16.05.2017
16.05.2017

Памятаць усё! Каб палепшыць памяць, мозг трэба трэніраваць і правільна «карміць»

logo
Здаровы лад жыцця
0 502
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прапісныя ісціны, вядомыя ўсім: каб як мага даўжэй заставацца ў форме, трэба правільна харчавацца і рэгулярна балаваць сваё цела фізічнымі практыкаваннямі. Хаця б ранішняй гімнастыкай. Але ж тое ж самае тычыцца і мозгу чалавека. Як ні круці, але з гадамі ён губляе «тонус». Як правіла, гэтая непрыемная ўласцівасць выяўляе сябе ў самым відавочным: чым больш старэйшы чалавек, тым больш падводзіць памяць.

Аднак не ўсё так безнадзейна. Мозг чалавека валодае так званай нейрапластычнасцю – здольнасцю адаптавацца і змяняцца ў любым узросце. Жадаючы захаваць ясны розум і цвярозую памяць, грэх гэтай здольнасцю не скарыстацца. Пры правільнай стымуляцыі ў мозгу ўтвараюцца новыя і змяняюцца існуючыя нервовыя шляхі. Менавіта гэта дапамагае развіваць памяць і значна лепш засвойваць новую інфармацыю нават у самым сталым узросце.

Як правільна трэніраваць і сілкаваць мозг, каб надоўга захаваць яго вастрыню і жывасць, Здаровым людзям распавяла Марына Тукала.

 
Марына Тукала
Урач-неўролаг 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння

5 крыніц здароўя мозгу

1. Правільнае харчаванне – шлях да разумовага даўгалецця

  • Дастатковая колькасць Амега-3. Класік англійскага гумару Пелам Грэнвіл Вудхаус нездарма надзяліў свайго персанажа Джыўса (са знакамітых на ўвесь свет прыгод недарэкі Вустэра) фенаменальнымі разумовымі здольнасцямі: той еў рыбу ў велізарнай колькасці. Менавіта рыба з'яўляецца багатай крыніцай поліненасычаных тлустых кіслот Амега-3. Больш за ўсё іх у ласосі, фарэлі, тунцы, скумбрыі, палтусе, сардзінах, селядцы. Адной з уласцівасцяў Амега-3 выступае яе здольнасць значна змяншаць рызыку развіцця хваробы Альцгеймера. Амега-3 таксама ўтрымліваецца ў грэцкіх арэхах, ільняным алеі, насенні гарбуза і соевых бабах. Гэтыя прадукты трэба ўключаць у рацыён, каб падоўжыць маладосць мозгу
  • Абмежаванне насычаных тлушчаў. З узростам трэба абмежаваць (але не адмовіцца зусім!) ужыванне мяса, неразведзенага малака, сметанковага масла, сыру, смятаны, марожанага. Празмернае захапленне гэтымі прадуктамі можа прывесці да развіцця атэрасклерозу і зніжэння памяці, ажно да дэменцыі (прыдуркаватасці).
  • Упор на рэсвератрол. Гэта адзін з самых магутных антыаксідантаў. Ён уздзейнічае на арганізм чалавека ў 50 разоў больш актыўна, чым вітамін Е, і ў 20 разоў – чым вітамін С. Даказана, што пад уплывам рэсвератролу аднаўляюцца нервовыя сувязі паміж нейронамі, павялічваецца прыток крыві ў мозг, што зніжае верагоднасць хваробы Альцгеймера. Каб атрымліваць гэты ўнікальны антыаксідант, трэба піць вінаградны і журавінавы сок, налягаць на свежы вінаград, ягады і арэхі.
  • Складаныя вугляводы. Для мозгу яны такое ж паліва, як бензін для аўтамабіля. Каб памяць не падводзіла, варта ўключыць у свой рацыён суцэльназерневы хлеб, карычневы рыс, аўсянку, сачавіцу і бабы.
  • Вада. Мозг чалавека на 80% складаецца з вады. Лагічна выказаць здагадку, што абязводжванне дзейнічае на яго пагібельна. Для паляпшэння работы мозгу трэба выпіваць хоць бы 5 шклянак чыстай вады на працягу дня. Акрамя таго, варта адмовіцца ці хаця б абмежаваць да мінімуму ўжыванне салодкіх сокаў, газіроўкі, кавы і энергетычных напояў – яны, наадварот, выводзяць ваду з арганізма.

