Site icon Слушна

Пераадоленне сябе. У Чэрвені прайшла 1-я міжрэгіянальная Паралімпіяда

Першая міжрэгіянальная Паралімпіяда прайшла ў Чэрвені

Пранесці ў лыжцы на адлегласць тэнісны мячык, калі дыягназ – ДЦП і інваліднасць 1-й групы... А затым яшчэ і ў шашкі выйграць у трох чалавек... І з дапамогай Вялікага Добрага Сэрца ўзняцца на вышэйшую прыступку самага сапраўднага спартыўнага п’едэстала гонару...

Наўрад ці яны маглі пра такое нават марыць – наведвальнікі аддзяленняў забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці. І ўсё ж гэта сталася рэальнасцю.

Калектыў Чэрвеньскага ТЦСАН разам з іншымі зацікаўленымі ў сацыялізацыі людзей з асаблівасцямі правёў на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Ігумен» сапраўдныя Паралімпійскія гульні! А запросіны на іх атрымалі каманды з трох суседніх раёнаў – Бярэзінскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага.

Спаборніцтвам – старт!

 Усе ўдзельнікі прыехалі ў Чэрвень зараней. І з нецярплівасцю чакалі, калі ж распачнецца мерапрыемства. Але вось ужо яны камандамі пад урачыстую музыку заходзяць у спартыўную залу – такія кранальныя ў сваім старанні ісці строем...

Гучаць сардэчныя словы вітанняў і цёплыя пажаданні ад ганаровых гасцей мерапрыемства, сярод якіх і наша знакамітая зямлячка – ураджэнка г.п.Смілавічы Чэрвеньскага раёна, двойчы пераможца самых сапраўдных Паралімпійскіх гульняў, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Людміла Валчок (інтэрв’ю з ёй будзе змешчана на нашым інфармацыйным партале крыху пазней. Сачыце за публікацыямі!).

У залу ўрачыста выносяць імправізаваны алімпійскі агонь (!). Узнімаецца дзяржаўны сцяг – ёю, Людмілай Валчок, і галоўным суддзёй спаборніцтваў, першым сакратаром Чэрвеньскага РК ГА «БРСМ», вядомым спартсменам Паўлам Клындзюком. Прадстаўляецца судзейская калегія. І... Спаборніцтвам – старт!

Але перш чым пачну сачыць за імі, распытваюся ў ініцыятараў 1-й міжрэгіянальнай (і чаму так цягне напісаць усё ж – міжнароднай?!) Паралімпіяды, адкуль ідэя і чаго яны чакаюць ад сённяшняга мерапрыемства.

 
Людміла Шаркова
Дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
Ідэя – мая асабістая. Калі мы яшчэ летась складалі план работы на 2019-ы год, я прапанавала сваім спецыялістам: «А давайце правядзём Паралімпіяду! Хаця б сярод тых, каго абслугоўваем». На мяне паглядзелі са здзіўленнем, але я настаяла на сваім. І мы ўжо са студзеня пачалі рыхтавацца. І ў працэсе падумалася: «А што ж мы тут будзем самі з сабой спаборнічаць?! Трэба запрасіць хаця б суседзяў, тры раёны». Патэлефанавала аднаму дырэктару, другому, трэцяму. Усе пагадзіліся. Вядома ж, хацелася, каб нашы падапечныя змаглі сапраўды выйсці ў вялікі свет, паказаць свае лепшыя якасці. А яшчэ – прыцягнуць увагу грамадскасці. Каб іх прымалі такімі, якія яны ёсць. І разумелі, што дзесьці ім не заўсёды нават трэба матэрыяльная падтрымка. Добрае слова – вось што важна! А то прыходжу з дачкой у паліклініку і часцяком чую грэблівае: «Вунь, прыйшла ўжо з інвалідам, зараз пойдзе першай». А хочацца, каб навакольныя ставіліся з павагай. Калі прыйшоў інвалід, калі яму трэба пайсці на прыём да ўрача першым – няхай ідзе! А калі хто можа пачакаць, пасядзець у чарзе, дык пачакае...
 
Павел Клындзюк
Майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён свету па жымавым двухбор’і, першы сакратар Чэрвеньскага РК ГА «БРСМ», галоўны суддзя 1-й міжрэгіянальнай Паралімпіяды
У Мінскай вобласці такое мерапрыемства ладзіцца ўпершыню. І вельмі здорава, што людзі, якія пастаянна знаходзяцца не на вачах, каго мы не бачым у горадзе, могуць сёння прадэманстраваць свае лепшыя якасці, спартыўныя дасягненні. Лічу, што іх трэба выводзіць у агульныя залы – спартыўныя і канцэртныя, каб іншыя зразумелі, што яны дастойныя быць сярод нас, побач з намі. Хочацца, каб і спартсмены, і артысты сёння атрымалі шмат пазітыву, воплескаў, захаплення, каб адчулі, што ўсе мы ў роўных умовах. Прымаць каманды з суседніх раёнаў – гэта ганарова для нас. Паглядзім, як пойдзе, зробім высновы... І ў будучым, магчыма, зладзім больш маштабную Паралімпіяду, з запрашэннем большай колькасці раёнаў Мінскай вобласці. Думаю, калі астатнія даведаюцца пра гэтае мерапрыемства, самі папросяцца наступным разам да нас.

