Народная медыцына здаўна выпрацавала метады лячэння хвароб вачэй. Каламутныя вочы мазалі печанню наліма, якая пастаяла ў шклянцы на сонцы, бялком яйка ці пасыпалі тоўчаным цукрам. Таксама ад каламутных вачэй раілі нюхаць тытунь. Калі вочы забалелі пасля лазні, то трэба было папляваць у іх тры разы на дзень, а потым прамыць цёплай вадой. Запаленні вачэй лячылі перацёртым макам, а пачырванелыя вочы — растоўчанымі суніцамі. Свежыя раны на вачах змазвалі авечай жоўцю або кроўю з-пад крыла голуба-самца.
Бяльмо
Спецыялізаваныя «вочныя лекары» з’явіліся ўжо тысячу гадоў таму, але ў вёсках найчасцей звярталіся да знахароў. Калі на вачах з’яўлялася бяльмо, то ў самым пачатку хваробы крапалі ў вока жоўць шчупака або савы ці зайца. Нехта з атачэння пацярпелага жаваў гваздзіку і парай з роту дзьмухаў у хворае вока. Вочы прамывалі адварам травы канаплі і гэтым жа адварам мылі галаву. Добрым сродкам ад бяльма на воку служыла печанае яйка, разрэзанае ўздоўж на дзве палавіны. Трэба было выняць жаўток, а яшчэ цёплую яечную шапачку пасыпаць стоўчаным цукрам і накласці на вока. Варта было паўтарыць гэта некалькі разоў. Прычым бралі яйка ад курэй са светлым пер’ем і не больш чым па аднаму яйку ад адной курыцы.
Верылі, што бяльмо на воку добра лечаць ментузовыя вантробы. Трэба іх зварыць і яшчэ гарачыя, як толькі можна вытрымаць, прыкласці да хворага вока.
Яшчэ нашы продкі былі ўпэўнены, што вока з бяльмом добра памыць расою і выцерці тым фартушком, што вісіць на крыжы каля дарогі, ці ў канцы сяла, або на ростанях. Толькі трэба было глядзець, каб той крыж не стаяў на могілках, бо тады вочы зусім аслепнуць.
Кураслеп
З хвароб вачэй у нашых продкаў часцей сустракалася курыная слепата — кураслеп, курача слепата (Hemeralopia) — няздольнасць бачыць у цёмны час сутак. Паводле народных уяўленняў курыная слепата магла з’явіцца, калі дарогу перабег заяц, ці прайшоў чалавек з пустымі вёдрамі, або гэта вынік парушэння нейкай забароны. Прыкладам, нельга было выліваць памыі праз парог, пасля заходу сонца, выносіць з хаты смецце або памыі. Забаранялася лежачы шыць, а то «зашыеш вочы і дастанеш курыную слепату».
Пры такой хваробе вочы змазвалі жоўцю шчупака, сокам лісця парэчак, змяшаным з ячнай мукой, печанню чорнай курыцы. Спальвалі нітку, якой вымяралі стрэчанскую свечку. Попел ад яе залівалі вадой і крапалі ў вочы. Пры курынай слепаце хворы павінен быў адразу з’есці курыцу, а гарачыя “пячэнцы” прыкласці да вачэй. Варылі вантробы цяляці, а вочы пры гэтым трымалі над парай. Потым тыя вантробы з’ядалі. Таксама ад гэтай хваробы раілі з’есці вараную галаву чорнай курыцы — жанчыне, ці чорнага пеўня — мужчыну і адварам прамыць вочы. У той жа час хворы павінен насіць пры сабе яйка чорнай курыцы і раз-пораз церці ім вочы.
Касавокасць
З хвароб вачэй часта сустракалася дзіцячая касавокасць. У пачатку 20 стагоддзя этнограф В. Сержпутоўскі на Палессі зафіксаваў метад лячэння такой хваробы. Трэба было ў маладзіковую пятніцу чорнай хусткай завязаць адно вока і не здымаць той хусткі ані ўдзень, ані ўночы да наступнага маладзіка. Верылі, што ад гэтага касавокасць прападае.
Таксама касавокасць у дзяцей лячылі рознымі адварамі: з аеру, хвоі, сасны, канюшыны, шыпшыны. Такія адвары ўжывалі як гарбату штодня. Нават і сёння лічаць, што добра дапамагае палепшыць зрок сумесь з капуснага лісця. Трэба зварыць некалькі штук такога лісця і ўжываць у ежу 4 разы на дзень.