2. Трэніруем цела – трэніруем мозг

Памяць як мышачная сіла, патрабуе, каб яе трэніравалі. Трэба ўзварушваць яе час ад часу! Чым больш прымушаць памяць працаваць, тым лепей мы зможам запамінаць.

Трэніраваць сваю памяць – значыць парушаць яе звыклыя межы, даваць ёй незвычайныя новыя заданні, каб мозг выкарыстоўваў і развіваў новыя шляхі. Практыкаваннямі для памяці можа служыць усё, што заўгодна: ад пашырэння далягляду ў галіне батанікі да вывучэння замежных моў і запамінання складаных матэматычных формул.

Між іншым, вучоныя з Эдынбургскага ўніверсітэта ў Шатландыі выявілі, што вывучэнне любой замежнай мовы вельмі станоўча ўплывае на пазнавальную функцыю мозгу і аддаляе развіццё старэчай прыдуркаватасці, нават у тым выпадку, калі мову пачынаюць вывучаць у сталым узросце. Даследчыкі даказалі, што двухмоўе, у якім бы ўзросце ні вывучалася мова, можа запаволіць старэнне мозгу. Калі ў білінгвістаў і была дэменцыя, дык надыходзіла яна на 5 гадоў пазней, чым у тых, хто валодаў толькі адной мовай. Веданне трох і больш моў, запэўніваюць шатландскія вучоныя, яшчэ больш станоўча ўздзейнічае на інтэлект. Білінгвісты, па-за залежнасці ад узросту, больш крэатыўныя і арганізаваныя, лепей спраўляюцца са складанымі задачамі.

Таксама эфектыўным практыкаваннем для трэніроўкі мозгу з'яўляецца развіццё асацыяцый і прымяненне мнемонікі (ад стар.-грэч. - «мастацтва запамінання», тэхніка для запамінання невядомых слоў і паняццяў шляхам утварэння асацыяцый са знаёмымі і зразумелымі аб'ектамі).

3. Спорт і здаровы сон паляпшаюць памяць

І тое, і другое мае аднолькава важнае значэнне для бездакорнай працы мозгу.

Так, міжнародная група даследчыкаў, правёўшы доследы на мышах, выявіла механізм уплыву фізічных практыкаванняў на працу мозгу. Справа ў тым, што пры трэніроўцы мышцы выпрацоўваюць бялок катэпсін В, які паляпшае памяць і спрыяе ўзнаўленню клетак мозгу ў гіпакампе (зоне мозгу, якая адказвае за навучанне і памяць). Аналагічныя высновы вучоныя зрабілі таксама пасля даследаванняў, праведзеных ужо з удзелам людзей. З чаго вынікае, што пры трэніроўцы цела адначасова трэніруецца мозг, а з ім і памяць.

Таксама на памяць дабратворна ўплывае паўнавартасны здаровы сон. Яго недахоп негатыўна адбіваецца на творчасці, здольнасці вырашаць задачы, зніжае навыкі крытычнага мыслення. Як вядома, падчас сну адбываецца апрацоўка інфармацыі, якая паступіла на працягу дня. Не важна, вучыцеся вы ці працуеце, дэфіцыт сну парушае гэтыя працэсы.

4. Стрэс мой – вораг мой

Пры стрэсах утвараецца асабліва шмат вольных радыкалаў, якія выклікаюць пашкоджанне і гібель нейронаў у галіне гіпакампу. Адпаведна, стрэсы і нервовыя нагрузкі – лютыя ворагі добрай памяці.

5. Музыка для душы і памяці

Бясспрэчным з'яўляецца той факт, што класічная музыка, асабліва творы Моцарта, Баха, Бетховена, Бізэ, Вагнера, Чайкоўскага спрыяльна ўздзейнічае на здароўе чалавека і спрыяе паляпшэнню памяці. Як гаворыцца, сумясціце прыемнае з карысным: слухайце добрую музыку і ўмацоўвайце свой мозг.

Як бачыце, няма нічога складанага ў тым, каб даць свайму мозгу неабходнае для яго бездакорнай працы і актыўнасці на працягу ўсяго жыцця. Галоўнае, не дазваляць ленавацца ні яму, ні сабе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 502

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"