Анафілактычны шок – крайняя ступень выяўленасці алергічнай рэакцыі. Яго раптоўны пачатак і імклівае развіццё не пакідаюць часу на роздум. Кожная секунда прамаруджання можа каштаваць чалавеку жыцця.
Пасля рэзанансных выпадкаў развіцця анафілактічнага шоку, якія былі ў пачатку мінулага года (тады адзін з іх, на жаль, скончыўся трагічна), людзі літаральна атакавалі медыцынскія лабараторыі. Даведацца, ці ёсць схільнасць да алергіі на лекавыя прэпараты, без перабольшвання, было для іх пытаннем жыцця і смерці.
Дык ці можна прадугледзець магчымасць развіцця анафілактычнага шоку? Што рабіць, каб дапамагчы чалавеку застацца ў жывых? Пра гэта і не толькі наша размова з загадчыкам алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўным пазаштатным дзіцячым алерголагам Міністэрства аховы здароўя, к.м.н. Дзмітрыем Бузой.
Што такое анафілактычны шок?
Анафілактычны шок – гэта цяжкая сістэмная алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу, што пагражае жыццю і развіваецца пры паўторным кантакце з алергенам любога паходжання. Лічыцца, што пры не аказанай своечасова дапамозе трагічны канец пры анафілактычным шоку верагодны ў 50-75% выпадкаў.
Асаблівасцю такой рэакцыі з'яўляецца тое, што яна ніколі не ўзнікае на рэчыва, якое ўпершыню трапляе ў арганізм чалавека. Анафілактычны шок правакуе паўторнае ўвядзенне алергена, нават калі да гэтага ніякай рэакцыі на яго не назіралася. І гэта адна з прычын, чаму спрагназаваць узнікненне жыццяпагражальнай сітуацыі практычна немагчыма.
Прычыны анафілактычнага шоку
Ёсць тры вядучыя фактары, якія правакуюць узнікненне анафілактычнага шоку:
- Лекі і медпрэпараты. Можна тут асобна вылучыць тры групы:
- антыбіётыкі пеніцылінавага і цэфаласпарынавага шэрагу;
- супрацьзапаленчыя і супрацьбалявыя сродкі тыпу ібупрафену, аспірыну, дыклафенаку;
- рэнтгенакантрастныя рэчывы для медыцынскіх маніпуляцый, што ўтрымліваюць ёд.
- Укусы насякомых (пчала, аса), чый яд таксама можа справакаваць анафілактычны шок.
- Харчовыя прадукты. Вельмі рэдка, але ўсё ж здараецца, што небяспечную рэакцыю могуць выклікаць прадукты, якія аказваюць высокае алергізуючае дзеянне: курыны бялок і бялок каровінага малака, яйкі, арэхі, харчовыя дадаткі і г.д.
Як распазнаць анафілактычны шок?
Жыццяпагражальная рэакцыя развіваецца вокамгненна: на працягу некалькіх хвілін ці нават секунд пасля паўторнага кантакту з алергенам. У выключных выпадках можа быць адтэрмінаваная на некалькі гадзін. Але, як правіла, гаворка ідзе ўсё ж пра імклівы пачатак.
Таксама для анафілактычнага шоку характэрныя:
- Паражэнне дыхальнай сістэмы. Пры анафілактычным шоку дыхальныя шляхі звужаюцца, узнікаюць хрыпы, дыханне парушаецца: як правіла, чалавек не можа ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць.
- Паражэнне скуры. З-за недахопу кіслароду скура набывае сінюшнае адценне. Акрамя таго, анафілактычны шок часта суправаджаецца крапіўніцай, ацёкам языка і мяккага нёба, нясцерпным свербам.
Часам могуць назірацца праявы збоку страўнікава-кішачнага тракта: спазмы, рэзкія болі, ваніты, панос.
Першая дапамога пры анафілактычным шоку
- Выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Гэта першае і галоўнае, што трэба зрабіць.
- Пакласці чалавека. Прыпадняць ногі, каб яны былі вышэй за ўзровень галавы для таго, каб павялічыць прыток крыві да сэрца і, адпаведна, паменшыць тахікардыю). Калі ёсць ваніты, чалавек павінен ляжаць не на спіне, а на баку.
- Забяспечыць доступ свежага паветра: расшпіліць кашулю, адкрыць вокны.
- У выпадку, калі сэрца спынілася, аказаць базавую сардэчна-лёгачную рэанімацыю: непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне.
Жыццё пасля шоку
Калі адэкватная медыцынская дапамога была аказана своечасова, стан перажытага анафілактычнага шоку не прынясе арганізму асаблівых наступстваў. Але ў далейшым кантакт з рэчывам, што выклікала такую рэакцыю, неабходна катэгарычна выключыць.
І ўсё ж такі адкрытым застаецца галоўнае пытанне: ці можна «прафілактычнымі» абследаваннямі папярэдзіць развіццё анафілактычнага шоку?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by