Зямлісты колер твару, лішняя вага, ацёкі не заўсёды з'яўляюцца следствам няправільнага ладу жыцця і шкодных звычак. Часам такімі праявамі дае пра сябе ведаць збой у працы лімфатычнай сістэмы. Да касметычных праблем дадаюцца фізічныя і эмацыянальныя: мучаць галаўны боль і частыя прастуды, не пакідае пачуццё разбітасці і пастаяннай стомленасці.
У гэтым выпадку эфектыўным спосабам прывесці сябе ў тонус служыць курс пнеўмакампрэсійнага масажу. Ён актывізуе лімфаток, пазбаўляе ад негатыўных наступстваў застою лімфы ў арганізме. Па адчуваннях і эфектыўнасці апаратны масаж зусім не саступае ручному, хутчэй наадварот. Пра асаблівасці працэдуры журналіст «Слушна» распыталася ў загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска, урача-рэабілітолага вышэйшай медыцынскай катэгорыі Ганны Селянінавай.
Правілы правядзення пнеўмамасажу
Лімфатычнай сістэме ў арганізме чалавека адведзена важная роля. У лімфоідных органах утвараюцца імунныя клеткі (лімфацыты). Лімфавузлы служаць свайго роду фільтрамі крыві, чысцячы яе ад прадуктаў метабалізму, вірусаў і бактэрый, узбагачаюць імуннымі клеткамі. Лімфа, цыркулюючы па ўсіх органах і сістэмах, забяспечвае перанос бялкоў, электралітаў, гармонаў, ферментаў і іншых рэчываў. Але ў выпадку хваробы хваробатворныя мікраарганізмы і злаякасныя клеткі могуць выкарыстоўваць лімфу ў якасці «транспарту» для перамяшчэння па арганізму.
Пры пэўных хваробах і станах, а таксама з узростам функцыі лімфатычнай сістэмы парушаюцца. У першую чаргу гэта прыводзіць да затрымкі вадкасці ў арганізме (ацёкаў), а таксама да выяўленых функцыянальных і эстэтычных зменаў скуры, падскурнай клятчаткі і ўнутраных органаў.
Паколькі лімфатычная сістэма – складаны орган са сваімі асаблівасцямі, неабходна строга выконваць правілы правядзення працэдуры. У адрозненне ад крывяноснай сістэмы, лімфатычная мае незамкнёны круг звароту, клапанны апарат забяспечвае ток лімфы толькі ў адным кірунку – знізу ўверх. Гэты прынцып важна выканаць пры правядзенні пнеўмакампрэсійнага масажу: паветра пад ціскам па чарзе падаецца ад кісцяў да плячэй, ад ступняў да сцёгнаў.
Тактыльныя адчуванні пры пнеўмамасажы можна параўнаць з ўражаннямі ад сціску на перадплеччы муфты пры вымярэнні артэрыяльнага ціску. Пры апаратным масажы ціск паветра хаця і мяккі, але больш інтэнсіўны, глыбокі, з пэўным інтэрвалам і перыядычнасцю падаецца на розныя ўчасткі цела.
Які б апарат ні выкарыстоўваўся для прэсатэрапіі, сілу ціску паветра, аб'ём і перыядычнасць яго падачы, а таксама працягласць працэдуры і колькасць сеансаў павінен вызначыць фізіятэрапеўт, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцяў і патрэбаў канкрэтнага чалавека, а таксама жаданага эфекту. Бо, нягледзячы на тое, што пнеўмакампрэсійны масаж зараз актыўна выкарыстоўваецца ў індустрыі здароўя і касметалогіі, першапачаткова гэта лячэбная працэдура, накіраваная на актывізацыю працы лімфатычнай сістэмы. Яна ўваходзіць у комплексную тэрапію лячэння шматлікіх паталогій, мае як паказанні да яе правядзення, так і супрацьпаказанні.
Паказанні да правядзення прэсатэрапіі
Як ужо адзначалася, пнеўмакампрэсійны масаж асабліва эфектыўны ў барацьбе з застоем вадкасці ў арганізме. Бачныя паляпшэнні наступаюць ужо пасля першага сеансу. Курс масажу дазваляе не толькі забыцца на ацёкі, але і пазбавіцца ад лішніх сантыметраў без якіх бы там ні было намаганняў з боку чалавека. Адзначаецца паляпшэнне тонусу і эластычнасці скуры, «раствараецца» цэлюліт, знікаюць або становяцца менш прыкметнымі расцяжкі. Дзякуючы гэтаму эфекту пнеўмакампрэсійны масаж карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў дзяўчат і жанчын усіх узростаў.
Што тычыцца прэсамасажу як лячэбнай працэдуры, касметычны эфект ідзе хутчэй бонусам, бо асноўнымі паказаннямі для сеансаў апаратнага масажу з'яўляюцца:
- варыкознае пашырэнне вен;
- посттромбафлебітычны сіндром;
- ішэмічная хвароба ног;
- дыябетычная ангіяпатыя;
- поліартрыты і артрозы;
- атлусценне;
- неўрапатыя і неўралгія;
- сіндром «стомленых» ног;
- хуткая стамляльнасць;
- бяссонніца.
Акрамя таго, пнеўмакампрэсійны масаж пры адсутнасці супрацьпаказанняў – ідэальны спосаб зняць мышачнае напружанне пасля інтэнсіўных трэніровак або цяжкай фізічнай працы.
Да ўсіх плюсаў апаратнага масажу сціснутым паветрам можна дадаць яшчэ і тое, што сама працэдура не патрабуе асаблівай папярэдняй падрыхтоўкі і ніяк не абмяжоўвае чалавека ў звыклым ладзе жыцця. У адрозненне, напрыклад, ад душа Шарко, яна абсалютна бязбольная і не пакідае на целе ніякіх слядоў.
Як правіла, курс пнеўмамасажу, пры якім дасягаецца максімальны эфект, уключае 10 сеансаў працягласцю ад 30 да 60 хвілін. Паўторны курс аптымальна праходзіць не раней, чым праз 2-3 месяцы.
Супрацьпаказанні да пнеўмакампрэсійнага масажу
Наш эксперт Ганна Селянінава папярэджвае, што ў некаторых выпадках пнеўмакампрэсійны масаж прама проціпаказаны, паколькі яго дзеянне можа пагоршыць неспрыяльны стан чалавека альбо прывесці да непажаданых наступстваў.
Да супрацьпаказанняў для правядзення прэсамасажу адносяцца:
- вострая форма альбо абвастрэнне хранічнага трамбозу вен, тромбафлебіту, лімфангіту;
- экзэма, рожыстае запаленне;
- інфекцыйныя захворванні, ліхаманка;
- эпілепсія;
- глаўкома;
- сістэмныя захворванні крыві;
- злаякасныя і дабраякасныя хуткарослыя пухліны;
- захворванні сэрца і сасудаў у стадыі дэкампенсацыі;
- артэрыяльная гіпертэнзія 3-1 ступені;
- парушэнні сардэчнага рытму;
- наяўнасць кардыёстымулятара;
- нырачная і пячоначная недастатковасць;
- мочакаменная хвароба;
- рэзаныя раны мяккіх тканак, свежыя пераломы;
- цяжарнасць.