Шашкі, мячы, канат... Боча!

З кім бы з прадстаўнікоў каманд – загадчыкаў аддзяленняў забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў – я ні размаўляла, усе дружна зазначалі: пералік відаў спаборніцтваў выклікаў напачатку лёгкі шок.

А гэта – лёгкая атлетыка (бег 30 м, скачкі ў даўжыню з месца, кіданне мяча), камандная эстафета, шашкі, перацягванне каната і... загадкавае боча.

Прызнаюся: гэтую назву таксама пачула ўпершыню. Давялося звярнуцца да разумнага сеціва. І аказалася, што бочА... не трэба блытаць з бочЭ. Бо калі другое – гэта спартыўная гульня на дакладнасць, дык першае – сапраўды паралімпійскі від спорту, які з’яўляецца «адаптаванай гульнёй для людзей з ДЦП і парушэннямі апорна-рухальнага апарату».

Патлумачыць правілы і засвоіць тэрміналогію адразу пасля прачытання не атрымалася. Таму акрэслю проста: мячыкі трэба кідаць-катаць. Не скажу, каб дужа відовішчна... Але карысна для гульцоў, бо развівае іх фізічныя магчымасці.

А ўвогуле, трэба было бачыць, які віраваў азарт, якія раздаваліся дружныя воклічы падбадзёрвання і радасці, калі ў кагосьці атрымлівалася зрабіць самы маленькі скачок, кідок, проста прабегчыся па прамой лініі, калі ногі ну зусім не хочуць слухацца... І гэта была лёгкая атлетыка!

Там, дзе шашкі, усё ціха і спакойна. Толькі суддзя. Старонніх назіральнікаў практычна няма. Шашкі хаця і не шахматы, але таксама вымагаюць пэўнай стратэгіі, тактыкі, абдумвання, а дзесьці нават і хітрасці.

Пакуль перад кожным з ігракоў расце горка шашак – белых ці чорных, мама ўдзельніка каманды са Смалявіччыны дыстанцыйна дужа хвалюецца за сына, тэлефануе загадчыцы аддзялення. Маўляў, ну што там, як?!

– Мама, не перажывайце! – маральна падтрымлівае жанчыну па тэлефоне Святлана Копач. – Ваш Ігар – вялікі разумнік. Ён ва ўсіх у шашкі выйграў! Мы яго ўжо абнялі і пацалавалі!

Чуючы гэты дыялог, хаваюся за аб’ектывам фотаапарата. Бо на вачах – слёзы. Якое ж вялікае сэрца і добрую душу трэба мець, каб вось так ставіцца да чужога сына, проста наведвальніка аддзялення... Ну не па абавязку ж такія адносіны!

...Неяк вельмі хутка адзін від спаборніцтваў змяняе другі. За гэты час нават не паспяваю пагаварыць з усімі, з кім хацела б. Як адрэагавалі на запросіны нашы госці? А што адчуваюць самі ўдзельнікі Паралімпіяды?

 
Наталля Нікалаенка
Загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў Пухавіцкага ТЦСАН
Мы вельмі задаволеныя, што прыехалі сюды. Уражанняў мора, прычым толькі пазітыўных. Усё вельмі добра арганізавана. Дзякуй чэрвеньцам за запросіны! Мы ўжо назапасілі добры настрой і незалежна ад выніку з ім жа і паедзем дахаты.
 
Вячаслаў Угрыновіч
Удзельнік каманды з Пухавіччыны
Тут вельмі-вельмі добра! Новыя людзі, конкурсы... Проста выдатна! Перамагчы, вядома ж, хацелася б... Ці моцная наша каманда? Ну, сярэдняя...

Тым часам распачынаецца, мабыць, адно з самых відовішчных спаборніцтваў – перацягванне каната. І, нягледзячы на яўную перавагу чэрвеньцаў, так бы мовіць, па росту і вазе... Сапернікі таксама стараюцца, упіраюцца, падаюць на падлогу, але не здаюцца... І ўсё гэта праходзіць з та-а-акімі воклічамі! Здаецца, калі б гледачы размяшчаліся бліжэй, дык дапамаглі б не толькі імі!

А я пакуль працягваю цікавіцца ўражаннямі нашых гасцей.

 
Алена Варановіч
Загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН
Для нас гэта таксама значнае мерапрыемства. Прыемна, нечакана. Нашым выхаванцам вельмі падабаецца! Цікава назіраць, як яны стараюцца, як хвалююцца, пераадольваюць сябе. Усё цудоўна арганізавана. Дзякуй гаспадарам!
 
