27.04.2023
27.04.2023

Натхняльніца. Сакрэт шчаслівага жыцця Аксаны Аракчэевай

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У мастачкі Аксаны Аракчэевай — юбілейны год. 60, а правільней — «6:0» на карысць юбіляркі! Вось да каго трэба выстройвацца ў чаргу па парады, як жыць, каб год ад году маладзець і прыгажэць.

Рухавая, стройная, з прамяністай усмешкай спадарыня Аксана ахвотна раскажа свае сакрэцікі. Гімнастыка —  штодзень, пасля —  абліванне халоднай вадой, а ўвечары са смакоццяў —  пусты чай ці проста вадзіца. Герантолагі, упэўнена, такія рэцэпты ўхваляць і могуць смела рэкамендаваць каму заўгона, а спадарыня Аксана станецца прыкладам для пераймання. На сустрэчы сяброў, якая адбывалася з нагоды юбілею мастачкі і ладзілася ў музеі Якуба Коласа, ледзь не кожнае прыветнае слова пачыналася так: «Не верыцца, што Аксане — 60!»

Аксана Аракчэева

Ёсць яшчэ адзін важкі складнік у сакрэце яе вечнай маладосці. Актыўнасцяў —  больш, чым можа змясціцца ў суткі. Але спадарыня Аксана валодае сакрэтам, як час «расцягіваць» — проста напаўняеш яго справамі пад завязку. Мастачка ілюструе кнігі, піша карціны, ладзіць куратарскія выстаўкі, знаходзіць час на сустрэчы з сябрамі і прыхільнікамі творчасці ў майстэрні…

Яшчэ адна грань яе таленту — адчуванне слова. Не так даўно ў выдавецтве «Адукацыя і Выхаванне» выйшла кніга для дзяцей «Фанечка. Мандарынавая гісторыя», напісаная і намаляваная Аксанай Аракчэевай. Аўтарскай кнізе папярэднічала ўкладальніцкая справа: яна сабрала, упарадкавала і выдала кнігу вершаў «Военная тетрадь» свайго роднага дзядзькі Сяргея Аракчэева — ваеннага карэспандэнта, якi прайшоý усю вайну, дайшоў да Берліна. Ён пайшоý з жыцця у 1986 годзе, а яго вершы Аксана сабрала ý зборнiк i выдала.

«Бэз малюецца на шчасце» — кніга пра жыццё і творчасць мастака, заслужанага дзеяча культуры РБ Барыса Аракчэева, бацькі Аксаны Аракчэевай і заснавальніка мастацкай дынастыі Аракчэевых — адной з укладальнікаў і аўтаркай вялікай колькасці тэкстаў якой стала Аксана, яго малодшая дачка.

Дазволю сабе меркаванне, што пашана і любоў, з якой мастачка ставіцца да мастацкай спадчыны бацькі, да сям’і, да роду —  таксама моцная жыццядайная сіла.

Кніга Аксаны Аракчэевай

І вось у юбілейны год свет пабачыў альбом жывапісу і графікі Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар». На сустрэчы сяброў адбылася яго прэзентацыя. Цудоўныя казачныя асацыяцыі дарыла ўжо сама назва. «Бацькаў дар» — адна з самых прыгожых беларускіх народных чарадзейных казак. У ёй шмат дзівосаў, а самае важкае дзіва вельмі жыццёвае: усе багацці, усе даброты дастаюцца сыну, які паслухаўся бацькавага наказу і выканаў усё, пра што ён прасіў.

Альбом «Бацькаў дар» мастачка прысвяціла бацькам, а рэпрадукцыяй карціны «Мой тата. Партрэт мастака Барыса Аракчэева» і эсэ пра бацьку Аксана Барысаўна пачала альбом.

Кніга Аксаны Аракчэевай

Рэпрадукцыі карцін са славутай серыі мастачкі «Мінскія вокны», шэраг жывапісных палотнаў парадуюць прыхільнікаў творчасці Аксаны Аракчэевай. Багата ў альбоме партрэтаў сучаснікаў. На сустрэчы сяброў гэтыя партрэты літаральна аджывалі, бо «людзі з карцін» былі тут. Гучалі захапляльныя гісторыі пра стварэнне шэрагу партрэтаў «купалінак» —супрацоўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета РБ — яны ўпрыгожваюць файе тэатра і зараз. Пісьменнікі, артысты, святары, дыпламаты, выдаўцы, славутыя гістарычныя постаці (Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі) — на партрэтах мастачкі.

Аксана Арэкчэева. Партрэт

Што адчувае чалавек, які бачыць свой партрэт? Гэтае пытанне гучала часта. Раскажу, што адчуваю асабіста я, бо сама маю ад Аксаны Аракчэевай партрэт «Вандроўкі з казачніцай». Хочацца адпавядаць гэтай працы, бо вочы мастачкі ўхапілі, а пэндзлік з любоўю занатаваў лепшае, што маеш. Так бачаць людзей адно верныя сябры і закаханыя. Сваёй верай у лепшае ў табе яны даюць сілу жыць і ствараць. Партрэт работы Аксаны Аракчэевай мае на мяне менавіта такое ўздзеянне: натхняе жыць у казцы.

Партрэты Аксаны Аракчэевай

Былі і нечаканыя гісторыі стварэння партрэтаў. Замовіўшы партрэт жонкі, адзін мужчына не ўпадабаў, што выглядае яна маладзей, чым у жыцці, і загадаў састарыць…

Маляўнічы альбом нібы сонцам наліты. Пераканайцеся самі — ён пакуль ёсць у продажы, сталічныя жыхары могуць знайсці яго ў «Акадэмкнізе».

Гісторыі з кнігі Аксаны Аракчэевай

Пра што яшчэ асабіста для мяне альбом «Бацькаў дар» — акрамя творчай справаздачы мастачкі? Пра ўменне жыць напоўніцу, ствараць нагоду для святаў і дарыць радасць. Пра тое, што рабіць, каб жыццё ўвесь час паварочвалася да цябе тварам?

Нястомна працаваць, ствараць, паважаць людзей і не губляцца сярод іх.

Сіла дару, перанятага ад бацькі мастачкай Аксанай Аракчэевай, памножаная на яе жыццялюбства і прагу дзейнічаць, дае цудоўны плён.

«Пачала складаць казкі, гадуючы дачку». Разглядаем дзіцячыя кнігі Раісы Баравіковай

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама