30.07.2019
30.07.2019

Парэчкі: сціпласць і казачная моц

logo
Карысныя прадукты
0 114
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пераваліла за палавіну, імкліва пакацілася з гары лета. Калі хочаш ухапіць за падол квятастыя дзянькі і паспытаць іх на смак, не спі ў шапку, збірай ягады! Саспела маліна, чарніцы, суніцы, ажыны, вішня, чорная смародзіна – ці, як яшчэ кажуць беларусы, «смурода». А вось чырвоную і белую смародзіну ў нас называюць яшчэ «парэчкамі».

Карысць парэчак для здароўя

Менавіта пра іх, сціплых жыхарак ці не кожнага панадворка і лецішча, павядзецца гаворка. Пачула нядаўна сярдзітае ад гаспадыні: «Парэчка прэ, куды падзець – не знаю! Няхай бы што талковае так расло!»

Закарцела заступіцца за гэтую звыклую ягадку. Бо, як і бывае найчасцей, ганяемся за тым і цэнім больш тое, што менш даступна і даецца цяжэй. Вось, да прыкладу, пакуль чарніц ці журавін назбіраеш – камароў накорміш, можа і кляшчоў нахапаешся па лесе, спіну звярэдзіш у паклонах. Затое – герой, ягад здабыў! А што парэчкі: у куст ля хаты ўбіўся, на зэдлік сеў – і шморгай прыгоршчамі!

Белая парэчка - карысць для здароўя

Між тым, парэчкі надзвычай карысныя і каштоўныя! Белая і чырвоная, што праўда, у некалькі разоў саступаюць чорнай па наяўнасці вітаміну С. Затое больш, чым чорныя, утрымліваюць жалеза, неабходнага для ўтварэння новых крывяных клетак і падтрымкі сасудаў, а таксама калію, што дабратворна ўздзейнічае на сэрца і дапамагае змагацца з ацёкамі.

Дарэчы, белыя парэчкі – альбіносы, па свайму ж складу і вартасцях яны ні ў чым не канкурыруюць з чырвонымі і аднолькава ўздзейнічаюць на сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека. Ані не горш за паважаны і не танны плод граната! А ёду ў парэчках не менш, чым у хурме ці фейхаа – прызнаным лідары сярод раслін свету!

Растуць парэчкі паўсюль на Еўразійскім кантыненце. Ёсць меркаванне, што не проста карыстацца дзікарослымі ягадамі смародзіны, а разводзіць іх у манастырскіх садах на Русі пачалі ажно ў 11-м стагоддзі! Імі харчаваліся, з іх рабілі лекі. У 17 стагоддзі лекары Італіі і Францыі пачынаюць актыўна выкарыстоўваць ягады парэчак для ацалення хворых.

Красная парэчка -карысць да здароўя

Што да версій паходжання назвы «смародзіна», то іх некалькі. Адна сцвярджае, што расліна здабыла яе ў даўнія часы праз моцны сваеасаблівы пах лістоў, «смярдзела». Іншая – што слова «смародзіна» паходзіць ад «самародак» – сам па сабе народжаны, той, што не мае пачатку. А яшчэ мяркуюць, што слова гэтае азначае «чырвоны, вогненны».

Памятаеце раку Смародзіну з казак? Менавіта на ёй збудаваны Калінаў мост, дзе казачны герой сустракаецца і ваюе з Цудам-Юдам. Калі ісці ад значэнняў слова, выходзіць, што Смародзіна – вогнена-чырвоная рака, народжаная сама па сабе, якая не мае ні пачатку, ні канца. У казачным свеце яна аддзяляе свет жывых ад іншасвету, ёсць прастора, дзе Дабро і Зло сустракаюцца ў смяротным паядынку – і Дабро перамагае! І, нібыта, спрадвеку па-над ракой і раслі кусты з дзівоснымі ягадамі – парэчкі, яны ж – смуроды. Напоўненыя не проста вітамінамі – жыццядайнай казачнай сілай.

Праўда ці не – можна гадаць і чытаць казкі. А тым часам вітамінізавацца з дапамогай парэчак.

Знаўцы сцвяржаюць, што порцыя ягад у 200 грамаў здольная кампенсаваць дзённую патрэбу арганізма ў вітамінах і мікраэлементах пры звычайным ладзе жыцця. Пры павышаных фізічных нагрузках альбо частых прастудах рэкамедуецца спажываць да 300 грамаў парэчкі.

Супрацьпаказанні

Безумоўна, ёсць і абмежаванні – асцярожнымі павінны быць людзі з гастрытамі і язвай страўніка.

Астатнія – не наракайце на багаты ўраджай простай, на першы погляд, ягады. Карыстайцеся напоўніцу!

Танная, даступная – але праз гэта не менш каштоўная, чым заморскія, дарагія.

У сезон ешце свежымі, варыце кампоты, а ў зіму замарожвайце, цісніце з ягад сок, варыце джэмы – назапашвайце казачную моц!

Рэцэпты з парэчкі

Я ж падзялюся рэцэптам ягаднага соуса да мяса. Варыла на вёсцы на выходных. Госці елі – ажно насы ўпрысядку скакалі. Пыталі рэцэпта – дзялілася, не скупілася. Падзялюся і з вамі – усё дзеля таго, каб мелі магчымасць таксама праэксперыментаваць і ўпэўніцца, што парэчкі і стравы з іх – цудоўныя.

Соус адразу падаваўся на стол, таму рэцэпт – на спажыванне адразу, а не нарыхтоўка ў зіму.

Соус з парэчкі да мясаРэцэпт ягаднага соуса з парэчкі да мяса

Інгрыдыенты:

На 1,5 літра соку спатрэбіцца вялікая цыбуліна і яблык.

Прыгатаванне:

З ягад белай і чырвонай парэчкі выціснуць сок.

Яблык і цыбуліну таркуем на буйной тарцы, варым у соку з парэчак да гатоўнасці.

Варыва павінна крыху загусцець.

Пры жаданні ў якасці загушчальніка можна дадаць сталовую лыжку крухмалу (у самым канцы варкі).

Дадаем молаты перац – на свой густ, я брала духмяны, соль па смаку і цукру 4 сталовыя лыжкі.

Калі соус гатовы, кідаем часнок (колькасць залежыць ад асабістага густу) і дробна нарэзаны кроп. Таксама на аматара.

Перамешваем і адразу здымаем з пліты. Даем адстыць – соус гатовы.

Смачна есці!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 114

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Карысныя прадукты"