10.01.2019
10.01.2019

Пнеўмакампрэсійная тэрапія: больш, чым масаж

logo
Здароўе дарослых
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Зямлісты колер твару, лішняя вага, ацёкі не заўсёды з'яўляюцца следствам няправільнага ладу жыцця і шкодных звычак. Часам такімі праявамі дае пра сябе ведаць збой у працы лімфатычнай сістэмы. Да касметычных праблем дадаюцца фізічныя і эмацыянальныя: мучаць галаўны боль і частыя прастуды, не пакідае пачуццё разбітасці і пастаяннай стомленасці.

У гэтым выпадку эфектыўным спосабам прывесці сябе ў тонус служыць курс пнеўмакампрэсійнага масажу. Ён актывізуе лімфаток, пазбаўляе ад негатыўных наступстваў застою лімфы ў арганізме. Па адчуваннях і эфектыўнасці апаратны масаж зусім не саступае ручному, хутчэй наадварот. Пра асаблівасці працэдуры журналіст «Слушна» распыталася ў загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска, урача-рэабілітолага вышэйшай медыцынскай катэгорыі Ганны Селянінавай.

Правілы правядзення пнеўмамасажу

Лімфатычнай сістэме ў арганізме чалавека адведзена важная роля. У лімфоідных органах утвараюцца імунныя клеткі (лімфацыты). Лімфавузлы служаць свайго роду фільтрамі крыві, чысцячы яе ад прадуктаў метабалізму, вірусаў і бактэрый, узбагачаюць імуннымі клеткамі. Лімфа, цыркулюючы па ўсіх органах і сістэмах, забяспечвае перанос бялкоў, электралітаў, гармонаў, ферментаў і іншых рэчываў. Але ў выпадку хваробы хваробатворныя мікраарганізмы і злаякасныя клеткі могуць выкарыстоўваць лімфу ў якасці «транспарту» для перамяшчэння па арганізму.

Правілы правядзення пнеўмамасажу

Пры пэўных хваробах і станах, а таксама з узростам функцыі лімфатычнай сістэмы парушаюцца. У першую чаргу гэта прыводзіць да затрымкі вадкасці ў арганізме (ацёкаў), а таксама да выяўленых функцыянальных і эстэтычных зменаў скуры, падскурнай клятчаткі і ўнутраных органаў.

 
Ганна Селянінава
Загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й ГКБ г.Мінска, урач-рэабілітолаг вышэйшай медыцынскай катэгорыі
Актывізаваць і палепшыць лімфаток дапамагае лімфадрэнажная тэрапія ў выглядзе ручнога масажу. Яшчэ лепей з гэтымі праблемамі спраўляюцца спецыяльныя апараты, якія ўзнаўляюць фізіялагічны гідрастатычны ціск і ствараюць эфект мануальнай лімфадрэнажнай тэрапіі. Прасцей кажучы, замест рук масажнае дзеянне аказвае сціснутае паветра, якое з рознымі часавымі інтэрваламі і рознай ступенню ціску падаецца ў камеры спецыяльнага касцюма, які апранаецца на чалавека.

Паколькі лімфатычная сістэма – складаны орган са сваімі асаблівасцямі, неабходна строга выконваць правілы правядзення працэдуры. У адрозненне ад крывяноснай сістэмы, лімфатычная мае незамкнёны круг звароту, клапанны апарат забяспечвае ток лімфы толькі ў адным кірунку – знізу ўверх. Гэты прынцып важна выканаць пры правядзенні пнеўмакампрэсійнага масажу: паветра пад ціскам па чарзе падаецца ад кісцяў да плячэй, ад ступняў да сцёгнаў.

Тактыльныя адчуванні пры пнеўмамасажы можна параўнаць з ўражаннямі ад сціску на перадплеччы муфты пры вымярэнні артэрыяльнага ціску. Пры апаратным масажы ціск паветра хаця і мяккі, але больш інтэнсіўны, глыбокі, з пэўным інтэрвалам і перыядычнасцю падаецца на розныя ўчасткі цела.

 
Ганна Селянінава
Загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й ГКБ г.Мінска, урач-рэабілітолаг вышэйшай медыцынскай катэгорыі
Існуе два віды прэсатэрапіі: у першым выпадку на чалавека апранаюць суцэльны касцюм, які аддалена нагадвае скафандр. Тады дзеянне аказваецца на ўвесь арганізм. У другім прымяняюцца манжэты для розных частак цела: рук, ног, вобласці жывата. Такому апарату аддаецца большая перавага, паколькі дазваляе праводзіць пнеўмакампрэсійную тэрапію на розных участках цела ў залежнасці ад паказанняў. Бо ўздзеянне на ўвесь арганізм паказана далёка не заўсёды, да таго ж, мае мноства перасцярог.

Які б апарат ні выкарыстоўваўся для прэсатэрапіі, сілу ціску паветра, аб'ём і перыядычнасць яго падачы, а таксама працягласць працэдуры і колькасць сеансаў павінен вызначыць фізіятэрапеўт, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцяў і патрэбаў канкрэтнага чалавека, а таксама жаданага эфекту. Бо, нягледзячы на тое, што пнеўмакампрэсійны масаж зараз актыўна выкарыстоўваецца ў індустрыі здароўя і касметалогіі, першапачаткова гэта лячэбная працэдура, накіраваная на актывізацыю працы лімфатычнай сістэмы. Яна ўваходзіць у комплексную тэрапію лячэння шматлікіх паталогій, мае як паказанні да яе правядзення, так і супрацьпаказанні.