Ячмень
«Ячмень» лячылі своеасаблівым спосабам, які ў народзе завецца «адкідванне». Адлічвалі дзевяць ячменных зерняў і кожнае з іх, папярэдне абмахнуўшы тройчы вакол хворага вока, адкідвалі наводмаш убок. Потым пускалі ў хату курыцу, каб яна здзяўбла тыя зярняты.
Каб пазбегнуць «ячменю», на Каляды не толькі нельга есці ячменныя крупы, але нават раскусіць ячменнае зярнятка няможна было, бо вельмі часта праз гэта цэлы год будзе выступаць на воку той самы «ячмень». Таму, хто спаткае чалавека з ячменем на воку, раілі даць яму фігу, кажучы пры гэтым: «У цябе ячмень усходзіць!» — «Усходзіць, да не ўродзіць», — звычайна адказваў хворы.
Існавалі і замовы супраць ячменю. Вось, напрыклад, наступная, запісаная ў Лунінецкім раёне: «Ячмень, на табе кукіш, //За кукіш кабылку купіш. //Кабылка здохне, //Ячмень ссохне». Пры гэтых словах датыкаліся пальцам да ячменю.
Спрадвеку хваробы вачэй лячылі вадой са святых крыніц, а таксама рознымі маніпуляцыямі з вадой. Так, на адным з прытокаў ракі Проні каля г. Чавусы на Магілёўшчыне ў 19 стагоддзі існавала крыніца, з якой набіралі ваду для лячэння вачэй. Але пры гэтым былі ўмовы: ваду трэба было зачэрпнуць менавіта коўшыкам і толькі адзін раз. Паўтараць нельга. Калі неслі ваду дахаты, то нельга было азірацца, нават калі чуеш за сабою крыкі. Толькі ў такім выпадку вада магла дапамагчы.
Афтальмалогія ў 19-м стагоддзі
У другой палове 19 стагоддзя на тэрыторыі Беларусі хваробы вачэй былі цэлым бедствам. Знахары лячылі сваімі метадамі, а дактары прапаноўвалі свае. Парады дактароў па лячэнні вачэй друкаваліся ў газетах. Так “Могилевские губернские ведомости” ў 1850 годзе пісалі, што самым лепшым лячэннем дактары лічаць наступнае — дзесяць п’явак за вушы, кровапусканне аб’ёмам са шклянку, халодныя кампрэсы на павекі, змазванне цынкавай маззю і прагулкі па зялёных лугах і пасевах.
Ёсць звесткі, што ў сярэдзіне 19 стагоддзя ў амбулаторыях рабілі аперацыі па выдаленні катаракты, але гэты былі адзінкавыя выпадкі. У 1892 годзе на тэрыторыі Мінскай губерніі было толькі дзевяць дактароў-афтальмолагаў. Але гэтая галіна медыцыны стала хутка развівацца. Пастаянныя вочныя пункты ўзніклі ў Гомелі (1894), Бабруйску (1898), Гродне (1899), затым у Дрыбіне, Чавусах ды інш. населеных пунктах.
Ураджэнец вёскі Царкоўны Асавец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні прафесар Ерафей Васільевіч Касценіч з 1884 па 1890 гады ў летнія месяцы бясплатна аказваў медыцынскую дапамогу хворым на вочы ў сябе дома і ў амбулаторыі вёскі Рыжкавічы гэтага ж павета —цяпер на тэрыторыі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
З 1891 года ў маёнтку Выдранка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі функцыянавала спецыялізаваная вочная лячэбніца.
З 1891 па 1893 гады ў ёй амбулаторную дапамогу атрымалі 2 599 чалавек і 498 хворых у стацыянары. Гэта была першая вочная лячэбніца на тэрыторыі Беларусі. Там працавала М. В. Савасцьянава — першая жанчына-прафесійны афтальмолаг.
У 1899 годзе ў Гомелі адчынілася прыватная вочная лячэбніца і ў тым жа годзе вочнае аддзяленне на 4 ложкі было створана пры Мінскай яўрэйскай бальніцы. У 1900 годзе ў мястэчку Даўгінава Вілейскага павета доктар Невядомскі адкрыў прыватную вочную лячэбніцу на 12 ложкаў і сам праводзіў аперацыі. Пачынаючы з 1893 года Апякунствам над сляпымі ў летнія месяцы пасылаліся лятучыя вочныя атрады, якія аказвалі бясплатную дапамогу беднаму насельніцтву. У склад такіх атрадаў уваходзіў доктар, медыцынская сястра і 1–2 мясцовыя работнікі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by