26.07.2018
26.07.2018

Паралельная рэальнасць. Шызафрэнія. Першыя прыкметы і фактары рызыкі

logo
Хваробы ад А да Я
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пачынаецца шызафрэнія, як правіла, у познім падлеткавым ці раннім маладым узросце. Сімптомы могуць развівацца на працягу года і больш.

У некаторых выпадках заўважыць першыя прыкметы хваробы можна за некалькі месяцаў, а то і гадоў, да «дэбюту» шызафрэніі. У гэты перыяд хвароба «дрэмле» і часам досыць невялікага штуршка, каб захворванне выявілася ў поўную сілу.

Эксперт Слушна – загадчыца 27-псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук Марына Скугарэўская.

Прадвеснікі шызафрэніі

Такое захворванне, як шызафрэнія, сустракаецца ва ўсіх супольнасцях, папуляцыях, незалежна ад расы, нацыянальнасці, колеру скуры, культуры або рэгіёну пражывання. Мужчыны пакутуюць ад шызафрэніі часцей і хвароба, як правіла, працякае ў іх у больш цяжкай форме, чым у жанчын.

Хвароба не пачынаецца раптоўна. Ёсць перыяд так званых «прадвеснікаў» – лёгкіх і невыразных праяў.

Зрэшты, нават калі яны ёсць, сказаць адназначна, што гэта шызафрэнія, складана. І гэты перыяд можа цягнуцца на працягу пяці гадоў.

 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Сярэдні ўзрост першых праяў захворвання – 15-25 гадоў. У дзяцей і ў сталым узросце шызафрэнія праяўляецца рэдка. Як правіла, калі да 30-35 гадоў хвароба не праявілася, то ў далейшым яна ўжо не разаўецца.

Першыя прыкметы шызафрэніі:     

  • парушэнне камунікацыі;
  • сыход у сябе, замкнёнасць, імкненне да адзіноты;
  • дзіўныя або незвычайныя інтарэсы, хобі;
  • праблемы з навучаннем ці працай;
  • дзівацтвы ў паводзінах;
  • неадэкватная эмацыйная рэакцыя ў той ці іншай сітуацыі (смех у трагічнай і сумнай сітуацыі);
  • яшчэ не галюцынацыі, але перыядычна пачынае здавацца, што нехта «кліча»;
  • змена мыслення, становіцца складана засяродзіцца, адлучыць адну думку з плыні;
  • «Філасофская інтаксікацыя» (разважанні на адцягненыя тэмы, даволі прымітыўныя, адарваныя ад рэальнасці і няма крытыкі);
  • містычнае мысленне;
  • падазронасць, насцярожанасць, незразумелая трывога;
  • дакучлівыя страхі і думкі;
  • бессонне.
 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Нават спецыялісты, пры наяўнасці розных варыянтаў «прадвеснікаў», не заўсёды бяруцца прагназаваць, ці будзе шызафрэнія. Калі гэты крызісны перыяд пройдзе паспяхова, хвароба можа і не наступіць. Разам з тым, калі ў чалавека ёсць праблемы ў адаптацыі і сацыяльнай камунікацыі, ці родныя заўважаюць, што ў іх блізкага з'явіліся нейкія дзівацтвы, то лепш лішні раз звярнуцца па кансультацыю да псіхіятра. Чым раней заўважаны пачатак хваробы і пачынаецца лячэнне, тым лепш прагноз.

Паводле дадзеных замежных спецыялістаў, 25% хворых на шызафрэнію цалкам вылечваюцца. Прычым, чым пазней пачынаецца захворванне, тым лепш яго вынік.

Звярнуцца па дапамогу можна ў кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя. Тэлефоны для даведкі: +375 (17) 289 80 34, +375 (17) 385 90 27. 

Фактары рызыкі

Навуковых дадзеных пра тое, што захворванне на шызафрэнію сярод насельніцтва залежыць ад месца жыхарства або клімату, няма.

Разам з тым, у гарадах такіх людзей больш, чым у сельскай мясцовасці. І прычына гэтага – хуткі рытм жыцця гарадскіх жыхароў, урбанізацыя і, як вынік, хранічны сацыяльны стрэс

 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Ёсць цікавыя даследаванні, што тычацца мігрантаў, асабліва тых, якія прыязджаюць у краіны з зусім іншым укладам жыцця, дзе большасць мясцовых жыхароў мае іншы колер скуры. Даказана, што ў іх дзяцей рызыка развіцця шызафрэніі значна вышэйшая. І тым яна вышэйшая, чым больш культуральная розніца паміж карэнным насельніцтвам і мігрантамі. Гэта яшчэ раз даказвае, што сацыяльныя фактары іграюць не апошнюю ролю ў развіцці шызафрэніі.

Фактарам рызыкі можа таксама стаць жорсткае абыходжанне ў дзіцячым узросце, гвалт.

А вось пару года да фактараў рызыкі аднесці нельга. Частае меркаванне, што вясной і восенню абвастраюцца ўсе захворванні, не зусім дакладна адносна шызафрэніі. У той жа час, ёсць статыстычныя дадзеныя, што людзі, якія пакутуюць ад шызафрэніі, у нашым паўшар'і часцей нараджаюцца ў зімовыя месяцы або ў пачатку вясны. Хоць выразнага тлумачэння гэтага феномена няма.

Пацыентам з шызафрэніяй вельмі складана разумець эмоцыі іншых людзей, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што яны і самі не могуць іх праявіць: церпіць камунікацыя, узнікаюць цяжкасці ў разуменні гумару ці жартаў, няма здольнасці адчуваць інтанацыі суразмоўцы.

Людзі са здаровай псіхікай лёгка адрозніваюць смутак, злосць ці радасць. Пацыенты з шызафрэніяй іх адрозніць не могуць і вельмі часта расцэньваюць такія праявы эмоцый, як нешта негатыўнае і злое.

 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Пацыентам з шызафрэніяй цяжка ўявіць, што мае на ўвазе пад тымі ці іншымі інтанацыямі, эмоцыямі або двухсэнсоўнымі фразамі яго суразмоўца. Прычым, калі ў зносінах з такім чалавекам члены сям'і празмерна бурна праяўляюць эмоцыі, даюць супярэчлівыя пасылы, рызыка абвастрэння хваробы ўзрастае.

Шызафрэнія. Які прагноз?

Шызафрэнія. Які прагноз?

Шызафрэнія непрадказальная і спрагназаваць яе цячэнне практычна немагчыма.

Чалавек можа пражыць усё жыццё і не падазраваць, што ён хворы, захворванне не праявіцца ў поўную сілу. Для навакольных ён будзе эксцэнтрычнай асобай або проста некамунікабельным суседам.

У іншых выпадках перыяд першых праяў хваробы пройдзе, а захворванне не наступіць. Часам шызафрэнія праяўляецца востра, абмінаючы перыяд прадвеснікаў. Магчымыя і іншыя варыянты развіцця падзей: другі эпізод абвастрэння можа наступіць гадоў праз 10 пасля першага, альбо з кожным днём сімптомы хваробы будуць нарастаць і прагрэсіраваць, а чалавек павольна згасаць.

Пацыенты з шызафрэніяй часта могуць злоўжываць псіхаактыўнымі рэчывамі, алкаголем і наркотыкамі.

Як правіла, вельмі шмат паляць. Зрэшты, не ўсе пацыенты схільныя да развіцця гэтых шкодных звычак, але сярод мужчын гэта сустракаецца часцей, чым сярод жанчын. Акрамя таго, пацыенты з шызафрэніяй часцей здзяйсняюць суіцыды.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».