не адчувалася. Па восені гэта былі жалуды.

Папросіш у мамы колькі запалак… І чаго толькі ні наробіш з іх і жалудоў! Разнастайныя чалавечкі, сабачкі, свінні, іншыя жывёлы… Тут вам і развіццё маторыкі рук, і фантазія, і ўяўленне, і ўседлівасць…

Ці то мне проста ўяўляецца, ці то і насамрэч тое было. Але здаецца, што і каву з жалудоў я таксама дзесьці каштавала. А зараз, калі вяртаюцца шматлікія народныя абрады, традыцыі, сімвалы… Калі адраджаецца цікавасць да народнай медыцыны, да лекавых уласцівасцяў раслінаў і не толькі… Вось маю жаданне згатаваць каву з жалудоў! 🙂

Яўціхій. Перапрацоўваем жалуды.

Бо любой кавай з рознымі дадаткамі, натуральнай і распушчальнай, мяне даўно ўжо не здзівіш. Як і цыкорыем. Застаецца кава з жалудоў і… каранёў дзьмухаўцоў! І нават калі мне скажаце, што і тое, і другое можна без праблемаў набыць… Не-е-е-е-е, шаноўныя! Куплёнае – зусім не тое, што зробленае ўласнымі ручкамі.

Я ўжо не кажу пра якасць… Невядома, хто і дзе нарыхтоўваў сыравіну ды як яе гатавалі… Люблю кантраляваць увесь працэс. А напачатку ж трэба ўзброіцца ведамі, праўда?!

І першае, што бачу… Такі напой вельмі карысны пры захворваннях сэрца. А працэс падрыхтоўкі сыравіны такі.

Кава з жалудоў

Яўціхій. Кава з жалудоў

Падрыхтоўка:

  1. Збіраем жалуды, адкідваем чарвівыя.
  2. Пазбаўляем цэлыя ад капялюшыкаў, калі тыя яшчэ трымаюцца.
  3. Разразаем кожны жолуд на 3-4 часткі.
  4. Сушым у духоўцы, сочым, каб не прыгарэлі.
  5. У кавамолцы ці любым іншым зручным спосабам ператвараем сыравіну ў парашок бурага колеру.

Прыгатаванне:

  • Выкарыстоўваем, як звычайную каву: варым (1 ч.л. на 1 шклянку вады) альбо проста заліваем кіпнем і настойваем.
  • Па смаку можна дадаць малако альбо вяршкі, цукар – хто як прывык спажываць каву звычайную.

І – смачна піць! Зрэшты, я спадзяюся, што смачна… А можа, хтосьці і п’е ўжо даўно?!

Ой, а яшчэ цікавы рэцэпт убачыла! Як аматар малочнага супу… Ды што там аматар – сапраўдны фанат! Узрадавалася, карацей… 🙂

Аказваецца, высушаныя жалуды можна пускаць не толькі на парашок. Калі іх патаўчы, атрымаюцца, так бы мовіць, крупы, з якіх можна зварыць кашу! А можна – малочны суп!

Малочны суп з крупы з жалудоў

Яўціхій. Крупы з жалудоў.

Інгрэдыенты (норма на 1 порцыю)

  • крупы з жалудоў – 30 г
  • малако – 250 мл
  • цукар – 5 г
  • масла сметанковае – 5 г
  • соль – 2 г

Прыгатаванне

  1. Закіпяць у каструлі ваду.
  2. Пастаянна памешваючы, усыпаць тонкім струменем жалудовыя крупы.
  3. Варыць да гатоўнасці.
  4. Дадаць малако, цукар, соль, давесці суп да кіпення.
  5. Пры падачы ў талерку дадаць сметанковае масла.

Смачна есці! 🙂

Збіраем жалуды!

А яшчэ колькі ўсяго можна прыгатаваць з жалудоў! Карацей, я зразумела! Гэтай восенню, калі толькі яны ўрадзілі, жалуды – руляць! 🙂 І калі ўжо з-за патопу на дачнай сядзібе мы засталіся без усяго… Будзем есці жалуды!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 65

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама