Як успрымаюць сябе мужчыны ва ўзросце 45? Як яны ставяцца да жыцця і як збіраюцца выбудоўваць яго сабе далей? Ці ёсць пэўная мадэль паводзінаў сярод мужчынскага насельніцтва ў гэтай узроставай катэгорыі, якая становіцца прычынай высокай смяротнасці сярод беларусаў, старэйшых за 45 гадоў?
Знайсці адказы на гэтыя пытанні і выбудаваць тактыку паводзінаў, каб змяніць сітуацыю, якая склалася, – такая мэта ініцыятывы «Самы час!», якая прайшла ў Мінскай вобласці.
У рамках ініцыятывы эксперты правялі сацыялагічнае даследаванне. Яго вынікі аказаліся даволі песімістычнымі. Большасць рэспандэнтаў не лічаць самым галоўным клопат пра сваё здароўе, не жадаюць штосьці мяняць у жыцці ў лепшы бок, а ўзрост 45 гадоў успрымаюць, як пачатак старасці.
Пра вынікі даследавання Слушна распавяла наш пастаянны эксперт, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.
Стыль і ўспрыманне жыцця
Існуе пэўны стэрэатып мужчынскіх паводзінаў: дом-сям'я-праца. Дасягнуўшы пэўных вышынь, большасць мужчын 45+ не бачыць далейшых перспектыў. Жыццё стабільнае і адносна спакойнае. Для многіх гэта і ёсць зона камфорту.
Па словах эксперта, многія з рэспандэнтаў адзначалі, што ў іх няма магчымасці расслабіцца і адпачыць. І прычына гэтаму – недахоп фінансаў. Але ж у Беларусі ёсць цудоўныя магчымасці для выдатнага баўлення часу, упэўненая Людміла Жылевіч.
Жаданні і стаўленне да здароўя мужчын 45+
Асноўнае жаданне – быць здаровым. Але, як правіла, яно прымае якіясьці паталагічныя рысы: ад поўнай пагарды да панікі пры невялікім захворванні.
На жаль, мужчыны ва ўзросце 45+ часта ўспрымаюць гэтую дату, як мяжу. Многія абсалютна ўпэўненыя, што ўжо нельга заставацца здаровым, хаця б адно захворванне ды павінна быць. У гэтай сітуацыі ёсць два бакі аднаго медаля: адны будуць наведваць спецыялістаў з любой нагоды і без, іншыя – абыходзіць дактароў бокам.
Дарэчы, на пытанне пра тое, што можа захаваць здароўе, усе апытаныя мужчыны адзінадушна адказалі: спорт, правільнае харчаванне і адмова ад шкодных звычак, адсутнасць стрэсаў. На іх думку, менавіта гэтыя чатыры фактары могуць павялічыць працягласць жыцця і скараціць рызыку хранічных захворванняў.
Актыўны лад жыцця
Гэта – хобі, тое, чым можна займацца ў вольны пасля працы час. Так адказала большасць рэспандэнтаў. Шмат каму заняцца спортам перашкаджаюць уласныя перакананні (што падумаюць іншыя) і... лянота, нібыта дрэннае самаадчуванне, недахоп грашовых сродкаў.
Стаўленне да дадатковага навучання
Самымі запатрабаванымі сярод рэспандэнтаў сталі курсы вывучэння замежных моў, камп'ютарныя і будаўнічыя, а таксама курсы кіравання аўтамабілем. Ніхто не выявіў жадання цалкам змяніць сваё жыццё, каб, напрыклад, асвоіць новую прафесію ці адкрыць сваю справу.
Выснова
Як распавяла Людміла Жылевіч, даследаванне паказала, што значная частка беларускіх мужчын, старэйшых за 45 гадоў, пачынае актыўна рыхтавацца да выхаду на пенсію. Яны лічаць, што ў такім узросце нельга быць здаровым, перастаюць весці актыўны лад жыцця, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты.
Гэтая мадэль паводзінаў даўно састарэла. Яна прыводзіць да таго, што зніжаецца працягласць і якасць жыцця, расце захворванне на неіфекцыйныя хваробы, абвастраюцца хваробы хранічныя.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by