Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка падчас традыцыйнага стрыму звярнуліся да беларусаў з просьбай заставацца дома на доўгія выхадныя і Радаўніцу. Сацыяльнае дыстанцыяванне па-ранейшаму застаецца сярод першачарговых мераў па эфектыўнай прафілактыцы COVID-19. Урачы нагадваюць: каб прадухіліць інфіцыраванне, варта скараціць кантакты і не наведваць месцы збору людзей.
Па словах намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, чалавек можа нават не ведаць, што ўжо хворы на COVID-19, і быць заразным. Разам з тым, многія плануюць на вялікія выхадныя з'ехаць да бацькоў ці блізкіх сваякоў, часам і ў іншыя рэгіёны.
Падобныя паводзіны – неабгрунтаваная рызыка. Напрыклад, раней падчас прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначаў, што былі выпадкі, калі кампанія сяброў і родных з розных рэгіёнаў з'ездзіла на пікнік, і выпадкі заражэння COVID-19 затым былі выяўленыя ў некалькіх гарадах. Праводзіць святы і выхадныя пажадана ў тым коле стасункаў, у якім звычайна знаходзіцеся.
Сваё меркаванне з гэтай нагоды інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі агучылі і нашы эксперты.
Падчас пандэміі каранавіруса ва ўсім свеце для папярэджання інфіцыравання прымаюцца меры сацыяльнай ізаляцыі і дыстанцыявання. У гэты перыяд пажадана па максімуму абмежаваць свае кантакты, упэўненая галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.
Чаму гэта асабліва важна для сталых людзей? З гадамі імунная сістэма чалавека зношваецца, а значыць, не заўсёды можа даць адэкватны адказ на інфекцыю. Спецыфіка COVID-19 у тым, што ён пашкоджвае ўсе слабыя месцы арганізма. Гэта могуць быць і сэрца, і лёгкія, і ныркі, і печань, адзначыла эксперт.
Не толькі ўрачы, але і прадстаўнікі царквы кажуць пра неабходнасць выключыць наведванне масавых мерапрыемстваў, царкоўных набажэнстваў. У гэты перыяд важна захоўваць разважлівасць, – падкрэсліла Людміла Жылевіч.
Згодная з меркаваннем папярэдняга эксперта і прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.
Ала Шапялькевіч нагадала, што пацыенты з эндакрыннымі захворваннямі, у тым ліку на цукровы дыябет, пры якіх неабходны рэгулярны прыём лекавых сродкаў, павінны працягваць маніторынг адпаведных паказчыкаў. У гэты перыяд нават ва ўмовах самаізаляцыі важна таксама не забывацца пра базісныя прынцыпы лячэння хранічных неінфекцыйных захворванняў (фізічную актыўнасць, рэжым сну і харчавання).
Пра тое, што не варта ў гэтыя дні наведваць могілкі і месцы масавага збору людзей, кажа і намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Кастрычніцкага раёна г.Мінска Ларыса Дзянісава.
Спецыялісты яшчэ раз нагадваюць, што ў групе рызыкі неспрыяльных наступстваў COVID-19 тыя, у каго ў анамнэзе сардэчна-сасудзістыя захворванні, анкалагічныя хваробы, паталогіі нырак і печані, лёгкіх, цукровы дыябет, а таксама людзі сталага і старэчага ўзростаў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by