Паказанні да правядзення прэсатэрапіі

Паказанні да правядзення прэсатэрапіі

Як ужо адзначалася, пнеўмакампрэсійны масаж асабліва эфектыўны ў барацьбе з застоем вадкасці ў арганізме. Бачныя паляпшэнні наступаюць ужо пасля першага сеансу. Курс масажу дазваляе не толькі забыцца на ацёкі, але і пазбавіцца ад лішніх сантыметраў без якіх бы там ні было намаганняў з боку чалавека. Адзначаецца паляпшэнне тонусу і эластычнасці скуры, «раствараецца» цэлюліт, знікаюць або становяцца менш прыкметнымі расцяжкі. Дзякуючы гэтаму эфекту пнеўмакампрэсійны масаж карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў дзяўчат і жанчын усіх узростаў.

Што тычыцца прэсамасажу як лячэбнай працэдуры, касметычны эфект ідзе хутчэй бонусам, бо асноўнымі паказаннямі для сеансаў апаратнага масажу з'яўляюцца:

  • варыкознае пашырэнне вен;
  • посттромбафлебітычны сіндром;
  • ішэмічная хвароба ног;
  • дыябетычная ангіяпатыя;
  • поліартрыты і артрозы;
  • атлусценне;
  • неўрапатыя і неўралгія;
  • сіндром «стомленых» ног;
  • хуткая стамляльнасць;
  • бяссонніца.

Акрамя таго, пнеўмакампрэсійны масаж пры адсутнасці супрацьпаказанняў – ідэальны спосаб зняць мышачнае напружанне пасля інтэнсіўных трэніровак або цяжкай фізічнай працы.

 
Ганна Селянінава
Загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й ГКБ г.Мінска, урач-рэабілітолаг вышэйшай медыцынскай катэгорыі
Дзякуючы прэсамасажу паляпшаецца кровазварот, трофіка тканак, павялічваецца колькасць функцыянальна актыўных капіляраў і хуткасць крывацёку ў іх, паскараецца працэс вывядзення таксінаў з арганізма, знікаюць застойныя з'явы ў тканках... Акрамя таго, калі казаць простай мовай, механічнае ўздзеянне сціснутым паветрам трэніруе і загартоўвае нервовую сістэму. У цэлым эфект ад курсу пнеўмакампрэсійнага масажу выяўляецца ў тым, што чалавек адчувае лёгкасць у целе, прыліў сіл, у яго паляпшаецца самаадчуванне, знешні выгляд, а значыць і настрой, знікаюць праблемы са сном, павялічваецца працаздольнасць.

Да ўсіх плюсаў апаратнага масажу сціснутым паветрам можна дадаць яшчэ і тое, што сама працэдура не патрабуе асаблівай папярэдняй падрыхтоўкі і ніяк не абмяжоўвае чалавека ў звыклым ладзе жыцця. У адрозненне, напрыклад, ад душа Шарко, яна абсалютна бязбольная і не пакідае на целе ніякіх слядоў.

Як правіла, курс пнеўмамасажу, пры якім дасягаецца максімальны эфект, уключае 10 сеансаў працягласцю ад 30 да 60 хвілін. Паўторны курс аптымальна праходзіць не раней, чым праз 2-3 месяцы.

Супрацьпаказанні да пнеўмакампрэсійнага масажу

Наш эксперт Ганна Селянінава папярэджвае, што ў некаторых выпадках пнеўмакампрэсійны масаж прама проціпаказаны, паколькі яго дзеянне можа пагоршыць неспрыяльны стан чалавека альбо прывесці да непажаданых наступстваў.

Да супрацьпаказанняў для правядзення прэсамасажу адносяцца:

  • вострая форма альбо абвастрэнне хранічнага трамбозу вен, тромбафлебіту, лімфангіту;
  • экзэма, рожыстае запаленне;
  • інфекцыйныя захворванні, ліхаманка;
  • эпілепсія;
  • глаўкома;
  • сістэмныя захворванні крыві;
  • злаякасныя і дабраякасныя хуткарослыя пухліны;
  • захворванні сэрца і сасудаў у стадыі дэкампенсацыі;
  • артэрыяльная гіпертэнзія 3-1 ступені;
  • парушэнні сардэчнага рытму;
  • наяўнасць кардыёстымулятара;
  • нырачная і пячоначная недастатковасць;
  • мочакаменная хвароба;
  • рэзаныя раны мяккіх тканак, свежыя пераломы;
  • цяжарнасць.
 
Ганна Селянінава
Загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й ГКБ г.Мінска, урач-рэабілітолаг вышэйшай медыцынскай катэгорыі
Абавязкова пракансультуйцеся ў рэабілітолага перад тым, як самастойна прызначыць сабе курс пнеўмакампрэсійнага масажу, і выконвайце ўсе яго рэкамендацыі. Толькі ў такім выпадку вы атрымаеце сапраўды цудоўны вынік, які не толькі дазволіць вам добра выглядаць, але і добра сябе адчуваць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».