А ў гэтую нядзелю зноўку некалькі святаў разам сабраліся. Мабыць, каб зрабіць наш дзень больш цікавым і разнастайным. Напрыклад, кожны пры жаданні можа адсвяткаваць Дзень малявання сонца на снезе. Бо для гэтага, уласна кажучы, не трэба фарбаў, алоўкаў ды пэнзляў. Толькі снег. Ну, і галінку якую для зручнасці! 🙂
Калі ў вас ёсць знаёмыя вучоныя, даследчыкі, дык павіншуйце іх з Днём беларускай навукі, які традыцыйна адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня. Сёння ж можна праводзіць і адмысловыя абрады, каб абараніцца ад нячыстай сілы, – Апанас Ламанос! Калі вы аматар(-ка) шакаладу як напою, самы час яго прыгатаваць, адсвяткаваўшы Дзень гарачага шакаладу.
А каб быў час усім гэтым заняцца, варта адзначыць... Міжнародны дзень без інтэрнэту! Толькі дачытайце да заканчэння – і гайда на кухню ці на вуліцу! 🙂
А пачну я больш падрабязна разважаць пра згаданае не з пачатку, а якраз-такі з «хваста»!
Думаю, практычна кожны за невялікім выключэннем у свой час прайшоў праз інтэрнэт-залежнасць. Быў такі перыяд і ў мяне. Якраз калі набыла ўласны камп’ютар ды зарэгістравалася ў адной папулярнай сацыяльнай сетцы. Ой, даўно…
Стасункі з даўнімі сябрамі, знаёмымі ды аднакласнікамі, часта адшуканымі сапраўды на краі свету! Як тады дзівілася мая мамачка, што я стасуюся ў рэальным часе з яе колішнім вучнем, які зараз знаходзіцца ў Амерыцы! Гэта вам не па тэлефоне паразмаўляць за шалёныя грошы і не папяровымі лістамі абменьвацца, якія месяцамі ідуць. Раз! – пытанне. Два! – адказ. Бывае, практычна імгненна, калі чалавек знаходзіцца ў сеціве.
Цікавыя знаёмствы, флірт… Куды ж без гэтага?! Ды ўсё такое новае і незвычайнае… Раніцай устаеш з ложка – і адразу ж кідаешся да камп’ютара, каб паглядзець, што табе напісалі, якія віртуальныя падарункі даслалі…
А шматлікія стасункі, калі маеш вялікую хутасць набору?! Я магла адначасова перапісвацца з 7 чалавекамі, а кожны думаў, што толькі з ім, бо паўзаў практычна не мелася! 🙂
Эх, быў час… Па шчырасці, сумую. Даўно ўжо згубілася тая навізна. І калі зараз з дапамогай усюдыісных месэнджараў можна ў любы момант зрабіць бясплатны відэазванок «на край свету»…
Зрэшты, усвядоміўшы ў той час сваю інтэрнэт-залежнасць, справілася з ёю даволі хутка. Галоўнае – зразумець і прызнаць, што яна маецца, не падманваючы саміх сябе. А для чалавека, які ўмее думаць галавой, ніякіх перашкодаў няма, я лічу. 🙂 Так што дзень без сеціва? Ды лёгка! Можна нават не адзін. Калі б не праца ў тым самым сеціве…
Што тычыцца гарачага шакаладу, па шчырасці, хацелася б пакаштаваць яго дзесьці ў кавярні. Бо шмат чытала пра тое, які ён смачны, асабліва за межамі. А так… Даводзілася задавольвацца прыгатаваннем яго з пакеціка. Ну што тут сказаць... А не кожны гатунак падабаўся! Вось са стэвіяй – так, цудоўна заходзіла. А некаторыя нагадвалі мне па смаку какаву, якую я не пераношу з дзяцінства… Па важкай прычыне. 🙂
А вы любіце гарачы шакалад? Гатуеце яго сабе?
А ці чулі такое: «Хавай нос у Апанасаўскі мароз», «Прыйшоў Апанас Ламанос – хавай шчокі ды нос»?! Дык гэта якраз пра сёння. Звычайна раней у апошнія дні студзеня надараліся вялікія маразы, што і адзначылі ў народнай мудрасці нашыя продкі. У гэты дзень раілі праводзіць спецыяльныя абрады, каб абараніцца ад нячыстай сілы, а не раілі – рабіць хірургічныя аперацыі, узбуджаць судовыя іскі, пераязджаць, сварыцца.
Асабіста знаёмая я і з некаторымі даследчыкамі ды вучонымі. Падчас журналісцкай працы неаднойчы даводзілася пісаць як пра цікавых асобаў, так і пра сам Дзень беларускай навукі. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца…
Думаю, што ў дзяцінстве кожны з нас любіў штосьці прыдумляць, а можа, нават марыў пра навуковыя адкрыцці сусветнага маштабу. Вынайсці калі не вечны рухавік, дык хаця б… кола! J А хтосьці да гэтага часу майструе разнастайныя прылады, патрэбныя ў побыце, штораз вынаходзячы няхай сабе і не дужа маштабнае, але ўсё ж значнае, бо новае…
Ну і нарэшце – пра самае прыемнае! Так, Дзень малявання сонца на снезе. Усё люблю: і снег, і сонейка, і маляванне! А вы?! Дык няхай сёння снежныя прасторы ў межах горада, вёскі, поля і г.д. напоўняцца малюнкамі сонейка. Бо без яго мы, вядома ж, не змаглі б жыць. Без яго не мелі б здароўя. А як мы чакаем, калі яно вызірне менавіта ў пахмурныя дні, у дні зімовыя!
Магчыма, сваімі малюнкамі мы ўсё ж прымусім яго зрабіць гэта ў самы найбліжэйшы час? Няхай палюбуецца на свае шматлікія адлюстраванні на снезе. Малюем сонейка, сябры! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by