Таццяна Кліменка
Удзельніца каманды з Бярэзіншчыны
Я сама – культработнік па прафесіі, інвалід па зроку. Люблю такія мерапрыемствы, заўсёды адгукаюся на запрашэнні. У Чэрвені бываю даволі часта, і ў вашым тэрытарыяльным цэнтры – таксама. А сёння тут такі напал жарсцяў... Спадзяюся, будзем не апошнімі...

І Чэрвень такі перацягвае па чарзе ўсіх сапернікаў! І ў кожнага з пераможцаў – мора радасці!

 
Генадзь Календа
Удзельнік каманды з Чэрвеньшчыны
Як мне тут? А вельмі цудоўна! Праўда, я не так даўно стаў інвалідам па зроку, таму на такім мерапрыемстве – упершыню. Канат перацягваць было лёгка. Мы ж вясковыя хлопцы! А вось бегаць і скакаць... Ведаеце, без прывычкі нагам цяжкавата.

Канцэрт – падрыхтаваны, міні-дыскатэка – імправізаваная!

Музычныя нумары ад наведвальнікаў і супрацоўнікаў Чэрвеньскага ТЦСАН прыхільна ўспрымаліся гледачамі. А пакуль суддзі падлічвалі балы, прама ў спартыўнай зале ўтварылася цэлая дыскатэка! Калі не памыляюся, яе завадатарам стаў удзельнік каманды са Смалявічаў. І вось такая ўсмешка ўвесь час не сыходзіла з яго вуснаў! Ну проста чалавек-пазітыў!

 

 
Святлана Копач
Загадчыца аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў Смалявіцкага ТЦСАН
Ведаеце, для нас заняткі фізкультурай і спортам – справа даволі звыклая. Нашы выхаванцы нават наведвалі ўласны спартыўны клуб. Ну, можа, спартыўны – гучна сказана, больш фізкультурна-аздараўленчы. Мы з імі ходзім на стадыён, ездзім у басейн у Плісе. Ёсць свой транспарт і магчымасць туды падапечных вазіць. І яны едуць з задавальненнем! Многія нават сёлета навучыліся плаваць. А да гэтага не маглі легчы на ваду. І наш Ігар, які гуляў у шашкі... У яго ДЦП, 1-я група інваліднасці. Алё ён плавае – на выратавальным крузе. І ўсё ж, калі мы атрымалі палажэнне аб правядзенні Паралімпіяды, дык зразумелі, што тут будзе ўсё больш сур’ёзна. І хаця актыўна трэніраваліся... Улічваючы, колькі сур’ёзных фізічных асаблівасцяў і парушэнняў мае кожны з удзельнікаў каманды... На перамогу не спадзяёмся. Але не асабліва і настройвалі сваіх. Патлумачылі: тое, што яны прыехалі сюды, гэта ўжо перамога! А для іх жа цяжка нават было пастроіцца на эстафету. Яны ў нас усе добрыя, усе таленавітыя, але па фізічных магчымасцях... Калі была лёгкая атлетыка, мы нават не глядзелі – так перажывалі і хваляваліся за іх. Але рады, што сюды прыехалі! Вельмі ўражаныя арганізацыяй, цёплым прыёмам. Дзякуем чэрвеньцам за іх гасціннасць і дабрыню!

Хвіліна славы – для ўсіх!

 І вось ён – той урачысты момант, калі многія з удзельнікаў Паралімпіяды могуць узняцца на самы сапраўды спартыўны п’едэстал гонару, атрымаць сумленна заробленыя медалі і дыпломы! Як жа гэта перажывальна – назіраць за іх шчырай, светлай, непасрэднай дзіцячай радасцю!

І зусім неістотна, што адной камандзе не хапіла прыступкі п’едэсталу. Насамрэч тут ніхто не прайграў. Перамаглі – усе! Пераадолеўшы сябе, свае фізічныя асаблівасці, сарамлівасць, боязь стасункаў, страх выехаць за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад дому... Кожны заслужыў сваю асабістую хвіліну славы, медалі за ўдзел і падарункі, гучныя воплескі, воклічы «Брава!», цёплыя словы і фотаздымкі на памяць.

А тром камандам прыемным бонусам за спартыўныя дасягненні сталі памятныя кубкі. Трэцяе месца заваявала каманда са Смалявіцкага раёна (на мой погляд – самыя пазітыўныя!), другое – з Бярэзінскага («Крутыя перцы» – назва каманды!). А перамогу заслужана святкавалі гаспадары-чэрвеньцы. Жоўтыя (у майках такога колеру) – значыць, залатыя!

Віншуем усіх! І кажам шчыра: МА-ЛАЙ-ЦЫ!!!

Exit mobile version