Калі перад навагоднімі святамі вам хочацца патрапіць у сапраўдную казку, то абавязкова завітайце на выстаўку «Калядныя карункі» Валянціны Шобы ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, якая адкрылася днямі.
Кожны твор мастачкі напоўнены таямнічай прыгажосцю і магіяй Раства. Казкі, чараўніцтва, містычная прырода, беларускія арнаменты, антураж – усё знайшло сваё адлюстраванне ў творчасці аўтара. На выстаўцы прадставілі каля 50 графічных работ майстра, большасць якіх напісана сёлета спецыяльна да выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Карціны Валянціны Шобы называюць казачнымі — такія яны загадкавыя і так не падобныя на тое, што бачыш вакол, але сама аўтар падкрэслівае, што ніякай казкі тут няма, усе сюжэты спісаныя з рэальнага жыцця.
Больш за ўсё ўражвае майстэрства творцы аб’ядноўваць мастацкае, міфалагічнае, жыццёвае і нават паўсядзённае ў адным. Свае карціны яна піша нібы шукае штосьці патаемнае ў простых і блізкіх сюжэтах.
Валянціна Шоба ўпэўнена: можна навучыцца маляваць, але быць мастаком — гэта нешта іншае. Яе ўласныя работы на дзіва эмацыйныя, яркія і пазітыўныя. Яна сама не можа назваць стыль, у якім яны выкананыя. Ёсць любімыя колеры, шмат фактуры, святла і нейкага дзіцячага зачаравання. Знаходзячыся побач з творамі мастачкі, ловіш сябе на думцы, што ты нікуды не спяшаешся, а хочаш паразважаць, паглыбіцца ў той свет, які вакол сябе стварыла Валянціна Шоба.
Увогуле творчасць аўтара вяртае нас у стан рамантызму, лёгкага і прыемнага пачуцця. Такое мастацтва можна назваць натхняльным альбо чароўным. Яно, безумоўна, прасякнута філасофскімі сэнсамі і думкамі, але ж адначасова ў ім ёсць тая простасць, якая будзе зразумела нават маленькім гледачам. Гэта не прамалінейнае мастацкае выказванне, гэта чароўнае траткаванне цікавых сэнсаў і гісторый.
Безумоўна, Валянціна Шоба — майстар дэталізацыі. Яе графічныя арнаменты проста ўражваюць сваей тэхнікай выканання. Заўсёды складана нават уявіць, колькі часу аддаецца на стрварэнне такога аднаго твору, колькі ўнутраных сіл і натхнення патрэбна мастаку для такіх моцных і сэнсавых работ.
Асабіста хочацца падзякаваць Нацыянальнаму мастацкаму музею за гэтую выстаўку, арганізаваную якраз напярэдадні навагодніх святаў. Сюды варта завітать, каб проста адчуць цёплы настрой, пазнаеміцца альбо яшчэ раз убачыць казачны свет Валянціны Шобы.
Валянціна Шоба нарадзілася ў Мазыры Гомельскай вобласці. У 1982 годзе скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. У 1989 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), факультэт графікі. Вучылася ў вядомых дзеячаў мастацтваў Беларусі – народнага мастака, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча і прафесара Уладзіміра Пятровіча Савіча. Пачынаючы з 1992 года Валянціна Шоба актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выстаўках, творчых праектах і мастацкіх пленэрах як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.
За час сваёй дзейнасці мастачкай былі падрыхтаваны больш за 30 персанальных выставак, прадстаўленых у многіх гарадах Беларусі, Расіі і Еўропы. Кожны раз, прэзентуючы новы творчы праект, Валянціна Шоба здзіўляе сваім майстэрствам не толькі аматараў, але і мастацтвазнаўцаў. Яе персанальныя выстаўкі заўсёды з’яўляюцца культурнай падзеяй для аматараў мастацтва.
«Нам цікава разам». Тамара і Уладзімір Васюк пра каханне ў жыцці
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by